Пошук

21.06.2019 11:57   Тэкст: С. Ганна Луцкая; а. Аляксандр Стока OCD / Фота: Юлія Тарасевіч / Catholic.by

20 чэрвеня, ва ўрачыстасць Цела і Крыві Хрыста, у сталічнай парафіі Божага Цела адзначылі парафіяльны адпуст, у якім узяў удзел Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў маладой мінскай каталіцкай супольнасці, якая будуе сваю святыню ў гонар Божага Цела ў адным з густанаселеных «спальных» раёнаў беларускай сталіцы. Падчас урачыстай Эўхарыстыі, якая пакуль адбывалася ў невялікай капліцы, дзе з цяжкасцю змяшчаюцца вернікі парафіі, біскуп Юрый удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе з чатырнаццаці вернікаў, якія належным чынам падрыхтаваліся да прыняцця сакрамэнту хрысціянскай сталасці, спалучанага з дарамі Духа Святога.

Звяртаючыся да кандыдатаў, пастыр адзначыў, што Бог уваходзіць у сэрца чалавека ў выглядзе маленькай Гостыі, якая з’яўляецца велічным духоўным спажыткам.

«Чалавек здольны адчуваць фізічны голад. Але калі ён доўга не прымае Камунію, то церпіць духоўны голад, наталіць якога не ў стане нішто іншае, бо гэта — голад Бога», — падкрэсліў іерарх.

Пажадаўшы новаканфірмаваным вернікам ніколі не спыняцца ў сваім духоўным развіцці, біскуп Юрый Касабуцкі удзяліў ім благаслаўленне і выказаў спадзяванне, што яны на ўсё жыццё захаваюць вернасць Хрысту, заўсёды прысутнаму ў Найсвяцейшым Сакрамэнце алтара.

Напоўненыя багаццем Божага слова і прыняўшы ў свае сэрцы Цела Езуса, апранутыя ў моц Духа, разыходзіліся вернікі па дамах, несучы ў душах незнішчальны пасілак вечнасці і сапраўдны Хрыстовы супакой.

Абноўлена 21.06.2019 12:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа