Пошук

22.08.2019 11:42   Тэкст і фота: Кс. Юрый Санько / Catholic.by

Сёлета вернікі мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ўрачыста адзначылі 155-годдзе асвячэння сваёй святыні. Між тым у касцёле не спыняюцца рамонтныя працы.

Залатагорская парафія — найстарэйшая каталіцкая супольнасць у сталіцы, але, як кажа яе пробашч кс. канонік Юрый Санько, вельмі маладая духам. У сценах святыні вернікі збіраюцца не толькі на малітву: у касцёле на Залатой Горцы віруе жыццё.

У класе, які знаходзіцца ў старадаўняй крыпце-пахавальні пад касцёлам, праводзяцца заняткі па катэхезе, якія цяпер наведваюць каля 150 дзяцей. Тут жа праходзяць сустрэчы групы па вывучэнні Святога Пісання.

Ужо два гады пры парафіі дзейнічае студыя выяўленчага мастацтва «Крылы натхнення» і двойчы на год ладзяцца выставы твораў яе ўдзельнікаў.

У залатагорскім касцёле таксама рэгулярна збіраюцца аматары духоўнай музыкі і спеваў

Фестывалі «Залатагорская ліра» і «Калядныя вечары на Залатой Горцы», якія арганізуе музыкант, кампазітар і музыказнаўца Віктар Кісцень, а таксама канцэрты арганнай музыкі, якія праходзяць бясплатна, збіраюць вялікую колькасць слухачоў.

Фота: poplavskaja.by

У апошнія гады ў касцёле няспынна ідуць рамонтныя работы, распачатыя яшчэ папярэднім пробашчам, а сёння біскупам Юрыем Касабуцкім.

Пасля завяршэння аднаўлення фасаду ў 2015 годзе быў заменены дах, што спыніла разбурэнне нясучых канструкцый святыні, пабудаванай больш за паўтара стагоддзя таму.

Мінулым летам былі пафарбаваны сцены ўсярэдзіне. Гэтыя працы праводзіліся дзякуючы добраахвотным ахвяраванням.

Цяпер у касцёле на Залатой Горцы аднаўляюць падлогу з паркету і лаўкі.

Усё гэта робіцца для таго, каб святыня, дом Божы, стала больш утульнай для людзей.

Кожны можа прычыніцца да гэтай высакароднай справы, пералічыўшы ахвяраванне на рахунак парафіі:

Р/р BY27BLBB30150100153120001001 у адзяленні № 527 г. Мінск ААТ «Белінвестбанк» УНП 100153120

Вернікі парафіі на чале з пробашчам няспынна моляцца за ахвярадаўцаў. Аддзяч, Божа!

Абноўлена 22.08.2019 13:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця