Пошук

14.05.2024 08:30   Catholic.by

У нядзелю 19 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч здзейсніць унясенне рэліквій благаслаўлёных Юзафа і Вікторыі Ульмаў і іх дзяцей, мучанікаў Другой сусветнай вайны, у парафіяльны касцёл святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат).

Першыя ў Беларусі рэліквіі благаслаўлёнай сям’і Ульмаў перадаў ксёндз прэлат Тадэвуш Гук, шматгадовы духоўны айцец варшаўскай семінарыі, духоўны айцец святароў Варшаўскай архідыяцэзіі, які на працягу многіх гадоў быў дабрачынцам парафіі святога Мікалая, біскупа, у мястэчку Свір на Мядзельшчыне.

«Урачыстасць у Свіры стане нагодаю для таго, каб паказаць гераічнасць, што нараджаецца з жыцця, зануранага ў Евангеллі, напоенага моцаю Духа Святога, гатовага да радыкальнай вернасці Богу і адкрытасці для кожнага чалавека», — кажа пробашч свірскай парафіі ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі, дэкан Мядзельскі.

Святар таксама звярнуў увагу на тое, што існуе пэўная духоўная сувязь паміж подзвігам сям’і Ульмаў і гераічным учынкам ксяндза Яна Сялевіча, ураджэнца свірскай парафіі, які падчас вайны таксама ўратаваў ад смерці габрэйскую сям’ю. Ксёндз Ян памёр у 1943 годзе падчас святой Імшы і быў пахаваны на свірскіх могілках. У 2000 годзе ён быў удастоены звання «Праведніка сярод народаў свету». Медаль і ганаровы дыплом захоўваюцца з таго часу ў Свірскім школьны музеі.

Ксёндз Багуслаў Маджэеўскі, які ў гэтыя майскія дні будзе адзначаць 30-годдзе з часу прэзбітэрскага пасвячэння, ад імя вернікаў свірскай парафіі шчыра запрашае ўсіх ахвотных да ўдзелу ва ўрачыстасці, якую ўзначаліць прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне.

Пачатак урачыстай святой Імшы а 13-й гадзіне.

Адрас: Мядзельскі раён, г.п. Свір, вул. Савецкая, 25.

Сям’я Ульмаў з польскай вёскі Маркова была забітая гітлераўцамі 24 сакавіка 1944 года за ўкрыванне габрэяў. Спачатку забілі іх, а потым усю сям’ю Ульмаў: Юзафа, Вікторыю і іх шасцёх дзяцей: Стася, Басю, Уладзя, Франя, Антося і Марысю. Самаму старэйшаму з іх было 8 гадоў, наймалодшаму — паўтара гадкі.

У дзень мучаніцкай смерці Вікторыя была на познім тэрміне цяжарнасці, і з прычыны стрэсу, звязанага з расстрэлам, у яе пачаліся роды.

Іх беатыфікацыя адбылася 10 верасня мінулага года ў вёсцы Маркова (Польшча). Упершыню ў гісторыі Касцёла была беатыфікавана цэлая сям’я, ў тым ліку і ненароджанае дзіцятка.

Абноўлена 14.05.2024 22:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа