«Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі!»
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Сёння мы з вамі чуем словы, якія абвяшчаюць радасць і надзею для ўсяго чалавецтва, усіх часоў і народаў. Гэтыя словы, якія запісаў евангеліст Лука, асабліва сёння скіраваныя да нас з вамі: «...Нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан». Нарэшце споўніўся Адвэнт, нашае чаканне рэалізавалася ў таямніцы Уцелаўлёнага Слова! Нездарма хвала і супакой — гэта адпаведная атмасфера, у якой нараджаецца Божае Слова.
Умілаваныя! Добрая вестка сённяшняй ночы асвятляе нашыя сэрцы, апраменьвае іх святлом Божай хвалы, так, як некалі пастушкоў, якія вартавалі ўначы свой статак. Анёл супакойвае іх. Не бойцеся! — кажа ён. — я абвяшчаю вялікую радасць вам і ўсім людзям. Сёння менавіта мы — тыя людзі, якім абвяшчаецца радасць, радасць вялікая! Евангеліст Лука вельмі старанна апрацаваў гэты ўрывачак з Евангелля, які мы сёння пачулі. Здаецца, ён узважыў кожнае слова, кожны эпітэт, які скіраваў да Немаўляці Езуса, каб перадаць словамі незвычайную атмасферу Божага Нараджэння, тую атмасферу, якой здольныя пранікнуцца і захапіцца нашыя сэрцы, адаруючы Уцелаўлёнае Слова. Калі прыслухаемся яшчэ раз да гэтых словаў: «...Хвала Пана асвяціла іх... Нарадзіўся Збаўца... Хрыстус Пан», то ўжо можам адчуць веліч гэтай падзеі Божага Нараджэння.
Дарагія браты і сёстры! Кожны год мы нанова адкрываем таямніцу бэтлеемскай стаенкі, бо ў цэнтры яе — Уцелаўлёны Бог. Можа, мы да гэтага ўжо прызвычаіліся, а можа, нашыя штодзённыя праблемы і клопаты не дазваляюць нам яшчэ раз перажыць узнёсласць і захапленне гэтай таямніцай, можа, мы так стомленыя жыццём, што нам цяжка знайсці гэтую радасць у сабе. Тым не менш Хрыстус нас запрашае, каб нашая радасць ішла ад сэрца, каб гэта не былі толькі эмоцыі, толькі павярхоўнасць і захапленне знешнімі дэкарацыямі гэтага свята. Таямніца Божага Нараджэння — гэта значна больш.
Ціхая і святая ноч адкрываюць перад намі рэчаіснасць нашай веры, што Дзіця, якое мы адаруем у яслях, з’яўляецца Богам, нашым Стварыцелем і Збаўцам. А мы, тыя, хто чуе гэтую радасную вестку, мы таксама ўдзельнікі гэтай таямніцы, паколькі дзеля нас Бог уцелавіўся. Ці не годна гэта з нашага боку вялікай радасці і захаплення?! Прымем жа Езуса, які нарадзіўся, і, схіліўшыся ў пакоры, будзем адараваць Яго старанна і з вялікай радасцю.
У Першым пасланні святога апостала Яна чытаем такія словы: «Жыццё аб’явілася, і мы бачылі, і сведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыццё, якое было ў Айца і аб’явілася нам». Дарагія! Вось тое жыццё, якое асабліва сёння аб’яўляецца нам. Новае жыццё — нараджэнне Божага Сына. І таму, умілаваныя, нашае жыццё, як веруючых людзей, залежыць ад гэтай добрай весткі і ад таго, што абвяшчаюць Мацвей, Марк, Лука і Ян.
Сёння для цябе і мяне нарадзіўся Збаўца, гэтае маленькае Дзіця, якое з’яўляецца Богам. «І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях». Гэтае немаўля і ёсць тым Эмануэлем, тым Богам з намі. Вельмі незвычайна, што Бог аб’явіўся людзям у гэтым свеце, Яго нараджэнню не спадарожнічалі фанфары, не ў палацы Яго туліла да грудзей маці, а ў нейкай беднай стаенцы. Гэта вельмі добра пераклікаецца з тым, што некалі ў будучым Езус скажа сваім вучням: «Я прыйшоў не дзеля таго, каб Мне служылі, але каб служыць і аддаць сваё жыццё на адкупленне многіх». Пакора — гэта логіка самога Бога, які прыйшоў на гэты свет. Калі мы жадаем быць Яго вучнямі, то нам трэба наследваць не толькі гонар і прыналежнасць да Хрыста, але і ўменне быць пакорным, а гэта значыць не баяцца служыць сваім братам, так, як і Хрыстус не баяўся.
Умілаваныя! Бог настолькі моцны і ўсемагутны, што змог нарадзіцца ў беднасці і галечы. Бо сваёй беднасцю Ён нас узбагачае. Наколькі мы ведаем нашага Збаўцу Езуса Хрыста? Наколькі Ён для нас блізкі? Каб гэта зразумець, трэба быць верным Божаму Слову і з вераю прымаць Яго бязмежную Боскасць, злучаную з чалавечай натурай — гэта можа нас насамрэч захапіць і наблізіць да таямніцы сённяшняй Бэтлеемскай ночы. З гэтых ясляў усё распачалося: Бог увайшоў у свет і паказаў, што Хтосьці стаў па-чалавечы Богам і па-Божаму чалавечы.
Дарагія! Наколькі каштоўным павінна быць нашае жыццё, калі сам Бог прымае нашу чалавечую натуру, яднаецца з намі назаўсёды. Напэўна, звычайная чалавечая любоў не была б ніколі да такога здольная, а вось любоў Бога да слабога і грэшнага чалавека паставіла ў нашай гісторыі неверагодны рэкорд. Бог палюбіў нас і таму прыйшоў на гэты свет. Пажадаў нарадзіцца ва ўмовах амаль жабрака. Праз гэта Езус нас вучыць Божай логіцы — логіцы любові. Таму сёння, адараючы Уцелаўлёнае Слова пры Яго яслях, скажам сэрцам важныя словы — не толькі «Божа мой, як я моцна Цябе люблю», але і «Божа, як Ты мяне моцна любіш!». Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
Гамілія на Імшу пастэрку (24 снежня)
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .