18 мая ў Янаве Палескім (г. Іванава) у санктуарыі святога Андрэя Баболі адбудуцца цэнтральныя ўрачыстасці ў гонар нябеснага заступніка Палесся.
Ужо традыцыйна штогод у суботу пасля 16 мая — дня мучаніцкай смерці і літургічнага ўспаміну святога — менавіта ў Янаве, дзе завяршыўся жыццёвы шлях Апостала Палесся, адбываюцца цэнтральныя дыяцэзіяльныя ўрачыстасці падзякі Пану Богу за дар гэтага вялікага прапаведніка і нябеснага заступніка.
Сёлета ўрачыстасці ў Янаве распачнуцца ў 11.00 каля Крыжоў Адзінства — месца, з якога пачаўся мучаніцкі шлях святога.
Адтуль усе сабраныя вернікі пройдуць у малітоўнай працэсіі да парафіяльнага касцёла, які адначасова з’яўляецца дыяцэзіяльным санктуарыем святога Андрэя Баболі.
У 12.00 там адбудзецца ўрачыстая св. Імша з удзелам духавенства, вернікаў і пілігрымаў на ўшанаванне мучаніка і апекуна дыяцэзіі.
Асаблівасцю сёлетніх урачыстасцей стане асвячэнне адноўленага галоўнага алтара ў касцёле-санктуарыі. Гэтая святыня была спецыяльна пабудавана непадалёк ад месца мучаніцкай смерці св. Андрэя.
На пачатку ХІХ ст., падчас аднаўлення касцёла, мясцовы парафіянін і знакаміты майстар Напалеон Орда ўласнымі рукамі выразаў з дрэва велічны крыж, які падчас урачыстасцяў зможа ўшанаваць кожны, хто наведае святыню.