13 студзеня ў касцёле св. айца Піо (парафія св. Казіміра) у Маладзечне адбудзецца прэзентацыя «Радыё Марыя» — сусветнага каталіцкага радыё, якое цяпер вяшчае і ў Беларусі, на беларускай мове.
Каманда валанцёраў пазнаёміць парафіянаў з дзейнасцю радыё, адкажа на пытанні тых, хто хацеў бы стаць валанцёрам і ўдзельнічаць у стварэнні радыё-кантэнта і ў дзейнасці радыёстанцыі, а таксама дапаможа жадаючым усталяваць радыё на мабільны тэлефон і навучыць карыстацца ім.
Трансляцыю св. Імшы з касцёла св. айца Піо ў Маладзечне слухайце 13 студзеня а 12-й гадзіне.
Даведка
«Радыё Марыя» — міжнародная сям’я хрысціянскіх асветніцкіх радыёстанцый. Заснаваная ў 1982 г. у Італіі. Сёння «Радыё Марыя» выходзіць у эфір у 77 краінах свету на роднай мове кожнага народа. З амаль 2000 рэтранслятараў «Радыё Марыя» ахоплівае каля 500 мільёнаў слухачоў; вяшчанне вядзецца на больш чым 65 мовах.
Першапачаткова «Радыё Марыя» было заснавана як парафіяльная радыёстанцыя, мэтай якой было паведамленне навін парафіянам і дапамога ім у штодзённай малітве праз служэнне Літургіі і арганізацыю супольных малітоўных праграм. Менавіта з таго часу радыё пачало пашыраць сваю дзейнасць, і ўжо з 1990 г. трансляцыя «Радыё Марыя» пачалася і ў іншых краінах.
З 1 лістапада 2016 г. «Радыё Марыя» працуе таксама ў Беларусі. Слухаць радыё можна ў інтэрнэце (на сайце radiomaria.by, а таксама праз мабільны дадатак). Вяшчанне вядзецца штодзённа 24 гадзіны ў суткі.
Кожны дзень у праграме ёсць св. Імшы, малітвы, да якіх па тэлефоне могуць далучацца слухачы, а таксама катэхезы, цікавыя перадачы, хрысціянская музыка.
Праект «Радыё Марыя» некамерцыйны. Ён існуе выключна за кошт добраахвотных ахвяраванняў радыёслухачоў і ахвярадаўцаў.