21 кастрычніка прыпадае 25-я гадавіна з дня рэкансэкрацыі галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — катэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.
Святыня, пабудаваная на пачатку XVIII стагоддзя на Высокім рынку ў Мінску, была кансэкраваная як касцёл езуітаў 16 сакавіка 1710 года. Пасля скасавання дзейнасці ордэна на тэрыторыі Расейскай імперыі, у 1773 годзе касцёл стаў парафіяльным.
Пасля заснавання ў 1798 годзе Мінскай дыяцэзіі, колішні езуіцкі касцёл стаў катэдральным.
Пасля Другой сусветнай вайны знявечаная святыня са зруйнаванымі вежамі бязбожным савецкім рэжымам была ператворана ў так званы «дом фізкультуры».
9 снежня 1993 пастановаю Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь будынак катэдры ў Мінску быў вернуты законным уладальнікам — каталiцкім вернікам. 5 лютага 1994 адбылося папярэдняе благаслаўленне святыні, i на яе франтоне быў усталяваны крыж. Са жнiўня 1994 да кастрычнiка 1997 за кошт Касцёла ў касцёле вялiся рэстаўрацыйныя работы, у ходзе якіх святыні быў вернуты яе першапачатковы выгляд.
21 кастрычніка 1997 года адбылася рэкансэкрацыя мiнскай катэдры. Катэдральны касцёл нанава пасвяціў тагачасны арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі кардынал Казімір Свёнтэк, Сведка веры.
З нагоды срэбранага юбілею з часу рэкансэкрацыі мінскай архікатэдры ў святыні адбудзецца ўрачыстая святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Пачатак у 18.30.
Арцыпастыр шчыра запрашае ўсіх ахвотных, перадусім вернікаў мінскай катэдральнай парафіі і іншых парафій сталіцы, да ўдзелу ў Эўхарыстыі. Да супольнай малітвы можна будзе таксама духоўна далучыцца з дапамогаю прамой трансляцыі на партале Catholic.by.
Пачатак трансляцыі ў 18.30