Айцы дамінікане і парафія святога Казіміра і святой Ядзвігі ў Магілёве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) запрашаюць на супольную сустрэчу з Божым словам падчас сёлетняга Адвэнту.
Каб духоўна падрыхтавацца да прыйсця Эмануэля, які ёсць Адвечнай Мудрасцю, арганізатары прапануюць усім ахвотным разам чытаць, разважаць і маліцца словамі біблійнай кнігі Мудрасці Саламона, якая ўваходзіць у канон натхнёных кніг Старога Запавету (руск. — Книга премудрости Соломона). Магілёўскія дамінікане заахвочваюць да чытання кнігі з малітвай — са шчырай просьбай да Духа Святога аб дары мудрасці, а таксама з малітвай за ўсіх, хто будзе ўтвараць гэтую малітоўную супольнасць падчас Адвэнту.
Штодзённа ў Viber i Telegram будуць размяшчацца каментары выдатных біблістаў да асобных раздзелаў кнігі Мудрасці Саламона.
«Кніга складаецца з 19-і раздзелаў. Мы распачнем іх чытаць у першую нядзелю Адвэнту, 3 снежня. Няхай у школе Марыі, Сталіцы Мудрасці, Божае слова прынясе ў нас багаты плён», — адзначаюць арганізатары.
Кантакт:
- тэл. +375 (29) 291 92 11 – а. Раман Шульц ОР
- група ў Viber i Telegram: мудрасцьАдвэнт2023