Пошук

30.09.2019 10:17   Тэкст: кс. Францішак Рудзь / Catholic.by

27 верасня ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі прайшла малітоўная сустрэча Мінскага катэдральнага капітулу. Яна адбылася напярэдадні свята святых Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала.

Мінскі катэдральны капітул быў заснаваны 14 студзеня 2017 г. Кангрэгацыяй па справах духавенства і атрымаў назву ў гонар св. Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай. Арханёл Міхал таксама з’яўляецца заступнікам Мінска-Магілёўскай касцёльнай правінцыі — усяго Касцёла ў Беларусі.

У функцыі членаў капітулу ўваходзіць выкананне ўскладзеных біскупам абавязкаў у сферы духоўнага выхавання вернікаў, развіцця сацыяльных праектаў, удзелу ў канферэнцыях і сімпозіумах па гісторыі хрысціянскага Касцёла.

Таму для іх асабліва важнае свята ў гонар Арханёла Міхала. Яго вобраз нагадвае кожнаму святару пра паняцці абавязку, гонару, гатоўнасць у хвіліну спакусы стаць на абарону духоўных каштоўнасцяў.

Дзеі Арханёла Міхала, апісаныя ў Старым і Новым Запаветах, сталі прыкладам для многіх пакаленняў вернікаў. Арханёлы аб’яўляюць людзям Божую волю. У перакладзе з габрэйскай мовы «арханёл» азначае «старэйшы пасланнік», Міхал — «Хто ж як Бог», што стала дэвізам пастырскага служэння арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, якога25 ліпеня 1989 г. папа Ян Павел ІІ прызначыў Апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі. Біскупскую сакру, якая адбылася 20 кастрычніка 1989 г. у базыліцы св. Пятра ў Рыме, таксама ўдзяліў яму Ян Павел ІІ. 

Арханёл Міхаіл заваяваў права быць першым сярод анёлаў. Ён перамог Люцыфера, які выступіў супраць Бога. Люцыфер прапаноўваў шматлікім анёлам пайсці за ім. Некаторыя з іх пагадзіліся. Зараз яны называюцца дэманамі. Міхал адмовіўся ад прапановы і ўзначаліў сілы, якія абаранялі створаны Богам светапарадак. Ён стаў нябесным заступнікам войска тых, хто пакліканы ў хвіліну небяспекі не спалохацца і прыйсці з дапамогай да патрабуючых.

Члены Мінскага катэдральнага капітулу вядуць актыўную дзейнасць у галіне катэхізацыі і ў даследаваннях гісторыі Каталіцкага Касцёла.

З іх удзелам праводзяцца экуменічныя праекты, экскурсіі і лекцыі на рэлігійныя тэмы, яны арганізуюць шматлікія выставы.

Члены капітулу ганарацца сваім вялікім заступнікам Арханёлам Міхалам і моляцца за першага біскупа Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча, які распачаў новы этап у сучаснай гісторыі Касцёла на нашай зямлі, у юбілей 30-годдзя яго прызначэння.

Абноўлена 30.09.2019 12:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця