Пошук

02.07.2026 23:50   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

2 ліпеня, ва ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай, у Нацыянальным марыйным санктуарыі ў Будславе прайшла парафіяльная ўрачыстасць, цэнтральным момантам якой стала святая Імша з удзелам Мінскага катэдральнага капітула.

Імшу ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім канцэлебравалі яе Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, канонікі Катэдральнага капітула і іншыя святары. Супольна маліліся кансэкраваныя асобы і вернікі, якія запоўнілі сабой касцёльную прастору немалой па памерах будслаўскай святыні.

Напачатку ўрачыстай Эўхарыстыі прысутных прывітаў пробашч парафіі і кусташ Нацыянальнага санктуарыя ксёндз канонік Аляксей Раманчук. Святар пажадаў ім адчуваць сябе ўтульна ў доме Нябеснай Матулі.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што сёлетні Будслаўскі фэст, які праходзіць пад дэвізам: «Богу хвала — Марыі давер — Касцёлу вернасць»мае асаблівае значэнне, бо адбываецца ў 35-ю гадавіну адраджэння касцёльных іерархічных структур, што дае новы імпульс развіццю Касцёла пасля трох пакаленняў ганенняў.

Тысячы пілігрымаў, паводле яго, імкнуцца ў Будслаў, каб падзякаваць Марыі за апеку, перапрасіць за недасканаласці, атрымаць патрэбныя Божыя ласкі і «падзарадзіць» свае духоўныя акумулятары.

«Мы прыходзім у Будслаўскі санктуарый не як у музей мінулай рэлігійнасці, але як у школу веры, з якой можам чэрпаць сілу для змагання з маральным злом»,

падкрэсліў арцыбіскуп.

Евангелле прадстаўляе сцэну адведзінаў Марыяй святой Альжбеты. Марыя хацела быць не толькі слугой Пана, але і бліжняга, і таму паспяшыла да Альжбеты. Натхнёная Духам Святым, Альжбета адкрывае тое, што схавана ад вачэй, і з радасцю вітае Марыю як Маці Збаўцы. Яна называе Марыю благаслаўлёнай, бо яна пад сваім сэрцам прынесла ў яе дом Езуса.

У адказ Марыя спявае гімн хвалы Богу Magnificat  «Велічае душа мая Пана», бо «вялікае ўчыніў мне Усемагутны». У ім выказана падзяка за дар мацярынства і ласкі, якімі Бог адарыў яе, радасць за спаўненне месіянскіх прароцтваў, а таксама давер і ўпэўненасць у Богу.

Арцыпастыр засяродзіў увагу, што ў сучасным свеце нялёгка быць вучнем Хрыста, бо яго выклікі небяспечныя і пагражаюць нашаму духоўнаму жыццю і цывілізацыі. Мы ведаем, што такое дабро, але часта выбіраем зло.

Папа Леў XIV кажа, што трэба змагацца за дабро, а жыццё ў праўдзе каштуе. Таму праўда веры не можа быць аб'ектам утылітарных кампрамісаў. Яна павінна быць яснай, а не закамуфляванай.

Адносна небывалага дасюль развіцця навукі і тэхналогіі арцыбіскуп Тадэвуш заўважыў, што не ўсё тое, што тэхнічна, магчыма, этычна.

Свет захаплаецца лічбавымі тэхналогіямі, асабліва магчымасцямі штучным інтэлектам, які становіцца ідалам моладзі. Аднак ён можа ўчыніць чалавека падуладным сабе і прывесці да страты зносін паміж людзьмі. Не чалавек як асоба, але штучны інтэлект становіцца іх сябрам. Ён іх слухае, ім раіць, з імі праводзіць час. Ужо прадукуюцца чалавекападобныя гіперрэалістычныя робаты для зносінаў паміж людзьмі.

Усё гэта вядзе да сацыяльнай ізаляцыі, дэгуманізацыі камунікацыі і дэградацыі годнасці, створанага па вобразу і падабенству Божаму чалавека. Таму папа Леў XIV у сваёй першай Энцыкліцы Magnifica humanitas  «Цудоўнае чалавецтва» падкрэслівае, што не тэхналогіі павінны валодаць чалавекам, а чалавек імі.  

Арцыпастыр падкрэсліў, што для сучаснага свету характэрны не толькі заняпад веры, але і сумнеў у існаванні праўды. А гэта, паводле Папы Бэнэдыкта XVI, вядзе да дыктатуры маральнага рэлятывізму, які сцвярджае, што ўсё адносна і няма абсалютнай праўды, бо ў кожнага чалавека свая праўда. У выніку чаго чалавек будуе сваё жыццё не на падмурку Евангелля, але на пяску секулярных тэндэнцый, якія, як дзюны, з дня на дзень змяняюць сваю лакацыю.

Паліткарэктнасць у справах маралі становіцца нормай, а евангельскі радыкалізм адкідваецца, што вядзе да рэлігійнай абыякавасці. У імя прагрэсівізму, які становіцца новай рэлігіяй, адбываецца «пахаванне» павагі да хрысціянства.

Чалавек сваё шчасце шукае ў матэрыяльных каштоўнасцях, знешнім поспеху, камфортным жыцці, папулярнасці. Але калі сутыкаецца з праблемамі, то падвяргаецца выпрабаванням. Тады паўстае пытанне: «На якім баку барыкады мы знаходзімся: духа Евангелля ці духа секулярнага свету, духа праўды ці выгады?»

Без веры ў Бога можна быць паспяховым, але нешчаслівым, бо свет з яго каштоўнасцямі мінае, а Бог, у якім нашае шчасце, застаецца.  

«Таму мы не можам быць абыякавымі да тэндэнцый змены маральнага закону. Не можам задавальняцца мінімалістычна-сітуацыйнай этыкай і павярхоўнай рэлігійнасцю. Нам нельга страціць сваю хрысціянскую тоеснасць і перакананні на карысць спрэчных з імі нормаў секулярнай культуры. Для гэтага неабходна вярнуцца да крыніцы нашай веры — Уваскрослага  Хрыста, да якога Марыя з'яўляецца найкарацейшым шляхам», — падсумаваў іерарх.

«Адведзіны Марыяй Альжбеты павінны натхняць нас разам з ёй здзейсняць нашую жыццёвую пілігрымку, у тым ліку і да няверуючых. Марыя спяшалася ў дом Альжбеты, каб прынесці туды Езуса. Таксама і мы павінны быць "хрыстафорамі" — "тымі, хто нясе Хрыста", бо яшчэ так шмат людзей чакае Евангелля», — сказаў ён.

«Езус выбраў нас у гэты момант гісторыі і паслаў несці Яго вучэнне сучаснаму свету. У Яго няма іншага плану. Ад нас залежыць поспех евангелізацыі нашага грамадства і адраджэння веры, без якой няма збаўлення. Як мы гэтага не зробім, то хто іншы? Як не сёння, то калі, бо заўтра можа быць позна?» — эмацыйна запытаўся арцыпастыр.

Ён нагадаў, што згоднае з духам Евангелля жыццё і місіянерскі дынамізім па прыкладу Марыі гэта выклік у часы грозных амаральных і грамадскіх праблем. Дасягнуць славы можна рознымі спосабамі, але павагу толькі сумленнасцю, дзякуючы чаму можна з гонарам увайсці ў гісторыю.

Гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў заклікам: «Беларусь! Па прыкладу Марыі, не бойся сказаць Богу "так". Не бойся сваім хрысціянскім сведчаннем абвяшчаць вечна жывое і дзейснае Божае слова! Не бойся несці Хрыста сучаснаму свету, каб быць благаслаўлёнай паміж народамі!»

Словамі Ларэтанскай літаніі пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце прысутныя ўшанавалі Маці Божую Будслаўскую. Пасля гэтага вырушыла эўхарыстычная працэсія вакол касцёла, напрыканцы якой спяваўся гімн Te Deum.

Пастырскае благаслаўленне стала завяршэннем духоўнай, самай галоўнай часткі святкавання.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа