Ужо не першы год уліцы Іўя ва ўрачыстасць Божага Цела становяцца арт-пляцоўкай незвычайнай формы сакральнага мастацтва: прыгожых, але, на жаль, недаўгавечных дываноў з кветак.
Жыхары мястэчка каля традыцыйных чатырох алтароў, пры якіх робіць малітоўныя прыпынкі Эўхарыстычная працэсія, рассцілаюць не звычайныя дываны, а выкладаюць дзівоснай прыгажосці ўзоры і карціны з жывых кветак і пялёсткаў.
Стварэнне такіх незвычайных дэкарацый патрабуе шмат часу і працы. Перадусім ячшэ ўвесну трэба паклапаціцца пра тое, каб вырасціць неабходны жывы матэрыял. За некалькі дзён да ўрачыстасці адбываецца ўжо непасрэдная падрыхтоўка — збор кветак: і садовых, і палявых.
Як адзначаецца ў спецыяльным рэпартажы з урачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста ў Іўі на партале Grodnensis.by, у Іўі — горадзе, дзе жывуць прадстаўнікі чатырох веравызнанняў, — кветкамі дзеляцца не толькі католікі, але і прадстаўнікі іншых канфесій і рэлігій.
Працэсія Божага Цела становіцца тут агульнагарадскім святам, выразам адзінства ў разнастайнасці і сапраўднай беларускай талерантнасці, якая асаблівым чынам відаць у Іўі, дзе стагоддзямі ў міры і добрасуседстве жывуць хрысціяне, татары-мусульмане і юдэі.
Кветкі на ўрачыстасць у горад прывозілі таксама людзі з навакольных вёсак.
Для стварэння гэтай прыгажосці жыхары Іўя збіраліся напярэдадні працэсіі, каб будаваць часовыя алтары і разам упрыгожваць іх кветкамі. На світанні, а 5-й гадзіне раніцы, яны пачыналі складаць свае шэдэўральныя дэкарацыі на вуліцах горада.
На цэнтральнай плошчы ў Іўі, дзе ўстаноўлены помнік чатыром веравызнанням, вернікі зрабілі вялікі дыван з кветак, які нагадвае, што сёлета Каталіцкі Касцёл у Беларусі перажывае пастырскі Год сям’і як крыніцы радасці і надзеі моладзі. Таму элементам дэкарацый сталі словы заахвочвання быць сведкамі любові ў сем’ях.
На іншых дыванах былі адлюстраваныя эўхарыстычныя сімвалы і матывы. Стваральнікі дэкарацый такім чынам выражаюць сваю пашану да Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Сёлетняя працэсія Божага Цела ў Іўі, як, зрэшты, і папярэднія, зноў трапіла ў аб’ектывы шматлікіх рэпарцёраў. Паколькі дываны з кветак і пялёсткаў пры ўсёй сваёй прыгажосці вельмі недаўгавечныя, іх імкнуцца зафіксаваць на здымках. Прапануем вашай увазе фотарэпартаж з Іўя, падрыхтаваны нашымі калегамі.