Пошук

05.12.2014 15:12  

Дарагія браты і сёстры! Сёння, у другую нядзелю Адвэнту, Евангелле распавядае нам пра Яна Хрысціцеля, якога прарок Ісая называе анёлам, пасланым Богам, а таксама голасам таго, хто кліча ў пустыні: «Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму».

Гэтыя словы гучаць на працягу многіх стагоддзяў і даходзяць да нас, становячыся не менш актуальнымі ў наш час. Нам таксама, як некалі сучаснікам Яна Хрысціцеля, трэба перажыць навяртанне, каб спаткацца з Езусам Хрыстом. Час Адвэнту заахвочвае і спрыяе гэтаму спатканню, таму нам патрэбна рашучае навяртанне — гэта значыць выйсці насустрач прыходзячаму Хрысту. Гэта таксама значыць пакінуць той лад жыцця, які не спрыяе наследванню Хрыста. А выйсці насустрач прыходзячаму Хрысту можам з радаснай вераю на простай сцежцы нашага жыцця, якая і вядзе да Хрыста.

Вось чаму сёння чуем заклік Яна Хрысціцеля: «Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму». Бо калі выпрастаем дарогу свайго жыцця, то перажывем сапраўднае навяртанне. Мы будзем перакананыя ў тым, што Бог, які заўсёды нам верны, пераможа ў нас усё тое, што не паходзіць ад Яго і да Яго не вядзе.

Таму, дарагія браты і сёстры, Адвэнт — гэта час чакання і надзеі. Але не час пасіўнага чакання — наадварот, час чакання ў руплівасці да малітвы, да Божага слова і справаў міласэрнасці. Праз гэта мы рыхтуем дарогу Пану.

Што значыць выйсці насустрач Адкупіцелю? Калі задумацца, то можам прыйсці да высновы, што дзеля гэтага нам патрэбна наша актыўнасць. Бо калі чалавек хоча з кімсьці сустрэцца, яму перш за ўсё трэба вырушыць з месца. І Адвэнт у такім значэнні для нас з’яўляецца спрыяльным перыядам, калі можна рэалізаваць гэта — вырушыць з месца.

Аднак самога вырушэння мала: патрэбна штосьці большае, а менавіта змена жыццёвай паставы. Духоўная лянота ў сваю чаргу наадварот аддаляе нас д Бога. У яе выпадку атрымоўваецца, што мы не імкнемся сустрэцца з Богам, але праз духоўную ляноту ад Яго ўцякаем. Можам узгадаць шмат веруючых, якія ў практыкаванні сваёй веры засталіся на ўзроўні дзіцячых пацераў або прымусовай нядзельнай Імшы. Умілаваныя, калі мы насамрэч хочам спаткацца з Панам, нам трэба вызваляцца з духоўнай ляноты, як таксама і з духоўнага недаразвіцця. Калі мы бачым свае памылкі і ў нас ёсць жаданне іх выправіць — гэта ўжо вельмі вялікі прагрэс у  нашым духоўным жыцці. Засталося толькі яго актывізаваць.

Наступным вельмі важным крокам у спатканні з Панам з’яўляецца абранне правільнага кірунку. Паглядзіце: немагчыма з кімсьці сустрэцца, калі людзі ідуць у адваротных накірунках. Калі кажам аб спатканні з Месіяй-Хрыстом, то наш няправільны накірунак праяўляецца ў немаральных паводзінах, у парушэннях Божых запаведзяў, калі жывем нязгодна з наказам Хрыста адносна любові да Бога і бліжняга. Нельга спаткаць Хрыста, калі чалавек грашыць штораз больш і замест пакаяння толькі апраўдваецца. Усё гэта і ёсць тым няправільным накірункам, які нас ніколі не прывядзе да спаткання са Збаўцам.

І яшчэ ёсць адзін істотны элемент у гэтым выхадзе насустрач. Трэба быць уважлівым, каб не размінуцца з асобаю, з якой жадаеш сустрэцца. Бо здараецца так, што можна прайсці міма і не заўважыць таго, з кім хочаш сустрэцца. Калі жадаеш спаткацца з Хрыстом, дарагі брат, дарагая сястра, трэба ўмець распазнаваць знакі, якія Бог паказвае у маім жыцці. Гэта значыць праз пэўныя жыццёвыя здарэнні, як радасныя, так і сумныя ці, можа, нават трагічныя, трэба ўмець распазнаць волю Бога, умець перад Ім скарыцца, але толькі ў пакоры, а не ў бяссіллі, нянавісці або роспачы.

Дарагія! Істотай гэтага спаткання ці выхаду насустрач, аб якім мы разам з вамі разважаем у святле сённяшняга Божага слова, з’яўляецца пазітыўны вынік гэтага спаткання. Спатканне з Панам павінна прынесці плёны ў нашым жыцці. Святы Ян Павел ІІ казаў: «Увесь пілігрымуючы Касцёл духоўна выходзіць на спатканне з доўгачаканым Месіяй. Бог — гэта Той, хто прыходзіць: прыйшоў да нас у асобе Езуса Хрыста і надалей прыходзіць у сакрамэнтах Касцёла і ў кожным чалавеку, які патрабуе дапамогі, і Ён прыйдзе напрыканцы часоў у хвале. Таму Адвэнт з’яўляецца часам асаблівай увагі і чування, ажыўленага любоўю і надзеяй, якое выражаецца ў малітве праслаўлення і просьбы, разам з учынкамі братэрскай любові…»

Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце! Асоба святога Яна Хрысціцеля, якую сёння Евангелле прадстаўляе як голас у пустыні, што заклікае да выпрастання сцежак Пану, цудоўна ўпісваецца ў гэтае адвэнтавае чуванне. Ян Хрысціцель з’яўляецца выдатным прыкладам таго, як такое чуванне ў жыцці рэалізаваць. Мы таксама можам стаць падобнымі да Яна Хрысціцеля, калі паслухаем ягоны заклік адносна навяртання — быць верным Хрысту, якога абвяшчаеш, жыць тым, у што верыш і чаму навучаеш.

Здаецца, усё так проста, але і складана адначасова. Гэта праца не аднаго дня, а ўсяго жыцця, а паколькі мы маем гэты дар жыцця, то нельга марнаваць ніводнай нагоды, якая нас можа наблізіць да Бога. Важна памятаць аб чаканні Пана, на якое асаблівую ўвагу звяртае перыяд Адвэнту, каб стварыць у сваім сэрцы годны плод пакаяння, і тады нашае спатканне з Хрыстом праз веру будзе адчувальна ўжо зараз. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця