У Віцебскай дыяцэзіі адбудзецца Другі дыяцэзіяльны конкурс на веданне Святога Пісання.
Як паведамляе Сatholicnews.by, у мінулым годзе такі конкурс адбыўся ўпершыню, і ў ім узялі ўдзел 220 самых смелых дзяцей з 26-і парафій Віцебскай дыяцэзіі. Супольная падрыхтоўка да конкурсу аб’яднала 20 катэхетаў, у арганізацыю мясцовых этапаў актыўна ўключаліся святары і сёстры законныя. Арганізатары спадзяюцца, што сёлета конкурс будзе яшчэ больш цікавым і карысным.
Дзеці з парафій Віцебскай дыяцэзіі могуць удзельнічаць у конкурсе ў дзвюх узроставых катэгорыях: 1-я катэгорыя — ад 9 да 11 гадоў уключна (могуць быць маладзейшыя); 2-я катэгорыя — ад 12 да 14 гадоў уключна.
На дыяцэзіяльнай сустрэчы катэхетаў у Глыбокім разам з біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам было вырашана, што першы парафіяльны этап конкурсу адбудзецца 7 сакавіка.
Дэканальны этап запланаваны на 21 сакавіка, а фінал — на 25 красавіка.
Асновай конкурсных матэрыялаў з’яўляецца змест кнігі Зыходу Старога Запавету (любое кананічнае выданне).
Дзеці, якія жадаюць прыняць удзел у конкурсе, павінны ў бліжэйшы час звярнуцца да сваіх катэхетаў або пробашчаў.
Для ўдзелу ў конкурсе парафіі неабходна даслаць арганізатарам па электроннай пошце запоўнены фармуляр для запісу з дадзенымі ўдзельнікаў да 16 лютага ўключна.
Арганізатарам конкурсу з’яўляецца дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Віцебскай дыяцэзіі, дыяцэзіяльны каардынатар — с. Дар’я Галубкова OV.
Усе пытанні можна дасылаць на паштовую скрыню vitebsk.caritas@gmail.com