8 чэрвеня, ва ўспамін благаслаўлёнага мучаніка Стэфана Шандара, салезіяніна, адбудзецца прэзбітэрскае пасвячэнне дыякана Артура Ляшнеўскага, члена Таварыства св. Францішка Сальскага.
Пасвячэнне ўдзеліць дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB.
Літургія адбудзецца а 11-й гадзіне ў касцёле св. Яна Хрысціцеля ў Мінску па адрасе: вул. Пляханава, 28-1.
З моманту пасвячэння салезіянін Артур Ляшнеўскі стане святаром Каталіцкага Касцёла і будзе цэлебраваць штодзённа найсвяцейшую Эўхарыстыю, служыць вернікам у канфесіянале, а таксама ўдзяляць сакрамэнт намашчэння хворых.
Дыякан Артур звяртаецца з просьбай аб малітоўнай падтрымцы для яго ў гэтыя дні падрыхтоўкі да прыняцця святарства. Таксама ён ад усяго сэрца запрашае ўсіх жадаючых далучыцца да перажывання гэтага важнага для яго моманту і асабіста падтрымаць яго сваёй прысутнасцю ў гэты дзень.
Акрамя таго, будучы прэзбітэр запрашае ўсіх да ўдзелу ў прыміцыйнай св. Імшы (ад лацiнскага primitiae, што азначае першы плён новага ўраджаю), якую будзе цэлебраваць у роднай парафіі.
Гэтая Імша адбудзецца 9 чэрвеня ў 9.30 у мiнскiм мiкрараёне Сухарава ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі па вул. Лабанка (прыпынак Лабанка, 99).
Пасля першай Імшы новапасвячанага прэзбітэра Касцёл дае яму прывілей удзяліць благаслаўленне з рангам папскага.