15 мая а. Артуро Соса SI, Генеральны настаяцель Таварыства Езуса, правёў у Варшаве (Польшча) сустрэчу са свецкімі ўдзельнікамі груп і рухаў, блізкіх да езуітаў.
Таварыства Езуса, або ордэн езуітаў, быў заснаваны святым Ігнацыем Лаёлам, духоўным вопытам якога мы кіраваліся падчас нашых сёлетніх велікапосных анлайн-рэкалекцый. Развітая святым Ігнацыем і яго паслядоўнікамі духоўнасць у вялікай ступені вызначыла і да сённяшняга дня вызначае шлях Касцёла і яго разуменне ўласнай місіі ў свеце. Пётр нашага часу, папа Францішак — першы папа езуіт, — таксама з’яўляецца духоўным сынам святога Ігнацыя Лаёлы.
Прапануем сёння паразважаць над выказваннямі айца Генерала Артуро Соса SI, апублікаванымі на партале Deon.pl. У іх Генеральны настаяцель закранае важныя тэмы паклікання і заданняў хрысціянаў у сучасным свеце, якія датычацца кожнага верніка, а не толькі нейкіх асобных груп у Касцёле.
Хачу падкрэсліць, што місія, дадзеная Панам, не належыць выключна Таварыству Езуса. Пан кліча нас усіх да той самай місіі, нават калі мы па-рознаму яе выконваем. Менавіта таму сёння Таварыства Езуса робіць акцэнт на супрацоўніцтве з іншымі як на неабходным вымярэнні нашага спосабу разумення і рэалізацыі апостальства.
Гэта адбываецца не толькі з-за скарачэння колькасці езуітаў. Хутчэй, гаворка ідзе пра нашае бачанне Касцёла, бачанне Другога Ватыканскага Сабору, якое папа Францішак жадае рэалізаваць у Касцёле. Мы ўсе з’яўляемся Божым народам і праз хрост маем аднолькавую годнасць і місію, нават калі мы па-рознаму адказваем на заклік Пана.
Супрацьлегласцю такога бачання з’яўляецца тое, што папа Францішак ужо неаднаразова называў грахом «клерыкалізму», або падыход, пры якім лічыцца, што толькі элітная група пасвячаных мужчын утварае сапраўдны Касцёл і што толькі яны маюць адказы на ўсе пытанні, усю ўладу і аўтарытэт, а таму больш не маюць патрэбы слухаць, вучыцца і быць прыцягнутымі да адказнасці.
Менавіта клерыкалізм парадзіў крызіс злоўжыванняў у Касцёле, і адзіны спосаб вылечыць Касцёл — гэта пераадолець клерыкалізм.
Хачу таксама адзначыць, што не толькі ксяндзы і духавенства могуць мець клерыкальнае мысленне. Часам свецкія бываюць яшчэ большымі клерыкаламі за святароў.
<…>
Я ўжо расказаў езуітам адну гісторыю, а цяпер хачу падзяліцца ёю з вамі. Два гады таму, калі я наведваў адну з езуіцкіх правінцый, падчас сустрэчы яе ўдзельнікі мелі прышпіленыя ідэнтыфікацыйныя бэйджы. На некаторых было напісана «супрацоўнік», а на некаторых — «езуіт». Я жартам запытаўся: «А ці езуіт не з’яўляецца таксама і супрацоўнікам?» І гэта быў толькі напалову жарт. Як ведаеце, мы, езуіты, часам не можам працаваць з іншымі людзьмі і нават з іншымі езуітамі! Тым не менш, сутнасць у тым, што езуіты не маюць супрацоўнікаў. Свецкія людзі не з’яўляюцца нашымі супрацоўнікамі.
Мы ўсе — супрацоўнікі. І езуіты, і свецкія асобы разам пакліканыя да рэалізацыі Божай місіі ў служэнні.
Апошняя, 36-я Генеральная кангрэгацыя акрэсліла гэтую місію як місію паяднання з Богам, паміж людзьмі і са стварэннем. Дазвольце коратка пазнаёміць вас з кожным з аспектаў нашай агульнай місіі.
Паяднанне з Богам
Нават у так званай «каталіцкай краіне», як Польшча, як многія з вас, напэўна, ведаюць, апошнім часам пашыраецца секулярызацыя і расце колькасць людзей, якія адыходзяць ад веры. Павялічваецца таксама рэлігійная абыякавасць і недавер да Касцёла, што часткова выклікана нядаўнімі скандаламі.
Аднак гэтая секулярызацыя з’яўляецца знакам часу. Адзін з яе пазітыўных аспектаў заключаецца ў тым, што вера ўжо больш не з’яўляецца культурнай спадчынай, але зноў становіцца пытаннем свабоднага выбару. Мы пэўным чынам вяртаемся да сітуацыі першаснага Касцёла і пакліканыя словам і справай практыкаваць тое, што папа Францішак назваў «першай пропаведдзю».
«Першая пропаведзь» азначае абвяшчэнне словам і справай паслання, якое знаходзіцца ў самым сэрцы Евангелля: міласэрнага і спагадлівага Бога, прысутнага ў Хрысце.
Да многіх людзей, нават да тых, якія лічаць сябе католікамі, не дайшло Евангелле як Добрая Навіна, і яны атаясамліваюць Касцёл з нейкімі прынцыпамі, практыкамі, інстытутамі, маральным кодэксам…
Як мы можам лепш спадарожнічаць тым, хто знаходзіцца ў пошуку, а таксама рэалізаваць у жыцці «першую пропаведзь», абвяшчаць Добрую Навіну пра Божую любоў і міласэрнасць у нашых разнастайных служэннях і заданнях, якія мы выконваем, так, каб гэта было пераканаўча і прыцягальна?
Паяднанне паміж людзьмі
Многія з нас глыбока расчараваныя светам, у якім, як бачым, паглыбляюцца падзелы і палярызацыя, расце насілле і страх перад іншымі. Шмат дзе ў свеце папулісцкія лідары прыходзяць да ўлады, сеючы нянавісць і страх, сцвярджаючы, што людзі пэўных катэгорый насамрэч не з’яўляюцца ў поўнай меры людзьмі, напрыклад, мігранты, бежанцы, або тыя, каго называюць наркаманамі, ці тубыльцы.
Сёння частка нашай місіі ў тым, каб звярнуць асаблівую ўвагу на тых, каго адкідаюць, маргіналізуюць, пазбаўляюць чалавечай годнасці; каб мы маглі стаць поплеч з імі, ісці разам з імі, служыць ім і іх абараняць.
Паяднанне са стварэннем
Як падкрэсліў папа Францішак у Laudato Sì, сёння падыход людзей да вытворчасці і спажывання, а таксама пашырэнне культуры «выкарыстай і выкінь» нанесла цяжкі ўрон навакольнаму асяроддзю і пагражае падтрыманню раўнавагі на нашай планеце для будучых пакаленняў.
Добра падрыхтаваныя спецыялісты павінны шукаць больш збалансаваныя эканамічныя мадэлі і спосабы кіравання і папулярызаваць іх. Разам з тым, кожны з нас павінен пачаць штосьці рабіць там, дзе ён знаходзіцца, прыняўшы такі лад жыцця, які стане насуперак культуры «выкарыстай і выкінь» у асабістым жыцці, у нашых сем’ях, а таксама ў нашых установах або на працы.
Сябры, мы ўсе з’яўляемся супрацоўнікамі ў місіі, даручанай нам Богам, і толькі ведаючы, што гэта не наша, а Божая місія, мы можам ісці наперад з надзеяй.
Мы зможам у поўнай меры супрацоўнічаць у рэалізацыі гэтай місіі толькі тады, калі будзем верыць, што наш Бог ёсць Бог жывы, які дзейнічае ў гэтым свеце, поўным выклікаў, а таксама што Дух Пана сапраўды штосьці робіць, каб даць нам новае жыццё, радасць і надзею ўсяму свету.