27 чэрвеня выйшла ў дарогу да Маці Божай Пятая пешая пілігрымка Ліда – Будслаў.
Распачаўшы дзень святой Імшой у лідскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа, які яшчэ традыцыйна называюць «фарным», 74 пілігрымы вырушылі ў Будслаў. Дэвізам сёлетняй, ужо пятай, пешай пілігрымкі з Ліды ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай сталі словы з Евангелля паводле Яна:
«Ідзі і адгэтуль больш не грашы»
(Ян 8, 11).
На заканчэнне Эўхарыстыі пілігрымы атрымалі благаслаўленне на дарогу ад кс. Віталія Сідоркі, пробашча парафіі св. Юзафа Рамесніка і благаслаўлёных сясцёр мучаніц з Навагрудка (Ліда-Паўднёвы), пасля чаго са спевам распачалі сваё дзевяцідзённае духоўнае вандраванне.
У прамоўленым па дарозе духоўным настаўленні кс. Яўген Эйсмант, палатын, звярнуў увагу на сутнасць жыццядайнага Божага Слова:
«Божае Слова заўсёды рэчаіснае: кожны з нас з’яўляецца Словам, якое прамовіў Бог. Ствараючы нас, Ён дакладна не памыліўся».
Падчас прывалу на абед да пілігрымаў завітаў пробашч будслаўскай парафіі кс. Дзмітрый Дубовік, які прывітаў лідскіх вандроўнікаў і пажадаў ім, каб шлях да Маці Божай падараваў ім шчодры духоўны плён.
Першы дзень пілігрымкі завяршыўся малітвай у парафіі св. Казіміра ў Ліпнішках, пасля чаго пілігрымы размясціліся на начлег.
За плячыма — 27 км, трохі дажджу і шмат сонейка, а наперадзе — яшчэ восем дзён цудоўнага духоўнага падарожжа і незабыўнай прыгоды з Езусам і Яго ласкавай Матуляй.
Сачыць за пілігрымкай Ліда – Будслаў можна ў інстаграм-акаўнце ТУТ>>>