Пошук

21.01.2025 21:25   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Grodnensis.by

У суботу 22 лютага ў касцёле Маці Божай Анёльскай Гродне (францішканскі касцёл, вул. Агародная, 2), адбудзецца святая Iмша за спачылага ксяндза Яна Гавэцкага, шматгадовага пробашча парафіі святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі (Гродзенская дыяцэзія), у першую гадавіну пасля смерці святара.

Пачатак у 12.00.

Ксёндз Ян Гавэцкі нарадзіўся 28 сакавіка 1962 года у Гродне. Паходзіў з парафіі Маці Божай Анёльскай.

Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў 27 мая 1990 года ў гродзенскім фарным касцёле святога Францішка Ксаверыя, у той час першай у Беларусі малой базыліцы, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Пасля пасвячэння адзін год быў вікарыем парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Шакяі (Літва). Потым вярнуўся на радзіму і ў 1991–1996 гадах быў пробашчам парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Трабах, з 1996 да 2021 год — пробашчам парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.

У 2022 г. быў прызначаны адміністратарам парафіі Маці Божай Шкаплернай (святога Юды Тадэвуша) у Прывалцы (дэканат Гродна-Усход).

У памяці тых, хто сустракаўся з ксяндзом Янам, ён застаўся як добры арганізатар розных душпастырскіх акцый і мерапрыемстваў. У час служэння ў івейскай парафіі ён стаў ініцыятарам правядзення там фестывалю калядных песень Gloria in excelsis Deo — адной з яскравых рэлігійных падзей жыцця Касцёла на Беларусі.

Таксама вернікі памятаюць яго як натхнёнага пілігрыма, які паклаў пачатак пешым пілігрымкам Івейскага дэканату ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.

Дзякуючы ксяндзу Яну шмат вернікаў мелі магчымасць наведваць многія санктуарыі Беларусі і замежжа.

Святар адышоў у вечнасць 20 лютага. Быў пахаваны 22 лютага на найстарэйшых каталіцкіх могілках Гродна.

Абноўлена 21.01.2025 23:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.