Пошук

23.08.2019 16:09   Тэкст і фота: Паліна Івашкевіч / Catholic.by

22 жніўня ў капліцы св. Войцеха ў вёсцы Вялікая Страча (парафія св. Мікалая, біскупа, у Свіры) адбыўся фэст Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы. Ён штогод праходзіць тут з таго часу, як вернікі ўсталявалі перад капліцай фігуру Багародзіцы, якую Касцёл ушаноўвае як Каралеву.

Цэлебрацыю святочнай Імшы ўзначаліў кс. Павел Гардзейчык з Кемелішак. Канцэлебравалі Эўхарыстыю кс. Міхал Бубен са Свіры, кс. Антон Казлоўскі з Вішнева і кс. Анатоль Захарэўскі з Міхалішак.

У гаміліі кс. Павел Гардзейчык прапанаваў кожнаму з прысутных падумаць пра асабістыя адносіны з Найсвяцейшай Паннай Марыяй.

«Мы заўсёды звяртаемся ў малітве да нашых святых заступнікаў, просячы шматлікіх Божых ласкаў, але як часта мы звяртаемся да Марыі? — задаў пытанне святар. — Наша нябесная Маці часам застаецца нібы ўбаку. Але Яна, поўная любові да кожнага з нас, чакае нашай малітвы, нашай размовы з Ёю. Прагне засцерагчы кожнае сваё дзіця ад нападкаў злога і прывесці да свайго Сына».

Асаблівую ўвагу святар звярнуў на ружанцовую малітву. «Так, малітва — гэта высілак, але ён сапраўды варты сваіх плёнаў, — адзначыў ён. — Усе мы з лёгкасцю можам глядзець кіно да позняй ночы, але ці кожны з нас зможа вытрываць увесь гэты час на малітве?» Хоць, дадаў кс. Павел, мы не маем абавязку маліцца на ружанцы штодня, але Маці Божая ў Фаціме заклікае кожнага з нас да гэтай малітвы.

Таксама святар заахвоціў памятаць, што няма ніводнай праблемы, якой нельга было б вырашыць з дапамогай Ружанца.

Напрыканцы Імшы парафіяне зрабілі падарунак вікарыю парафіі ў Свіры кс. Міхалу Бубену — абяцанне малітоўнай апекі, якую здзяйсняе апостальскі рух «Маргарытка», штодзённа молячыся за канкрэтнага святара або законную сястру.

Штодня ахінаючы гэтага святара сваёй малітвай, вернікі будуць у адзінстве выпрошваць патрэбныя ласкі для яго.

На заканчэнне фэсту адбылася эўхарыстычная працэсія, а затым прысутным было ўдзелена благаслаўленне. Таксама кс. Міхал Бубен пачаставаў кожнага жменькай цукерак, каб гэтае свята магло стаць яшчэ больш радасным для вернікаў.

Абноўлена 24.08.2019 08:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця