27 ліпеня ў парафіі св. Ганны ў Глуску адбылася адпустовая ўрачыстасць, якую ўзначаліў Біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Разам з ім і сваімі пробашчамі на Імшу завіталі таксама вернікі з парафій Бабруйска, Горак і Магілёва.
У слове, скіраваным да вернікаў, іерарх закрануў найбольш актуальную праблему сучаснага свету, які перапоўнены інфармацыйнымі сродкамі і інфармацыяй, што выплывае з іх, нібы мора, перапоўненае водамі. Ён адзначыў, што чалавек чэрпае з гэтага мора адказы на розныя пытанні і шукае шляхі, які могуць прывесці яго да сапраўднага шчасця.
Аднак гэты свет, з усім морам інфармацыі, не можа прывесці чалавека да Святла, да сапраўднага шчасця, да Езуса Хрыста.
Таму, дадаў біскуп, толькі Ён, наш Стварыцель, ведае дарогу да сапраўднага шчасця, вядзе кожнага да дабра сваім словам праўды, прамаўляе ў глыбінях нашага сэрца, у цішы, і калі мы прамаўляем да Яго. Ён адзіны ведае ўсё, што трэба чалавеку для сапраўднага шчасця, якое кожны шукае ў сваім жыцці.
Слова Божае, якое змешчана ў Святым Пісанні, дае адказы на ўсе пытанні, якія непакояць сучаснага чалавека, падкрэсліў іерарх. Менавіта Божае слова дае адказ, а не слова чалавека гэтага свету, дадаў біскуп і заахвоціў піць з чыстай крыніцы праўды, слухаючы Яго слова і захоўваючы ў сваім сэрцы, нібы нябесны скарб.
Таму, адзначыў іерарх, кожны дзень варта задаваць сабе пытанні: «Каго мы слухаем? Каму служым? За кім ідзем? Каго наследуем?»
Таксама біскуп заўважыў, што ў такой невялiкай каплiчцы сабралося ў гэты дзень так шмат вернiкаў, якiя стварылі добрую малітоўную атмасферу. Акрамя таго, ён звярнуў увагу на паставу святой Ганны, якая ў іканаграфii прадстаўляецца як жанчына, якая трывае на малiтве. Менавiта да гэтага, па яго словах, павiнны iмкнуцца i мы ў гэтым «моры iнфармацыi».
Біскуп пажадаў вернікам, каб яны прагнулi добрай i карыснай iнфармацыi, а асаблiва добрых адносiн з Богам.