У чацвер 7 верасня ў Будславе адзначаць 240-ю гадавіну пасвячэння касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, які сёння з’яўляецца малой базылікай і Нацыянальным санктуарыем Маці Божай Будслаўскай.
Святыню кансэкраваў 7 верасня 1783 года дапаможны біскуп Віленскай дыяцэзіі Францішак Алаізій Юноша Гзоўскі, пра што ў парафіяльным архіве захаваўся адпаведны дакумент з подпісам іерарха, змацаваны сургучнай пячаткай з біскупскім гербам. Арыгінал дакумента, аформлены ў рамку, можна будзе ўбачыць у базыліцы падчас святкавання гадавіны пасвячэння касцёла.
Урачыстая святая Імша з гэтай нагоды распачнецца ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай у 18.00.
Узначаліць цэлебрацыю арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Усе ахвотныя маюць магчымасць духоўна далучыцца да супольнай малітвы з дапамогай прамой трансляцыі на YouTube-канале Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай.
Пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік ад імя мясцовых вернікаў шчыра запрашае ўсіх ахвотных у вігілію свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі разам памаліцца перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай.