Пошук

08.09.2019 08:44   Тэкст: Аксана Бровач / Фота: Надзея Гарох / Catholic.by

6 верасня ў межах святкавання 1000-годдзя горада Брэста біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка благаславіў новазбудаваную святыню ў брэсцкім мікрараёне Рэчыца.

«Сёння, калі горад святкуе круглую дату, мы дзякуем Богу за тое, што ў гэтым горадзе, у гэтым мікрараёне знайшлося месца для каталіцкай святыні», — узнёс падзяку Пану біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які ўзначаліў абрад благаслаўлення новазбудаванай святыні.

Іерарх нагадаў, што два гады таму гарадскія ўлады выдзелілі парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце ўчастак зямлі пад будову касцёла. Дзякуючы намаганням вернікаў гэтай каталіцкай супольнасці пад душпастырскай апекай ксяндза Юрыя Хіневіча, пробашча суседняй парафіі Узвышэння Святога Крыжа, пры дапамозе паўсюднага Касцёла была ўзнесена гэтая святыня.

На пачатку абрада біскуп Антоні Дзям’янка благаславіў крыж на вежы касцёла і сімвалічным ключом адчыніў дзверы святыні. Усярэдзіне іерарх благаславіў сцены сакральнага будынку, алтар і табернакулюм, у якім адгэтуль будзе захоўвацца Найсвяцейшы Сакрамэнт.

У прамоўленай гаміліі іерарх нагадаў пра важнейшыя для вернікаў сакрамэнты і падзеі, якія будуць адбывацца ў новым касцёле. Пра хрост, канфірмацыю, споведзь, сужэнства…

«Шчаслівы той горад, той мікрараён, дзе ёсць касцёл, святар, дзе можна паспавядацца.

Я жадаю, каб тыя, хто прыходзяць сюды, атрымалі палёгку, каб адноўленыя выходзілі ў гэты свет і выконвалі сумленна сваю місію.

Дзякуем Богу за гэты касцёл. Грошы на яго не былі выдзеленыя з дзяржаўнага бюджэта, і яго не збудаваў фундатар. Але збудавалі вы, вы дзесяціну давалі.

Не міліянеры, не багатыя будуюць касцёлы, а веруючыя. Не для кагосьці, а для сябе», — зазначыў біскуп Антоні.

Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі шматлікія святары Пінскай дыяцэзіі, студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, прадстаўнікі грэка-каталіцкай супольнасці. Свята з парафіянамі з Рэчыцы раздзялілі таксама прадстаўнікі мясцовай улады і дыпламатычных місій у Брэсце. Духавенства і ганаровыя госці засведчылі факт благаслаўлення новага касцёла і паставілі подпісы пад адпаведным актам, скіраваным да будучых пакаленняў.

«Ад імя нашай парафіяльнай супольнасці хочам падзякаваць біскупу Антонію за тое, што вы прыехалі да нас і асвяцілі гэты будынак, які цяпер стаў касцёлам», — напрыканцы святой Імшы звярнуліся да біскупа Антонія Дзям’янкi парафіяне.

У міжваенныя гады ў Брэсце існаваў касцёл Сэрца Езуса, але савецкія ўлады яго зачынілі.

Цяпер у будынку забранай святыні месціцца Дом культуры чыгуначнікаў.

Абноўлена 09.09.2019 15:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.