Пошук

20.10.2023 11:03   Catholic.by

На працягу дзевяці месяцаў, з кастрычніка па чэрвень, у трэцюю або чацвёртую суботу месяца айцы дамінікане, якія нясуць служэнне ў парафіі святога Казіміра і святой Ядзвігі ў Магілёве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), запрашаюць на начныя чуванні са святой каралевай Ядзвігай.

Чуванні будуць праходзіць па адрасе: г. Магілёў, Мінская Шаша, 8 Б. Пачатак у 22.00, заканчэнне — каля 3.00.

«На працягу дзевяці месяцаў дзіця ва ўлонні маці развіваецца каб нарадзіцца, таму на працягу гэтага часу мы хочам вучыцца наследаваць духоўную прыгажосць, дзевяць цнотаў святой каралевы Ядзвігі: веру, надзею, любоў, разважлівасць, справядлівасць, мужнасць, устрыманасць, пакору, імкненне несці мір і будаваць паяднанне», — адзначаюць арганізатары незвычайнай малітоўнай акцыі.

Падчас малітоўнага чування прадугледжана канферэнцыя пра згаданыя цноты ў Бібліі, якую правядзе бібліст Уладзіслаў Валаховіч. Апоўначы адбудзецца Эўхарыстыя, а таксама адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, Ружанец, Крыжовы шлях, дзяленне Божым словам, гарбата і, нарэшце, вяночак да святога Міхала Арханёла. Удзячныя Богу за плён папярэдніх дзевяці начных чуванняў і за шчодрае каралеўскае заступніцтва святой Ядзвігі, арганізатары заахвочваюць удзельнікаў у суботу перад чуваннем пасціцца (паводле магчымасці), а чуванне разам з постам ахвяраваць у інтэнцыі міру ў свеце, за нашыя сем’і і ў асабістых інтэнцыях.

Першае з дзевяці чуванняў будзе прысвечана цноце веры і распачнецца ў суботу 28 кастрычніка.

Да ўдзелу ў чуваннях айцы дамінікане запрашаюць вернікаў не толькі з Магілёва. Тыя, хто хоча маліцца, але не можа асабіста браць удзел, мае магчымасць духоўна далучыцца да ініцыятывы з дапамогай кнігі «Малітвы да святой каралевы Ядзвігі».

Інтэнцыі да святой Ядзвігі можна даслаць з дапамогай СМС або на вайбер: св.Ядвіга1374.

Дадатковая інфармацыя па тэл.:
+375 (29) 291 92 11 — айцец Раман Шульц OP

Праграма начнога чування ў ноч з 28 на 29 кастрычніка

  • 22.00 – распачацце навэнны: цнота веры
  • 22.15 – канферэнцыя пра веру на старонках Бібліі, адказ на пытанні
  • 23.00 – Ружанец, літанія да святой Ядзвігі
  • 24.00 – Эўхарыстыя
  • 1.00 – супольнае разважанне над Словам Божым + гарбата
  • 2.00 – Крыжовы шлях + Адарацыя Нвйсвяцейшага Сакрамэнту
  • 3.00 – вяночак да святога арханёла Міхала і заканчэнне чування
Абноўлена 08.01.2024 10:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа