У чацвер 3 верасня ксяндзы канонікі Мінскага катэдральнага капітулу збяруцца ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі на супольную малітву ў інтэнцыі хутчэйшага вяртання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Радзіму, вырашэння крызісу ў грамадстве, міру і згоды ў Беларусі.
Малітоўная сустрэча Капітулу распачнецца а 12-й гадзіне супольнай малітвай на працягу дня (у харальным адзенні).
Пасля Літургіі гадзінаў у галоўнай святыні беларускай сталіцы Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы ў гэтай інтэнцыі.
Узяць удзел у супольнай малітве ў мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі (пл. Свабоды, 9) могуць усе ахвотныя.