
25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, у чарговы раз будзе адзначацца Сусветны дзень святасці жыцця. З гэтай нагоды Каталіцкія Біскупы Беларусі кіруюць адмысловы Пастырскі ліст да духавенства, кансэкраваных асоб, вернікаў і ўсіх людзей добрай волі.
Шаноўныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце Пану сёстры і браты!
Сёння перажываем V Нядзелю Вялікага посту. Праз удзел у набажэнствах Вялікага посту мы глыбока занураемся ў таямніцу мукі і смерці нашага Пана Езуса Хрыста. І хаця разважанне над пакутамі Езуса выклікае ў нас боль, мы ведаем, што ў канцы гэтага шляху нас чакаюць змёртвыхпаўстанне, перамога Хрыста над цярпеннем і смерцю.
Літургія Вялікага посту засяроджваецца на адчуваннях чалавечага цела, якое то зазнае вялікі боль і пакуты, то спакой, выздараўленне, ажно да вяртання да жыцця. Пачутыя на пачатку Вялікага посту словы Эклезіяста ўказваюць на «марнасць марнасцяў», гаворачы нам, што нашае цела слабае і ўсё праміне (пар. Экл 1, 2).
Падобна і Пан Езус, прымаючы чалавечае цела, хацеў прыпадобніцца да нас ва ўсім, апроч граху. У гэтым перыядзе літургічнага года мы так выразна бачым Езуса, які перажывае славу, як напрыклад у Пальмовую нядзелю, але таксама зазнае прыніжэнне і вялікія пакуты, прымаючы смерць на крыжы. Гледзячы на гэтыя падзеі, мы ўсведамляем, наколькі крохкім і слабым ёсць чалавечае цела, якое падвяргаецца знясіленню і знішчэнню.
І хаця цела чалавека тленнае і схільнае да граху, яно адначасова з’яўляецца святыняй Духа Святога. Гэтую праўду нагадвае нам Павел з Тарса, які звяртаецца да рымлян, гаворачы, што ў нашым целе жыве Дух Святы і ў тым жа целе аб’яўляецца моц Хрыста. А паколькі нашае цела — гэта святыня Духа Святога, то яно не можа быць прадметам распусты, а толькі найбольшай пашаны (пар. 1 Кар 6, 19–20). Нашае цела не належыць нам, яно куплена «за вялікую цану» праз смерць і змёртвыхпаўстанне Езуса, а падзеі Вялікага посту нам пра гэта нагадваюць.
У календары сёлетняга Вялікага посту Касцёл прапануе нам святкаваць урачыстасць Звеставання Пана. Ужо праз некалькі дзён, 25 сакавіка, мы чарговы раз будзем запрошаныя ў Назарэт, у дом Марыі, дзе адбыліся вялікія справы. Гэтая падзея, дыялог, удзельнікамі якога былі Арханёл Габрыэль і Марыя, паўплывала на лёс усяго чалавецтва. Бог з дапамогай і са згоды Марыі пасылае ў свет свайго Сына. Ужо шмат гадоў ва ўрачыстасць Звеставання Пана Касцёл адзначае Дзень святасці жыцця. Такім чынам Касцёл заахвочвае, каб мы, сузіраючы сцэну звеставання, зразумелі важнасць і святасць чалавечага жыцця, ад яго пачатку ажно да натуральнай смерці.
Падчас звароту да дыпламатаў 9 студзеня 2026 года Святы Айцец Леў XIV заклікаў увесь свет, сабраны ў асобах паслоў, паважаць чалавечае жыццё, звярнуўшы ўвагу, што права на жыццё з’яўляецца фундаментам усіх іншых правоў чалавека, а значыць, права на свабоду і развіццё грамадстваў.
«Грамадства толькі тады з’яўляецца здаровым і сапраўды развіваецца, калі яно абараняе святасць чалавечага жыцця і актыўна дзейнічае ў яго руху наперад»,
— падкрэсліў Святы Айцец.
Ён вызначыў вельмі канкрэтны шлях і план на будучыню ўсіх дзяржаў і нацыянальных супольнасцей: абарона чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці, а таксама клопат пра сям’ю як аснову грамадстваў. «Пакліканне да любові і да жыцця … звязанае з фундаментальным этычным імператывам, каб даць сем’ям магчымасць прыняць і цалкам апекавацца ненароджаным жыццём», — патлумачыў Папа.
Доўгія гады Касцёл у Беларусі ўдзельнічае ў абароне жыцця ад яго пачатку да натуральнай смерці. У ліку шматлікіх ініцыятыў, якія ажыццяўляюцца, ёсць «Духоўнае ўсынаўленне», якое прыцягвае дзясяткі тысяч вернікаў Каталіцкага Касцёла і людзей добрай волі ў Беларусі дзеля абароны зачатага жыцця. Справа датычыцца ўдзелу канкрэтных людзей у барацьбе з абортам, які, як кажа Святы Айцец Леў XIV, «перарывае жыццё, якое развіваецца, і адкідае прыняцце дару жыцця» (Леў XIV, 09.01.2026, Аўдыенцыя для дыпламатаў).
Сапраўды, у сучасным свеце найбольш безабаронным ёсць чалавек, які знаходзіцца ва ўлонні маці. Яго бездапаможнасць і немагчымасць абараніцца прыводзяць да таго, што ён залежыць ад той жанчыны, таго мужчыны, якія, будучы ў грамадстве, або будуць на варце яго развіцця ва ўлонні маці, або стануць кáтамі і забойцамі. Іх выбар залежыць ад мноства аспектаў, пачынаючы ад нізкай маральнай свядомасці, праз інструменталізацыю чалавечага цела, і заканчваючы самотнасцю, якую зазнае маці, пакінутая бацькам дзіцяці. І ў гэты момант неацэннай становіцца роля Касцёла, грамадства і дзяржавы. У той час як адны ўкладаюць свае сродкі і людскія і духоўныя сілы дзеля абароны жыцця чалавека, іншыя трацяць рэсурсы на знішчэнне жыцця замест інвеставання іх у падтрымку маці і сем’яў. Незразумелымі і вартымі жалю з’яўляюцца праекты, накіраваныя на доступ да «бяспечнага аборту». Папа Леў XIV падкрэслівае: «Галоўнай мэтай павінна быць абарона кожнага ненароджанага дзіцяці, а таксама эфектыўная і канкрэтная падтрымка кожнай жанчыны, каб яна магла прыняць жыццё» (Леў XIV, 09.01.2026, Аўдыенцыя для дыпламатаў).
Клопат пра жыццё ад зачацця да натуральнай смерці — гэта таксама клопат пра пажылых і хворых людзей. Нашыя стаўленне, ініцыятыва і малітва накіраваныя на тое, каб акружыць апекай тых, хто з прычыны свайго пажылога ўзросту ці недзеяздольнасці патрабуе падтрымкі іншай асобы.
Умілаваныя сёстры і браты! Ідучы за практыкай папярэдніх гадоў, хочам запрасіць вас да ўдзелу ў «Духоўным усынаўленні». Многія з вас ведаюць, што такое «Духоўнае ўсынаўленне». Мноства з вас ужо шмат гадоў моліцца чарговыя дзевяць месяцаў, просячы захаваць жыццё дзіцяці ва ўлонні маці, якое знаходзіцца пад пагрозай смерці. Аднак для тых, хто ўпершыню чуе пра «Духоўнае ўсынаўленне», варта яшчэ раз напомніць пра гэтую ідэю.
«Духоўнае ўсынаўленне» — гэта абяцанне, сутнасцю якога з’яўляецца малітоўнае абавязацельства, прынятае канкрэтным чалавекам, у інтэнцыі захаваць жыццё дзіцяці ва ўлонні маці, якое знаходзіцца пад пагрозай. Сутнасць заключаецца ў штодзённай малітве на працягу дзевяці месяцаў. Распачынаецца яна ў сённяшнюю нядзелю або ва ўрачыстасць Звеставання Пана і заканчваецца ва ўрачыстасць Нараджэння Пана Езуса. Усынаўленне заключаецца ў абавязацельстве адгаворваць спецыяльную малітву ў інтэнцыі дзіцяці, імя якога ведае Бог, — адну з таямніц Святога ружанца, а таксама выконваць якую-небудзь рэлігійную практыку.
Хто можа прыняць «Духоўнае ўсынаўленне»? Яго можа прыняць кожны чалавек, які лічыць сябе здольным выканаць абавязацельства, дадзенае Богу ў прысязе. Гэта могуць быць людзі пажылыя, хворыя, пакуты якіх прынясуць больш багаты плён. Заахвочваем таксама і моладзь. Верым, што калі маладыя людзі возьмуць на сябе абавязак маліцца ў інтэнцыі жыцця, якое знаходзіцца пад пагрозай, то ў будучыні яны напэўна не дапусцяць смерці ўласнага зачатага дзіцяці.
«Абарона права на жыццё з’яўляецца неабходным фундаментам усіх іншых правоў чалавека. Грамадства толькі тады з’яўляецца здаровым і сапраўды развіваецца, калі яно абараняе святасць чалавечага жыцця і актыўна дзейнічае ў яго руху наперад»,
— падкрэсліў Святы Айцец Леў XIV у прамове да дыпламатаў.
Заклікаем усіх вас актыўна дзейнічаць дзеля абароны чалавечага жыцця і прыняць гэты абавязак дзевяцімесячнай малітвы за зачатае чалавечае жыццё, якое знаходзіцца пад пагрозай. «Духоўнае ўсынаўленне», якое распачынаем сёння, з’яўляецца нашым удзелам у будаванні будучыні Касцёла, грамадства і дзяржавы, якія залежаць ад нас.
Атуляем усіх вас малітвай і пастырскім благаслаўленнем.
Мінск, 18.03.2026 г.
Каталіцкія Біскупы Беларусі
P.S. Гэты Пастырскі ліст неабходна прачытаць ва ўсіх святынях Беларусі ў V нядзелю Вялікага посту, 22 сакавіка 2026 года.

