Пошук


Фота grodnensis.by
Фота grodnensis.by

26 ліпеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў адпустовую ўрачыстасць у парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Гродне (пабэрнардынскі касцёл).

Таксама ў гэты дзень ён разам з парафіянамі дзякаваў Богу за 30-годдзе з часу біскупскага прызначэння.

У гаміліі іерарх засяродзіў увагу на асобе св. Ганны — маці Найсвяцейшай Панны Марыі.

Ён нагадаў, што Яўхім і Ганна горача маліліся, каб Бог адарыў іх ласкай патомства. Яны нават паабяцалі Богу, што ахвяруюць Яму сваё дзіця. Тады Яўхіму з’явіўся анёл Божы і аб’явіў, што ў яго народзіцца дзіця. Бацькі маленькай Марыі шмат увагі звярталі на Яе духоўнае выхаванне. У іканаграфіі св. Ганна прадстаўлена з Марыяй на каленях, а перад імі раскрытае Святое Пісанне. Гэта знак таго, што Ганна вучыла сваю дачку пазнанню Божага слова і малітве.

Калі прыйшла паўната часу, дадаў арцыбіскуп, перад Марыяй у Назарэце з’явіўся арханёл Габрыэль і абвясціў, што Яна выбрана стаць Маці Збаўцы. «Пекла казала, што Марыя — жанчына і паступіць гэтак жа, як паступіла Ева, гэта значыць не прыме Божую волю. Зямля чакала з нецярпеннем, калі прыйдзе Збаўца. Неба верыла, што Марыя не адмовіць Богу, — адзначыў іерарх. — І Марыя не падвяла. Яна згадзілася з Божай воляй».

«30 гадоў таму св. Ян Павел II спытаў мяне, ці прымаю я прызначэнне быць біскупам. Пасля малітвы я сам сабе адказаў, што калі Бог, які прамаўляе праз Папу, гэтага хоча, то няхай так будзе», — прыгадаў іерарх.

Абвяшчэнне біскупскага прызначэння адбылося 25 ліпеня ў Гудагаі, і зрабіў гэта тагачасны пробашч пабэрнардынскага касцёла — кс. інфулат Міхал Арановіч.

Таксама, дадаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, у пабэрнардынскім касцёле ён шмат маліўся ў маладосці, туды любіла прыязджаць яго маці, святой памяці Ганна, асабліва на адпуст сваёй нябеснай апякункі.

Фота grodnensis.by
Фота grodnensis.by

Постаць св. Ганны, адзначыў арцыбіскуп, нагадвае пра абвязак малітвы, каб атрымаць адпаведныя ласкі ад Бога, і абавязак выхавання маладога пакалення.

«На жаль, сёння моладзь фармуе не сям’я, не школа і не ўніверсітэт, а інтэрнэт. Менавіта ён валодае душамі маладых людзей. Там можна знайсці шмат добрага, але адначасова і злога. Трэба ўмець адрозніць зло ад дабра. А для гэтага неабходна адпаведнае духоўнае выхаванне», — сказаў іерарх.

Ён пажадаў шматлікім прысутным на ўрачыстасці вернікам, асабліва бацькам, дзядулям і бабулям, апекі св. Ганны ў выхаванні сваіх дзяцей і ўнукаў, каб яны заўсёды згаджаліся з Божай воляй.

Абноўлена 29.07.2019 12:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа