Пошук

03.07.2019 14:07   Тэкст: Кс. Францішак Рудзь / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

2 ліпеня ў парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску з удзелам Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага адзначылі парафіяльную адпустовую ўрачыстасць, падчас якой група вернікаў прыняла сакрамэнт канфірмацыі.

На працягу дня касцёл на Каменнай Горцы стаў месцам «пілігрымак» для тых, хто ўшаноўвае Маці Божую Будслаўскую. Для кожнага верніка Марыя — гэта Маці не толькі Езуса, але і ўсяго чалавецтва. Як у сваім зямным жыцці Яна імкнулася дапамагаць людзям, так цяпер, з нябёсаў, працягвае выпрошваць патрэбныя ласкі ўсім, хто да Яе ўцякае.

Асабліва шмат цудаў праз заступніцтва Багародзіцы на нашай зямлі адбывалася і адбываецца ў невялічкім мястэчку Будслаў, заснаваным манахамі бэрнардынамі сярод пушчы на беразе ракі Сэрвач. Ужо пятае стагоддзе асаблівым чынам праяўляецца тут Яе матчына любоў і апека, і па ўсёй Беларусі і нават за яе межамі вернікі ўшаноўваюць Маці Божую ў Яе будслаўскай цудадзейнай іконе.

Нездарма новая святыня, пабудаваная ў Мінску першай пасля савецкага перыяду ганенняў на веру, была прысвечана менавіта Маці Божай Будслаўскай, апякунцы Беларусі.

«Год таму я маліўся ў гэтым касцёле Божай Маці, каб Яна адарыла мяне здароўем. Мне было цяжка хадзіць, і я шкадаваў, што не мог наведаць Будслаў. Сёлета ў мяне падвойная радасць: я прыйшоў сам у гэты касцёл на высокай горцы і збіраюся 5 ліпеня адправіцца ў Будслаў. І я гэта зраблю!» — падзяліўся сваёй радасцю Павел з пасёлка Ратамка Мінскага раёна.

Вітаючы біскупа Юрыя Касабуцкага і ўсіх «пілігрымаў», пробашч парафіі кс. канонік Францішак Рудзь падкрэсліў выключнасць гэтага моманту для вернікаў маладой супольнасці, даручанай яго душпастырскай апецы. Просячы іерарха ўдзяліць групе кандыдатаў сакрамэнт хрысціянскай сталасці, кс. Францішак адзначыў, што гэта стане чарговым важным крокам на шляху іх веры, на якім кожнаму хрысціяніну спадарожнічае Найсвяцейшая Панна Марыя.

У прамоўленай падчас св. Імшы гаміліі біскуп Касабуцкі, у прыватнасці, сказаў:

«Сёння мы адзначаем урачыстасць у гонар Маці Божай Будслаўскай, якая няспынна атуляе нас сваёю апекаю.

Чаму вернікі на працягу стагоддзяў так шануюць Божую Маці? Таму што Яна, простая дзяўчына Марыя, цалкам аддала сваё чыстае сэрца Богу.

Стаўшы зямной Маці Збаўцы, Яна ва ўсе часы дае прыклад такіх хрысціянскіх цнотаў, як пакора, валоданне сабою, спагадлівасць, ахвярнасць, цярплівасць. Але перадусім Марыя з’яўляецца для нас узорам непахіснай веры. Божая Маці сваім цудадзейным заступніцтвам, якое праяўляецца ў розных куточках свету, сведчыць пра тое, што Яна памятае пра нас».

Кожны з тых, хто ў дзень урачыстасці прыйшоў у касцёл, каб ушанаваць Маці Божую Будслаўскую, даверыў Ёй у шчырай малітве клопаты і спадзяванні свайго жыцця.

Але, відаць, найглыбей перажылі ўрачыстасць тыя шаснаццаць вернікаў, якія ў гэты дзень з рук біскупа Юрыя Касабуцкага прынялі сакрамэнт канфірмацыі.

У скіраваным кандыдатам пажаданні іерарх заклікаў іх па прыкладу Марыі захоўваць вернасць Яе Боскаму Сыну ва ўсіх выпрабаваннях, каб дары Духа Святога прыносілі плён у штодзённым жыцці.

 

Абноўлена 03.07.2019 14:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.