
21 ліпеня, у аўторак, спаўняецца 15 гадоў як адышоў у вечнасць першы ў гісторыі сучаснай Беларусі кардынал Казімір Свёнтэк, які таксама быў першым Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. З нагоды гэтай гадавіны ў Мінску пройдуць малітвы за спачылага іерарха.
У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, паводле інфармацыі, змешчанай на старонцы catholicminsk.by, Імшы за святой памяці кардынала Казіміра Свёнтэка адбудуцца ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску паводле наступнага раскладу:
- у 15.00 — з удзелам Мінскага катэдральнага капітула, святароў і манаскіх асоб;
- у 18.30 — з удзелам вернікаў і ўсіх людзей добрай волі.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі шчыра запрашае да супольнай малітвы за свайго спачылага папярэдніка ўсіх ахвотных.

У Пінскай дыяцэзіі, згодна з інфармацыяй, пададзенай на старонцы pinskdiocese.by, біскуп Пінскі Антоній Дзям'янка выдаў спецыяльны камунікат для духоўных і свецкіх асоб дыяцэзіі, у якім зазначыў, што жыццёвы шлях кардынала Свёнтэка яшчэ з юнацкіх гадоў быў звязаны з Пінскай дыяцэзіяй, а з чэрвеня 1954 года «служэнне, спачатку святара Казіміра Свёнтэка, а потым арцыбіскупа і кардынала, было нераздзельна звязана з Пінскам і Касцёлам (...) Пінскай дыяцэзіі».
У сувязі са святкаваннем 35-годдзя адраджэння іерархічных структур Касцёла ў Беларусі біскуп Антоні падкрэсліў: «Пра гэтае адраджэнне проста немагчыма распавесці не ўзгадваючы асобу ксяндза кардынала Свёнтэка, які стаяў ля вытокаў гэтай гістарычнай падзеі».
Пастыр Пінскай дыяцэзіі заахвоціў усіх «да асаблівай малітвы ў дзень яго адыходу да Пана, альбо ў дзень ягонага пахавання, якое адбылося 25 ліпеня 2011 года ў свята апостала Якуба», а святарам асаблівым чынам рэкамендаваў «арганізаваць у парафіях малітву за душу святой памяці ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка», і па меры магчымасці, у адпаведным часе, наведаць разам з імі месца ягонага пахавання.
Біскуп Дзям'янка абвясціў, што Імша за спачылага кардынала Казіміра Свёнтэка ў пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі пройдзе ў аўторак, 21 ліпеня, і распачнецца ў 9.00.
Іерарх шчыра запрашае да супольнай малітвы ўсіх ахвотных.







