Пошук

29.07.2026 17:31   Тэкст і фота: Мікалай Васькоў / Catholic.by

З 24 па 26 ліпеня ў парафіі святога Арханёла Міхала ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) адбыўся агульнабеларускі малітоўны семінар для служыцеляў евангелізацыйнага «Альфа-курса». На сустрэчу з’ехаліся ўдзельнікі з Мінска, Гродна, Ваўкавыска, Дзятлава і самога Навагрудка.

У пятніцу ўдзельнікі сабраліся на рэгістрацыю, а вечар быў прысвечаны знаёмству і супольнай малітве. Па ініцыятыве саміх служыцеляў прайшла ўсяночная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў інтэнцыі Божага благаслаўлення на новую евангелізацыю Беларусі.

Суботні дзень пачаўся з малітвы. Падчас канферэнцыі, прысвечанай служэнню, доктарам пастаральнай тэалогіі ксяндзом Юрыем Жэгарынам былі прадстаўлены матэрыялы для далейшай фармацыі служыцеляў і акрэслены асноўныя накірункі працы. Затым запрошаны спікер Том Майлз, які злучыўся з ўдзельнікамі з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, распавёў пра развіццё міжнароднай «Альфы».

Цэнтральнай падзеяй дня стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір ГуляйПадчас суботняй Эўхарыстыі, якая супала са святам святога Якуба, апостала, біскуп звярнуўся да служыцеляў з натхняльным словам: «Бог не адкрывае чалавеку адразу ўвесь шлях. Ён просіць толькі аднаго — зрабіць першы крок».

Іерарх падкрэсліў, што галоўная мэта курса «Альфа» — не проста перадаць веды, а дапамагчы чалавеку зрабіць першы свядомы крок насустрач Богу:


«Мы не з’яўляемся ўладальнікамі Божай ласкі. Мы не суддзі чалавечых сэрцаў. Мы не гаспадары Божага Валадарства. Мы толькі супрацоўнікі Хрыста і тыя, хто адчыняе дзверы, праз якія чалавек можа сустрэцца з Богам».

У канцы біскуп заклікаў прыклад святога Якуба, які, пачуўшы пакліканне Хрыста, пакінуў усё і пайшоў за Ім, нават не ведаючы, куды гэты шлях Яго прывядзе:

«Няхай святы Якуб, які першым з апосталаў аддаў жыццё за Хрыста, будзе для нас прыкладам адвагі зрабіць першы крок. І няхай Дух Святы так дзейнічае праз кожнага, хто ўдзельнічае і служыць на Альфа-курсе, каб праз іх адкрытасць, шчырасць, сведчанне і любоў многія людзі зрабілі свой першы крок насустрач Богу і ўжо ніколі не спыніліся на гэтым шляху».

Пасля літургіі іерарх адказаў на пытанні ўдзельнікаў падчас дыялогу ў фармаце «пытанне-адказ», які быў прысвечаны ролі свецкіх у Касцёле.

У другой палове дня адбыліся прэзентацыя дзейнасці служыцеляў з Мінска і трэнінг «Навыкі хрысціянскай камунікацыі». Вечар завяршыла адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і заступніцкая малітва. 

Нядзельная  раніца распачалася супольнай малітвай. Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі падзяліліся ўражаннямі і падвялі вынікі.

Семінар стаў часам духоўнага аднаўлення, знаёмства і абмену вопытам для ўсіх, хто нясе служэнне праз евангелізацыйны курс «Альфа» ў парафіях Беларусі.

Абноўлена 29.07.2026 20:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця