Пошук

11.08.2022 13:05   Catholic.by

Сёлетняй урачыстасці Маці Божай Бялыніцкай, Каралевы Беларусі, якая пройдзе ў нядзелю 4 верасня ў Бялынічах, што на Магілёўшчыне, будзе традыцыйна папярэднічаць 40-гадзіннае набажэнства, на якое запрашаюць вернікаў з розных мясцін нашай краіны.

Набажэнства падрыхтоўкі да святкавання распачнецца святой Імшой увечары 2 верасня.

Пробашч парафіі ў Бялынічах ксёндз Юзаф Сярпейка запрашае на Саркагадзіннае набажэнства перадусім удзельнікаў малітоўнага руху «Маргарытка», каб разам маліцца за святароў. Святар ад імя мясцовых вернікаў запрашае ў Бялынічы ўсіх, хто жадае ўнутранага спакою, цішыні і шчырай размовы з Богам перад абліччам Яго Найсвяцейшай Маці, а таксама тых, хто хоча ў пакаяннай малітве перапрашаць Бога за грахі ўласныя і ўсяго чалавецтва.

«У асобе Марыі мы маем магутную Заступніцу, якая пад крыжам Збаўцы прыняла гэтую місію ад свайго Сына. Добра ведаем, Марыя была прытулкам і домам для Пана Езуса яшчэ перад Яго нараджэннем, а пазней таксама гаспадыняй у Яго доме ў Назарэце. Хто з нас не хацеў бы такой ахвярнай і любячай Апякункі, як Яна?..

Духоўная апека Найсвяцейшай Панны — гэта не толькі абяцанне мора ласкі кожнаму, хто просіць Яе аб дапамозе, але таксама ўнутраны супакой і радасць, якія выплываюць з пераканання, што даверылі дом нашага жыцця найлепшай Маці», — адзначае ксёндз Юзаф Сярпейка.

Усе ахвотныя ўзяць удзел у Саракагадзінным набажэнстве, якія прыедуць у Бялынічы з іншых мясцін, будуць забяспечаны начлегам і харчаваннем.

Праграма набажэнства і ўрачыстасці ў Бялынічах

  • Саракагадзіннае набажэнства распачнецца ў пятніцу 2 верасня святой Імшой а 20-й гадзіне, цэлебрацыю якой узначаліць пробашч парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках ксёндз Андрэй Кеўліч, дэкан Магілёўскі.
  • Святая Імша ў суботу 3 верасня адбудзецца а 19-й гадзіне. Цэлебрацыю ўзначаліць ксёндз Юзаф Сярпейка, бялыніцкі пробашч.
  • Цэнтральная адпустовая святая Імша ў нядзелю 4 верасня адбудзецца пры капліцы ў Бялынічах а 15-й гадзіне. Цэлебрацыю ўзначаліць мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
  • Пасля Імшы — падрыхтаваны бялыніцкімі вернікамі пачастунак.

Ахвотным узяць удзел у Саракадзінным набажэнстве ў Бялынічах неабходна прайсці рэгістрацыю:

Увага! Пры электроннай рэгістрацыі можна выбраць зручныя для сябе гадзіны адарацыі, каб арганізатары маглі падрыхтаваць адпаведныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў.

Плануецца пешая пілігрымка з Магілёва, удзельнікі якой скіруюцца на ўрачыстасці ў Бялынічы. Інфармацыя пра пілігрымку будзе пададдзена пазней на партале Catholic.by.

Абноўлена 23.08.2022 22:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.