З нагоды адкрыцця капліцы ў гарадскім пасёлку Любча, што адбудзецца 29 чэрвеня, парафія св. Міхала Арханёла ў Навагрудку, да якой належыць згаданая мясцовасць, праводзіць гістарычную віктарыну пад назвай: «Што я ведаю пра Любчу?»
Любча і яе ваколіцы — гэта мясцовасць у самым сэрцы старадаўняга Вялікага княства Літоўскага, дзе адбываліся падзеі, якія ўвайшлі ў гісторыю нашай Бацькаўшчыны і Касцёла на Беларусі. Як лічаць некаторыя даследчыкі, менавіта тут была пабудавана першая каталіцкая святыня на тэрыторыі ВКЛ, а таксама было заснавана першае каталіцкае біскупства на нашых землях.
Запрашаем вас паглыбіць і ўзбагаціць свае веды пра Любчу, узяўшы ўдзел у віктарыне. Жадаем поспехаў!
Што я ведаю пра Любчу
Віктарына
- Адкуль пайшла назва Любчы?
- У якім годзе ўпершыню было згадана пра Любчу і ў якіх крыніцах?
- Каму належала Любча ў часы Вялікага княства Літоўскага?
- Ёсць меркаванне, што менавіта ў Любчы быў пабудаваны першы касцёл у Вялікім княстве Літоўскім. Як думаеце, якога вядомага чалавека, згодна з гэтай версіяй, тут хрысцілі?
- У якім месцы ў Любчы быў пабудаваны той першы касцёл на тэрыторыі ВКЛ?
- Калі Любча атрымала Магдэбургскае права і герб?
- Калі быў узведзены замак у Любчы і на чые сродкі?
- Калі Любчанскі замак перайшоў Радзівілам?
- Які жаночы манаскі ордэн у міжваенны час служыў у Любчы?
- Чым вышэйзгаданы ордэн займаўся ў міжваенны час і дзе была асноўная пляцоўка яго дзейнасці?
- Калі і кім быў спалены любчанскі замак?
- Калі ў ХХ стагоддзі ў Любчы быў пабудаваны касцёл і да якога часу ён праіснаваў? Што з ім стала?
- Што вы ведаеце з гісторыі любчанскай Свята-Ільінскай царквы?
- У якім годзе і кім была заснавана друкарня, якая існавала ў Любчы ў XVII стагоддзі, дзе друкаваліся кнігі па медыцыне, гісторыі, паэтычныя творы і іншая літаратура?
- Гэты кампазітар — яркая фігура ў гісторыі музыкі; ён — стрыечны брат вядомага рускага пісьменніка і пэўны час жыў у Любчы. Пра каго гаворка?
- Адна з самых тытулаваных парфумераў свету, якая нарадзілася ў Любчы, аўтар водараў-сімвалаў ХХ стагоддзя (Tresor, Paris, Eternity for Women, Sotto Voce і інш.).
- Чым славіцца Любча ў харчовай малочнай прамысловасці?
- Уздоўж якой ракі размясцілася Любча? Якая даўжыня гэтай ракі, па якіх краінах яна працякае?
- Як будзе называцца новапабудаваная каталіцкая капліца ў Любчы і што азначае гэтая назва?
Адказы на пытанні віктарыны дасылайце не пазней за 15 чэрвеня на адрас:
касцёл святога Міхала Арханёла
вуліца Савецкая, дом 2
г. Навагрудак
або на электронную пошту: faiushka@mail.ru
Імёны і фотаздымкі тых, хто дасць найбольш поўныя адказы на пытанні віктарыны, будуць надрукаваныя ў газеце «Каталіцкі Навагрудак».