Пошук


16.01.2015 13:17  

«Прыходжу, Божа, споўніць Тваю волю»

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Словы з рэфрэна сённяшняга псальма з'яўляюцца своеасаблівым адказам на заклік Бога, які мы чуем у сённяшняй літургіі слова. Бог кліча - чалавек адказвае на Яго заклік. Пакліканне — гэта Божая справа, якая мае ў сабе таямнічы характар. Дасканалы адказ на гэтае пакліканне можа быць здзейснены толькі праз веру і паслухмянасць. Праз гэтыя цноты мы пазнаем, Хто нас кліча, дзеля чаго і кім мы з'яўляемся перад абліччам Бога, які нас пажадаў паклікаць да здзяйснення Яго волі.

Дарагія! У Езусе Хрысце мы пакліканы да вечнага жыцця. І як Хрыстус прыйшоў у гэты свет, каб выканаць волю свайго Айца, так і мы, паслухмяныя Яго настаўленню, прагнем выконваць Яго волю, каб апраўдаць годнасць Божага дзіцяці, да якой мы сталі ўзнесены праз хрост. Праз веру мы прымаем аб'яўленыя праўды і пазнаем, чым з'яўляецца Божая воля ў нашым жыцці. Паслухмянасць у пакоры нам патрэбная, каб мы лепш пазналі саміх сябе, а праз гэта - што нам належыць рабіць, каб падабацца Богу, каб распазнаць Яго волю ў сваім жыцці.

У нашым хрысціянскім жыцці вера і паслухмянасць заўсёды ідуць побач. Аднак сёння, у кантэксце пачутых чытанняў, асабліва хачу звярнуць увагу на паслухмянасць, якую можна тут разглядаць у трох аспектах. Першы аспект — гэта шлях евангельскай паслухмянасці дзіцяці і юнака, які мы бачым у першым чытанні ў асобе Самуэля. Другі аспект выражаецца ва ўменні апанаваць сваё цела. І нарэшце трэці — гэта прызнанне аўтарытэту ў жыцці дарослага чалавека. Зараз крыху падрабязней разгледзім кожны аспект паслухмянасці.

Калі казаць пра гісторыю Самуэля, то яна распачалася значна раней, чым ён прыйшоў у свет. Асобы, якія звязаныя з Самуэлем, - гэта перш за ўсё яго бацькі Ганна і Элькана, іх жыццё, напоўненае духам малітвы і вернасці Богу. Яны доўгі час прасілі Бога, каб у іх нарадзілася дзіця. Асабліва Ганна рупліва малілася, не губляючы надзею, і, хоць маўчанне Бога было доўгім, яна разам з мужам цярпліва чакала. Ганна нават паабяцала Богу, што калі ў яе народзіцца сын, яна аддасць яго на Божую службу. Неўзабаве яе малітва была пачута, і яна, застаючыся вернай свайму абяцанню, аддала малога Самуэля, каб той выхоўваўся ў святыні пры Эліі, які для яго быў настаўнікам і выхавацелем. Кульмінацыя гэтай гісторыі адбываецца, калі Самуэль чуе нейкі голас, які кліча яго па імені. Не ведаючы, хто гэта, Самуэль вырашае, што клікаў яго святар Элія і таму прыходзіць да яго, кажучы: «Вось я, ты мяне клікаў».

Калі таямнічы голас не перастае прамаўляць да Самуэля, Элія разумее, што ў гэтым голасе праяўляецца пакліканне яго выхаванца. Сам Бог кліча Самуэля. Таму Элія кажа, каб Самуэль захаваў паставу паслухмянасці перад сваім Панам і Стварыцелем. Гісторыя паклікання Самуэля — гэта гісторыя працэсу паслухмянасці. Малады чалавек гарманічна развіваецца ў таямніцы веры, будучы паслухмяным. І як бачым, усё распачынаецца ад сям'і, ад яго бацькоў.

Калі ў нашым жыцці справы веры пастаўлены на належнае месца, не ігнаруюцца, то нашае жыццё паводле гэтай веры атрымлівае адпаведную форму, а перш за ўсё становіцца жыццём у Божай ласцы. Жыццём па-сапраўднаму гарманічным. Бо, калі ў нашым доме ўсё ёсць, нават больш чым трэба, а у сэрцы няма месца для Бога, то такое жыццё не будзе ў поўні гарманічным. Толькі дзякуючы моцнай веры мы можам напоўніць сваё сэрца Богам, а гэта сапраўднае багацце.

Канешне, вера ставіць сур'ёзныя патрабаванні як перад дзецьмі, так і перад бацькамі. Але такія патрабаванні не могуць нас палохаць – яны, наадварот, павінны дапамагаць нам развівацца ў веры, станавіцца сталымі, вопытнымі, мудрымі людзьмі і хрысціянамі. Дзеці павінны быць паслухмянымі сваім бацькам, а бацькам у сваю чаргу трэба мудра выхоўваць сваіх дзяцей у веры, паказаць ім, што свет Бога такі ж рэальны, як і свет, у якім мы жывем. Найлепш бацькі гэта змогуць вытлумачыць дзецям, калі самі будуць жыць паводле веры, калі на асабістым прыкладзе пакажуць, кім з'яўляецца Бог для сям'і і якое для Яго падрыхтавана месца як у іх доме, так і ў іх сэрцах. Таму рэлігійнае жыццё, штодзённая малітва, удзел  у сакрамэнтах, сардэчнасць, лагоднасць, міласэрнасць — усё гэта можа нават без слоў мацней прамовіць, чым калі шмат казаць, але нічога не рабіць.

Мае дарагія! Гісторыя Самуэля практычна паказвае, наколькі нашым сем'ям неабходна ўзрастаць у веры і як у ёй узрастаць. Калі мы сваю сям'ю пабудуем на падмурку веры і паслухмянасці Божаму слову, то наш дом будзе месцам сапраўднай свабоды, месцам, дзе адно аднаго шануюць, паважаюць і любяць - толькі так можна дасканала выконваць Божую волю. Толькі ў атмасферы пашаны і любові! Калі праз веру мы падрыхтавалі свае сэрцы для Бога, то Ён сам дасць кожнаму з нас неабходную перспектыву нашага развіцця, каб мы максімальна выкарысталі ўсе свае рэсурсы і таленты, каб стаць лепшымі і непаўторнымі. Гэта неверагодная ласка для веруючага чалавека.

Другі аспект паслухмянасці выдатна раскрывае святы апостал Павел у другім чытанні, калі кажа аб сур'ёзнай небяспецы, якая падсцерагае чалавека, не шануючага сваё цела. Крыніцу гэтай дысгармоніі апостал бачыць у заспакаенні цялесных пажаданняў. Таму ён вельмі канкрэтна звяртаецца да Карынцянаў, асцерагаючы іх перад неапанаваннем сябе ў сексуальнай сферы. Бо гэта прыносіць сур'ёзную шкоду не толькі целу, але і душы. Святы Павел выразна аргументуе, што той, хто не цэніць сакрамэнт хросту і здзекуецца над сваім целам, чыніць грэх, бо «цела ж не для распусты, але для Пана, і Пан для цела. Ці не ведаеце, што целы вашыя — гэта святыня Духа Святога. Таму слаўце Бога ў целе вашым!» Апостал выразна бачыць, што людзі, якія дапускаюць распусту ў сваім жыцці, губляюць рэлігійную ўражлівасць, іх богам становіцца цялесная пажадлівасць і справы з ёй звязаныя.

Я лічу, калі ўважліва прыгледзецца да сучаснага свету, то словы апостала Паўла вельмі актуальныя і зараз. Тэндэнцыі сучаснай моды і культуры вельмі цесна звязаны з культам цела. Гэта можна заўважыць калі не ўсюды, то шмат дзе: у кіно, тэлебачанні; у газетах, часопісах, кнігах; на бязмежных прасторах інтэрнэту... Адзіны сродак, які можа для нас стаць лекам і вызваліць з дэструктыўных уплываў сучаснага свету- гэта ўсведамленне асаблівай Божай прысутнасці ў нас, таго, што мы з'яўляемся святыняй Духа Святога, таму нашыя целы павінны быць не для распусты, але для праслаўлення Бога. Таму варта быць удзячным Богу за гэты дар, які мы атрымалі падчас сакрамэнту хросту. Чалавек толькі тады будзе здольны запанаваць над сабою і над сваім целам, калі ўсвядоміць годнасць свайго цела і шчыра за гэта падзякуе Богу.

І ўрэшце, чалавек, які дасканала пануе над сабою, пачынае шукаць аўтарытэтаў. Менавіта ў гэтым пошуку здзяйсняецца асноўнае фарміраванне веры. У такім стане, калі мы шукаем праўды, то сутыкаемся з адваротным стэрэатыпам - так званага быцця дарослым. Гэты стэрэатып кажа, што нам усё дазволена, што жыццё трэба пражыць па максімуму, трэба ўсяго пакаштаваць і гэтак далей. Аднак, мае дарагія, на нашую сталасць у веры ўплывае евангельскі стыль жыцця, што ў сваю чаргу робіць нас здольнымі крытычна думаць і ацэньваць як свае паводзіны, так і рэчаіснасць, у якой мы знаходзімся. А падобны крытычны падыход уплывае не толькі на нашыя паводзіны, але і на жыццё наогул. І гэта адбываецца ў святле веры.

Калі я знаходжу для сябе падобны аўтарытэт, то ён уплывае на мае думкі, на мой светапогляд і на мае паводзіны. Калі я бачу, што вектар майго жыцця адрозны ад вектару майго аўтарытэта, то я імкнуся выправіць свой жыццёвы вектар. Я стараюся наследваць ва ўсім таго, хто для мяне з'яўляецца гэтым аўтарытэтам.

Сённяшняе Евангелле паказвае двух вучняў, якія мелі настаўнікам Яна Хрысціцеля, але калі той указаў на Езуса як на Месію, паказаў сапраўдны аўтарытэт, годны да наследвання, то гэтыя два вучні адразу пайшлі за Езусам. На канчатковы выбар жыццёвай дарогі гэтых вучняў – верагодна, імі былі Андрэй і Ян, - паўплывала шчырая размова з Езусам, у якой вучні, пачуўшы слушныя аргументы, вырашылі здзейсніць свой выбар раз і назаўсёды. Яны знайшлі для сябе годны аўтарытэт. А як з намі? Ці бачым мы ў Езусе Хрысце таго, хто здольны перамяніць нашае жыццё, ці вырашым, як тыя вучні, наследваць Яго, але па-сапраўднаму, без пародый на веру?

Дарагія! Варта прыгледзецца да гэтых трох аспектам паслухмянасці, бо праз іх рэалізуецца хрысціянская сталасць у нашым жыцці. Калі мы перад сабою ставім пытанні адносна веры, то значыць імкнемся атрымаць адказы. Так, як гэта ўчынілі вучні Яна Хрысціцеля. Уменне разважаць аб вечных каштоўнасцях, жаданне іх наследваць у сваім жыцці – гэта прыярытэт нашага жыцця. Калі я чалавек веруючы, то я паслухмяны праўдам веры, якую вызнаю. Таму шуканне праўды — гэта нашае заданне, пакуль жывем на зямлі. У поўні гэтую праўду можна знайсці толькі ў Езусе Хрысце. А каб, знайшоўшы, не згубіць яе, трэба быць паслухмяным гэтай праўдзе. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа