22 студзеня ксёндз канонік Здзіслаў Вэдэр SDB, які з’яўляецца найстарэйшым салезіянінам у Беларусі, адзначыць свой 85-ы дзень нараджэння. Святую Імшу падзякі з гэтай нагоды ўзначаліць біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Значную частку свайго святарскага жыцця ксёндз Здзіслаў правёў як місіянер на Усходзе, дзе пасля 70-і гадоў ваяўнічага атэізму адраджаў веру ў чалавечых сэрцах. Ён нёс служэнне ў духу харызмы святога ксяндза Боско ў Расіі і Беларусі, а апошнія ўжо амаль 20 гадоў аддана працуе на Смаргоншчыне.
За час свайго служэння ў Беларусі ксёндз Здзіслаў набыў рэпутацыю вельмі сумленнага, сціплага і добразычлівага святара, сэрца якога цалкам належыць моладзі.
Урачыстую цэлебрацыю Эўхарыстыі з нагоды 85-годдзя ксяндза Здзіслава Вэдэра SDB узначаліць яго сабрат Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Святая Імша падзякі Пану Богу за дар жыцця і служэння ксяндза каноніка Здзіслава Вэдэра SDB адбудзецца ў пятніцу, 22 студзеня, у 18.00 у салезіянскай парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні.
Салезіяне Беларусі з вялікай радасцю запрашаюць ўсіх вернікаў і моладзь, асаблівым чынам былых выхаванцаў ксяндза Здзіслава, яго духоўных сыноў і дачок, а таксама ўсіх ахвотных узяць удзел ва ўрачыстай святой Імшы.