Дарагія браты і сёстры! Урачыстасць Усіх Святых, на якую мы сёння разам сабраліся, мае радасны характар. Літургія сённяшняга дня вельмі выразна падкрэслівае Надзею. Бачыце, якую любоў даў нам Айцец, - чуем у пасланні апостала Яна, і мы будзем падобныя да Бога, таму што ўбачым Яго такім, якім Ён ёсць. Хто мае такую надзею на Яго, робіць сябе беззаганным.
Мае дарагія, хачу задаць вам пытанне: хто такія святыя? Напэўна, адказ вам вядомы: гэта тыя кананізаваныя, благаслаўлёныя, каго Касцёл чыніць узорам святасці, але не толькі. Гэта таксама і тыя, хто атрымаў ласку збаўлення. Хто праз веру і жыццёвыя выпрабаванні застаўся верным Богу даканца і ў вечнасці цешыцца агляданнем Бога тварам у твар. Святы — гэта той, хто прыняў дар збаўлення.
Сённяшняе першае чытанне адкрывае вобраз мноства святых, якія прыходзяць да Бога: вялікі натоўп, якога ніхто не мог палічыць, з усіх народаў. Гэта тыя, хто прыйшоў з вялікага ўціску і абмыў адзенне сваё, і выбеліў яго ў крыві Ягняці. Інакш кажучы, гэта тыя людзі, якія не саромеліся ў сваім жыцці прызнацца ў адданасці Хрысту. Яны не баяліся даваць сведчанне сваёй веры ў Хрыста, які памёр і ўваскрос. Яны не баяліся выклікаў свету! Нават самыя жудасныя цярпенні і пакуты не ў сілах былі разарваць сувязь веры, якую яны мелі ў сваім сэрцы. Толькі Ён, Хрыстус, дае сапраўднае жыццё, Толькі Ён можа выбеліць адзенне бруднай чалавечай душы, якую запляміў грэх.
Напэўна, у кожнага святога быў свой асабісты шлях, свая жыццёвая гісторыя, свая ўласная сустрэча з Хрыстом. Касцёл нам дае святых не для таго, каб мы іх капіравалі, але каб наследавалі ў іх тое, што нас захапляе ў дарозе да святасці. Мы павінны быць сабою, а пры гэтым штосьці з жыцця нейкага святога ўзяць сабе на заметку. Нам не трэба паўтараць жыццё, напрыклад, св. Бэрнарда, св. Аўгустына, св. Тэрэзы ці св. Айца Піо.
Нам трэба самім пражыць сваё жыццё, і таму вельмі важна ў ім браць урокі ад святых. Вучыцца таму, як я зараз магу рэалізаваць святасць у сваім жыцці. Выкарыстоўваючы ўсе сродкі і магчымасці, якія мне дае жыццё зараз. “Будзьце святымі, бо Я святы”, – гэтыя словы мы можам прачытаць у першым пасланні апостала Пятра. Яны актуальныя і зараз. Гэта заахвочванне, якое нам дае сам Бог, каб мы былі святымі, паколькі святы сам Бог.
Святасць – гэта нашае пакліканне. І яно распачынаецца ўжо тут, на зямлі. Нельга аддзяляць жыцця зямнога ад вечнасці. Бо мы тут, на зямлі, здольныя зрабіць вектар, накірунак для нашай вечнасці. Як Езус адказвае на пытанне, дзе Божае Валадарства: яно тут, сярод вас.
Прыходзячы ў свет, чалавек пакліканы да святасці, да таго, каб браць удзел ў радасці Божага Валадарства, каб цешыцца перамогаю Хрыста і мець жыццё. Бо святасць — іншымі словамі гэта Збаўленне. Гэта адказ “так” на Божую прапанову. Мы створаныя Богам без нашай згоды, але быць збаўленымі без нашай асабістай згоды мы не можам. Бог нас насілу не збавіць. Але і выключна сваімі ўчынкамі мы таксама не ў стане атрымаць Хрыстовае апраўданне. Дык як тады нам быць? Што значыць быць святым?
Умілаваныя! Быць святым – гэта ствараць гармонію між вызнаванай вераю і жыццём. Гэта значыць супрацоўнічаць з Божай ласкай. Быць святым — гэта не значыць хадзіць па аблоках ці будаваць паветраныя замкі. Быць святым – гэта значыць быць рэалістам, Хрыстовым рэалістам. Які цвёрда ступае нагамі па зямлі, а сэрцам дакранаецца да неба. Наследаваць Хрыста на кожны дзень свайго жыцця: ці гэта радасны дзень, ці дзень, поўны расчаравання і болю, - вось нашае з вамі заданне! “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас“, — кажа Пан.
Вось наш накірунак да святасці: прыйсці да Езуса, нягледзячы ні на што. Бо толькі Ён можа нас па-сапраўднаму супакоіць. І ўжо тут, на зямлі, Езус дае нам надзею і прадсмак вечнага жыцця. Ён дае нам заступнікаў у асобе святых, каб агонь нашай надзеі не згас. Каб нас не знеахвоціў свет і цяжкасці жыццёвых выпрабаванняў.
Святыя — не для таго, каб мы з імі спаборнічалі: хто лепшы і больш пабожны ў Валадарстве Нябесным. Але каб мы, даверыўшыся іх падтрымцы, гэтай еднасці святых, смела крочылі па жыцці, ні на крок не адыходзячы ад мэты, якой ёсць нашае збаўленне. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD