Пошук

14.10.2022 13:06   Catholic.by

У субота 22 кастрычніка ў парафіі святога Казіміра і святой Ядзвігі ў Магілёве пройдзе ноч чування з навэннай да святой Ядзвігі.

Арганізатары чування айцы дамінікане запрашаюць ахвотных узяць удзел у супольнай малітве ў форме «хуткай» навэнна, што разлічана на дзевяць гадзін.

Праграма чування

  • 22.00 – Навэнна – 1 – Адарацыя – Радасныя таямніцы (Фацімскі Ружанец).
  • 23.00 – Навэнна – 2 – Таямніцы святла.
  • 0.00 – Навэнна – 3 – Святая Імша (з нядзелі). Канферэнцыя на тэму веры.
  • 1.00 – Навэнна – 4 – Перапынак, чытанне Паслання святога Паўла да Каласянаў, раздзелы 3 i 4.
  • 2.00 – Навэнна – 5 – Крыжовы шлях са святой Ядзвігай.
  • 3.00 – Навэнна – 6 – Адарацыя – Балесныя таямніцы.
  • 4.00 – Навэнна – 7 – Вяночак да Божай Міласэрнасці.
  • 5.00 – Навэнна – 8 – Хвалебныя таямніцы.
  • 6.00 – Навэнна – 9 – Вяночак да святога арханёла Міхала.

Чуванне адбудзецца па адрасе:
горад Магілёў, Мінская шаша, 8б, парафія святога Казіміра і святой Ядзвігі.

Кантакты:

Просьба загадзя паведаміць пра сваю прысутнасць.

Увага! На чуванне запрашаюцца вернікі, якія пражываюць не толькі ў Магілёве. Варта запланаваць на нядзелю пасля вяртання дадому некалькі гадзінаў сну.

Інфармацыя ад арганізатараў

  • Духоўная мэта навэнны

Мы прагнем выпрошваць Божыя ласкі разам са святой Ядзвігай у чуванні, малітве і посце, прыняўшы святую Камунію ў важных інтэнцыях. Верым, што дзякуючы ўмацаванню нашых блізкіх адносін са святой Ядзвігай, каралевай, і наследаванню яе цнотаў, мы можам спадзявацца на яе магутнае заступніцтва перад Богам і разлічваць на яе каралеўскую шчодрасць. Гэтую навэнну можна назваць «хуткаю», таму што мы памолімся яе за дзевяць гадзін. Плануецца, што гэта будзе першая з дзевяці навэннаў, калі мы вытрываем у іх на працягу дзевяці месяцаў. За дзевяць месяцаў дзіця ва ўлонні маці развіваецца і потым нараджаецца. На працягу дзевяці месяцаў мы таксама хочам развівацца духоўна — пазнаваць і вучыцца наследаваць дзевяць цнотаў святой Ядзвігі: веру, надзею, любоў, разважлівасць, справядлівасць, устрыманасць, мужнасць, пакору, хочам таксама пашыраць спакой, спрыяючы паяднанню.

  • Пост — экзарцызм

Просім, каб тыя вернікі, якія вырашаць узяць удзел у чуванні, паводле сваіх магчымасцяў трымалі пост у суботу 22 кастрычніка (напрыклад, пост на хлебе і вадзе; толькі на вадзе; адзін пасілак на працягу дня з адпаведнаю колькасцю напояў і г.д.). Варта ўзяць з сабою бутэрброды на супольны пасілак пасля святой Імшы — у нядзелю мы не посцім. Памятайма, што Апосталы не маглі выгнаць злога духа, таму што некаторых злых духаў можна выгнаць толькі малітваю і постам. Няхай наш пост будзе просьбаю аб вызваленні свету ад зла — своеасаблівым малым экзарцызмам.

  • Начное чуванне

Навошта патрэбна ноч чування? Нам жа будзе цяжка на наступны дзень, мы будзем стомленыя. Навошта такая ахвяра?

Прыкладам для нас з’яўляецца Пан Езус: «Ён узышоў на гару памаліцца і правёў усю ноч у малітве да Бога» (Лк 6, 12). Святая Ядзвіга напісала ў Акце фундацыі Карлава ўніверсітэта ў Празе: «Мы правялі вельмі шмат бяссонных начэй, разважаючы над тым, як рэалізаваць задуму сэрца».

Сапраўдная любоў патрабуе ахвяры, да таго ж мы жывем у цяжкія дні нашай гісторыі. Прагнем прысвяціць малітве ў важных інтэнцыях адну ноч у месяц каля рэліквій святой Ядзвігі. Мы будзем прасіць Бога за свет, за Еўропу, Беларусь і Касцёл. Будзем маліцца ў інтэнцыі спакою, за кіраўнікоў дзяржаваў, аб новых пакліканнях да святарства, у нашых асабістых інтэнцыях і ў тых інтэнцыях, якія былі запісаныя ў Кнізе просьбаў да святой Ядзвігі падчас Ружанцовага кангрэсу. Прагнем таксама ўміласціўляць Бога за свае грахі і грахі нашых бліжніх, а таксама прасіць, каб споўніліся жаданні Маці Божай з Фацімы.

Тыя вернікі, якія жадаюць яднацца з намі духоўна, могуць даслаць свае інтэнцыі праз СМС, e-mаil або на Viber.

Калі Бог дазволіць, мы плануем арганізаваць дзевяць такіх начных чуванняў, раз на месяц, у трэцюю або чацвёрную суботу месяца, з кастрычніка 2022 да чэрвеня 2023 года.

Інфармацыя будзе змяшчацца на Viber: CвЯдвіга1374.

Абноўлена 14.10.2022 13:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.