Пошук

13.09.2019 10:29   Тэкст: Анастасія Грышан, Ян Корабаў / Фота: Ніна Бабіч, Юля Ахрамовіч / Catholic.by

12 верасня ў мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі прайшла адпустовая ўрачыстасць тытулу касцёла. Падчас святой Імшы, якую цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, сужэнцы парафіі аднавілі шлюбную прысягу.

Традыцыйна ва ўрачыстай Эўхарыстыі бралі ўдзел сужэнскія пары, якія ў мінулым годзе ў гэтым касцёле заключылі сакрамэнт сужэнства.

Падчас святой Імшы маладыя пары, а таксама пары, якія адзначаюць у гэтым годзе юбілей сужэнскага жыцця, аднавілі сужэнскую прысягу, узгадаўшы, што яны абяцалі адно аднаму перад алтаром Пана ў дзень шлюбу.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу, што Касцёл адзначае толькі два ўспаміны імён: Імя Езуса, якое Касцёл успамінае 3 снежня, і Імя Марыі — 12 верасня.

Іерарх нагадаў, што свята Імя Марыі было ўстаноўлена ў памяць аб перамозе караля Яна Сабескага пад Венай над туркамі ў 1683 г. Тады перад бітвай кароль загадаў на вайсковых штандарах напісаць Імя Марыі, тым самым даверыўшы лёс хрысціянства ў Яе рукі.

І гэта, дадаў арцыбіскуп, вельмі сімвалічна: заснавальнікам хрысціянства з’яўляецца Хрыстус, але Яго нарадзіла Марыя.

Гэты дзень, па словах іерарха, — дзень імянін Марыі: Маці Збаўцы і нашай духоўнай Маці.

Успамін Імені Марыі, адзначыў ён, нагадвае аб тых прывілеях, якія Яна атрымала ад Бога, і аб ласках, якія мы атрымалі ад Яго дзякуючы Яе заступніцтву.

Сужэнствы, якія заключылі шлюб у мінскай катэдры ў мінулым годзе, традыцыйна збіраюцца ў гэтае свята, каб падзякаваць Богу за сумесна пражыты час, аднавіць сужэнскія абяцанні і прасіць благаслаўлення на будучае сумеснае жыццё. Гэта, падкрэсліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, вельмі добрая практыка, асабліва ў наш час, калі сям’я знаходзіцца ў крызісе.

«Сёння, калі свет напоўнены рознымі праблемамі і выклікамі, нам неабходна быць людзьмі моцнай веры, такімі, як Марыя. Неабходна Яе позіркам глядзець на праблемы сучаснасці, каб з Божай дапамогай іх перамагаць.

Яе вера і згода з Божай воляй далі пачатак практычнай рэалізацыі Божага плану збаўлення чалавецтва. Падобна і мы, калі будзем браць з Яе прыклад, зможам жыць паводле Божай волі і перамагаць зло», — сказаў іерарх.

Ён павіншаваў усіх, хто носіць імя Марыі ці Мар’ян, і пажадаў сем’ям і ўсім прысутным браць прыклад з Марыі і з моцнай верай змагацца з праблемамі сучаснасці.

У абрадзе прынясення дароў парафіяне дзякавалі Богу за дзяцей, моладзь, за ўсе сем’і і рухі парафіі, за захаванне веры ў цяжкія часы пераследу, за ўсе радасныя і цяжкія моманты нашага жыцця.

Як вядома, у парафіі шмат вернікаў, таму парафіяльная моладзь з нагоды ўрачыстасці тытулу касцёла прапанавала правесці фэст, каб усе, хто наведвае прыгожую катэдральную святыню, маглі бліжэй пазнаёміцца адно з адным і адчулі сябе адной вялікай духоўнай сям’ёй. Акрамя таго, парафіяльны адпуст — цудоўная магчымасць правесці час разам.

Пасля Імшы ўсе прысутныя былі запрошаны на пачастунак, падчас якога былі арганізаваныя розныя конкурсы.

«Цвіком праграмы» стаў кулінарны конкурс, у якім узялі ўдзел дванаццаць парафіянаў. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі падарункі.

Таксама адбыліся конкурсы на веданне гісторыі Касцёла ў Беларусі, гісторыі катэдры, Катэхізіса і Святога Пісання. За правільны адказ па кожнай з тэм пераможцы атрымлівалі значкі ў выглядзе рыбак, якія да фэсту падрыхтавала моладзь.

Для таго, каб бацькі маглі адпачыць, быў арганізаваны дзіцячы куток, дзе з дзецьмі займаліся аніматары. Малыя з радасцю малявалі, танчылі і знаёміліся паміж сабою.

Парафіяльная ўрачыстасць стала нагодаю асабліва ўзнесці хвалу Богу за атрыманыя ласкі, падзякаваць святарам, якія суправаджаюць сваіх парафіянаў, а таксама адчуць, што Касцёл — гэта супольнасць.

Абноўлена 13.09.2019 12:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.