Пошук

03.09.2022 11:00   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Нясенне крыжа. Фрагмент. Мастак Тыцыян

1 чыт.: Мдр 9, 13–18b;
Пс 90 (89), 3–4. 5–6. 12–13. 14 і 17;
2 чыт.: Флм 9b–10. 12-17;
Ев.: Лк 14, 25–33

Ненавідзець родных?..

Сённяшні евангельскі ўрывак патрабуе ад нас асаблівага высілку, каб у правільным духу прыняць той выклік, які гучыць у словах Пана Езуса. Ненавідзець сваіх бацькоў, дзяцей, мужа ці жонку, братоў і сясцёр? Ці наш Пан і Настаўнік сапраўды мае на ўвазе тое, што кажа? І як гэта сумясціць са старазапаветнай запаведдзю шанаваць бацьку і маці, якую пацвярджае Езус (пар. Мк 7, 10–13), або з тым, як Ён прымае і благаслаўляе дзяцей, якіх да Яго прыносяць бацькі (пар. Мк 10, 13–16)?

Напэўна, даслоўнае выкананне сённяшніх словаў Езуса супярэчыла б сутнасці Ягонага паслання.

(Тут варта заўважыць, што ў паралельным урыўку евангеліст Мацвей лагодзіць заклік Езуса, кажучы пра патрабаванне большай любові да Яго, чым да родных (пар. Мц 10, 37). Але гэта не адмяняе радыкалізму, змешчанага ў гэтых наказах.

Зрэшты, у самых словах Пана знаходзіцца ключ, паводле якога трэба разумець такія парадаксальныя выказванні: быць вучнем Езуса — вось крытэрый, паводле якога мы павінны ацэньваць нашыя эмацыянальныя і афектыўныя повязі з людзьмі, пачынаючы ад самых блізкіх. Калі мае адносіны з кім-кольвечы засланяюць адносіны з Крыніцай майго збаўлення, іх трэба «ненавідзець» — гэта не значыць ставіцца агрэсіўна да асобы, але адкідаць той непарадак, які ўзнікае ў выніку няправільнай паставы, і актыўна супрацьдзейнічаць такому стану рэчаў.

На жаль, бывае так, што юнак ці дзяўчына адчуваюць пакліканне, каб прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу і Касцёлу, але бацькі нязгодныя з такім жаданнем і перашкаджаюць яго рэалізаваць. Тады чалавеку даводзіцца выбіраць, каму быць верным: меркаванню родных людзей ці голасу Духа, які гучыць у душы.

Любоў паміж мужам і жонкай — прыгожая і цудоўная рэч, але ў хрысціянскім сужэнстве Езус не можа быць «трэцім лішнім»; узаемная прывязанасць сужонкаў не можа станавіцца перашкодай для таго, каб у першую чаргу кожны з іх любіў усёй душой і ўсімі сіламі Бога і быў верным Крыніцы жыцця і ўсялякага дабра.

Насамрэч любоў да Езуса не адмаўляе і не ўшчамляе нашай любові да блізкіх, а, наадварот, вядзе нас да таго, каб любіць лепш і глыбей.

Любіць па-сапраўднаму — гэта бачыць у нашых блізкіх не проста тых, хто звязаны з намі кроўнымі повязямі, а кагосьці большага; успрымаць іх не толькі ў якасці тых, хто задавальняе нашыя эмацыйныя і матэрыяльныя патрэбы, а як тых, хто мае вышэйшае прызначэнне ў жыцці.

У школе Настаўніка

Езус наказвае перагледзець не толькі нашыя адносіны з блізкімі людзьмі, але і стаўленне да ўласнага жыцця. Напэўна, менавіта тут большасці з нас у першую чаргу трэба зрабіць рахунак сумлення і даследаваць, што ў маіх памкненнях, звычках, перакананнях служыць таму, каб быць сапраўдным вучнем Езуса, а што гэтаму перашкаджае — і ненавідзець не саміх сябе, але неўпарадкаваныя прывязанасці і аблуду ў сваім жыцці.

Наказ ненавідзець сваё жыццё, ці, інакш кажучы, адрачыся ад сябе, мае на ўвазе, канечне, не адмову ад таго, што вызначае нашу сапраўдную каштоўнасць і годнасць, а вайну са сваім эгаізмам, які вымушае нас шукаць задавальнення і шчасця там, дзе можам знайсці толькі фальшыўку. Гэта таксама нязгода быць падуладнымі страху і хворай закамплексаванасці, якія нас паралізуюць. Пан Езус — Настаўнік, які вядзе чалавека да сапраўднай свабоды. Быць Ягоным вучнем значыць ведаць сваю патрэбу ў Ім і Ягоным збаўленні, у пакоры прызнаваць, як сцвярджае сённяшняе першае чытанне, што «разважанні смяротных нясмелыя <…> тленнае цела прыгнятае душу».

Без дару мудрасці звыш мы сапраўды няздольныя спасцігнуць не тое, што Божыя таямніцы, а нават сваё ўласнае прызначэнне.

Таму нам трэба пастаянна памятаць, што нам трэба «хадзіць у школу» да нашага нябеснага Настаўніка, услухоўвацца ў Ягоныя словы, каб «выпрасталіся сцежкі зямных жахароў і людзі навучыліся таму, што прыемна Табе». Гэта выдатная пастанова на пачатак новага навучальнага года: разам са школьнікамі і студэнтамі аднавіць у сабе імкненне напаўняцца той мудрасцю, якая паходзіць з Евангелля, а не з «разважанняў смяротных».

У прыпавесцях, якія з’яўляюцца часткай выказванняў Езуса ў сённяшнім урыўку, Пан заахвочвае да распазнавання: да таго, каб умець глядзець на рэчаіснасць у святле нашага прызначэння і цвяроза ацэньваць шлях да мэты.

На мінулым тыдні Папа Францішак распачаў цыкл катэхез, прысвечаных менавіта тэме распазнавання, уменню рабіць правільны выбар перад Панам. На працягу бліжэйшых тыдняў нам, напэўна, варта прыслухоўвацца да настаўленняў Папы, жадаючы адкрыцца на тое духоўнае святло, што захоўвае для нас традыцыя Касцёла.

Мудрасць Крыжа

Мудрасць Евангелля — мудрасць крыжа, якую гэты свет лічыць глупствам, як сцвярджае святы Павел (пар. 1 Кар 1, 22–24). Сёння ад Езуса мы чуем у чарговы раз напамін, што быць Ягоным вучнем значыць несці свой крыж падобна таму, як Ён узяў крыж нашага збаўлення на свае плечы.

Нясенне крыжа, да якога заклікае Езус, — гэта ў першую чаргу не нейкая асаблівая аскеза і гераічнае шуканне дадатковых цяжараў, а прыняцце тых выклікаў, з якімі мы непазбежна сустракаемся ў нашым жыцці, як неабходнай часткі шляху нашага збаўлення. Гэта рэалістычная адмова ад чаканняў, што жыццё павінна быць заўсёды прыемным шпацырам. Цяжкая сямейная сітуацыя, непаразуменне, насілле ці алкагалізм блізкіх, разбітыя сем’і, агрэсіўныя і несправядлівыя адносіны ў грамадстве, на месцы працы ці з суседзямі, цяжкае эканамічнае становішча — вось што можа быць нашым крыжам… Але таксама нашы ўласныя слабасці, заганы, ад якіх пакуль што не можам цалкам пазбавіцца, залежнасць, няўменне дараваць, прымірыцца і любіць па-сапраўднаму…

Калі сёння чуем заклік Хрыста, нам варта памятаць, што крыж — не самамэта і не праклён, а наш спосаб быць падобнымі да нашага Пана з вераю, што несучы свой крыж мы ідзем за Ім.

Варта таксама пастарацца засяродзіцца не на непрыемным аспекце адрачэння і адмовы, які змешчаны ў вобразе крыжа, але перадусім верыць, што для Езуса крыжовы шлях стаў шляхам любові да канца — спосабам перамагчы зло і смерць. У гэтай перамозе — у перамозе ўваскрасення — мы ўдзельнічаем, калі ідзем за нашым Настаўнікам і Панам, беручы прыклад з Яго. Няхай жа Ён надзеліць нас сваёй ласкай, каб мы ўмелі браць свой крыж і несці яго з любоўю. Амэн.

Абноўлена 03.09.2022 11:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа