5 кастрычніка дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі нанава благаславіў адноўленую капліцы ў вёсцы Паляны, што на тэрыторыі парафіі святога Міхала Арханёла ў Ашмянах.
Капліца была пабудавана ў 1819 годзе дзякуючы фундацыі мясцовага пана Амброзія Янкоўскага на могілках у паўночнай частцы вёскі.
Ініцыятарам аднаўлення сакральнага будынка стаў дэкан Ашмянскі кс. канонік Ян Пузына, пробашч парафіі, да якой адносяцца Паляны.
Як паведамляе партал Grodnensis.by, пяць гадоў таму спецыялісты ацанілі тэхнічны стан будынка і зрабілі праект замены падмурку. Рэстаўрацыйныя працы паводле праекту польскіх спецыялістаў адбываліся пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча. Пад кіраўніцтвам вопытных рэстаўратараў з суседняй краіны мясцовыя майстры выканалі складаныя працы па аднаўленні двухсотгадовай капліцы.
Намаганнямі многіх неабыякавых людзей помніку архітэктуры была вернута першапачатковая прыгажосць і ён зноў стаў годным месцам малітвы.
Паводле першаўзору быў таксама адноўлены алтар, у цэнтры якога знаходзіцца абраз святой Ганны, маці Найсвяцейшай Панны Марыі.
Благаслаўленне адноўленай капліцы на могілках адбылося падчас святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Юзаф Станеўскі з удзелам шматлікіх святароў і вернікаў. Усе яны маліліся за тых, хто духоўна і матэрыяльна прычыніўся да пачэснай справы.
Іерарх падзякаваў ініцыятару аднаўлення капліцы кс. Яну Пузыну, які разам са сваімі вернікамі паклапаціўся пра тое, каб уратаваць і адрадзіць святыню, а таксама ўсім людзям добрай волі, якія так ці інакш гэтаму паспрыялі.
Сёння драўляная капліца на каменным падмурку, якая знаходзіцца ў навышэйшым пункце палянскіх могілак, у іх цэнтральнай частцы, зноў ззяе стрыманым і велічным хараством.
Адноўленая святыня сведчыць, што памяць пра папярэднія пакаленні вернікаў жыве ў сэрцах католікаў ашмянскай зямлі.