Пошук

10.11.2021 12:14   а. Дэвід МакКалум SІ / jezuity.by
Ілюстрацыйная выява: jesuits.global

Месяц таму, 10 кастрычніка, Папа Францішак цэлебраваў святую Імшу на распачацце першага этапу Сіноду Біскупаў, які ўпершыню ў гісторыі пройдзе таксама на ўзроўні партыкулярных Касцёлаў і завершыцца Пленарнай асамблеяй у 2023 годзе. З ігнацыянскай перспектывай новай сінадальнасці Касцёла знаёміць матэрыял езуіта Дэвіда МакКалума SІ, выканаўчага дырэктара Discerning Leadership Program, апублікаваны на партале Таварыства Езуса ў Беларусі jezuity.by.

Распачалося падарожжа пад назвай «На карысць сінадальнага Касцёла» — двухгадовы працэс мэтанакіраванага ўзаемадзеяння, разважання і распазнавання для ўсяго Каталіцкага Касцёла з мэтай знайсці адказ на пытанне: «Як мы пакліканы Святым Духам быць Касцёлам у трэцім тысячагоддзі?»

Паколькі ўсе кангрэгацыі і асацыяцыі запрашаюцца да актыўнага ўдзелу ў гэтым двухгадовым працэсе слухання і распазнавання, мы можам спытаць, якое дачыненне да сінадальнасці мае традыцыя ігнацыянскай духоўнасці і якія рэсурсы можа ўнесці ў гэты працэс.

Па праўдзе кажучы, існуе вельмі шмат шляхоў, праз якія выяўляюцца значныя сувязі паміж ігнацыянскай духоўнасцю і сінадальным «спосабам дзеяння», аднак цяпер разгледзім толькі тыя, што мы маглі б назваць перадумовамі, напрамкамі, якія мы можам абраць і практыкаваць, распачынаючы гэтае падарожжа.

Перш за ўсё, ігнацыянская духоўнасць прапануе нам разгледзець, дзе мы знаходзім (індывідуальна і калектыўна) прысутнасць Бога ў сваім досведзе, якое значэнне гэта мае для нас і як у выніку мы пакліканы жыць, любіць і працаваць. Возьмем, напрыклад, рахунак сумлення — мы пачынаем малітву з усведамлення, што Бог ёсць з намі, трымае нас у Сваіх далонях і любіць безумоўна.

Сінадальны працэс мае на ўвазе тое самае: пачынаючы ўзаемадзейнічаць адзін з адным і ўслухоўвацца ў чужы досвед удзелу, камуніі і місіі ў Касцёле, нам варта рабіць гэта ўважліва, з усведамленнем, што Бог знаходзіцца сярод нас, любіць кожнага і дзейнічае нават у напружанасці, палярнасці і канфліктах, якія мы як Касцёл перажываем. Як эклезіяльная супольнасць (мясцовая парафія, малітоўная група ці ордэн) мы рухаемся ў духу не проста дыялогу, але «трыалогу». Нашая сустрэча — гэта не толькі «ты і я», але і Бог, які з намі прабывае, ахінае і натхняе. Таму мы пакліканы выслухаць адзін аднаго, каб адчуць, што значыць быць католікам сёння, і ўспрыняць, што Бог кажа нам не толькі ў непасрэдным вопыце, але і праз другую асобу. Гэта перадумова №1.

Паколькі першы этап сінадальнага працэсу азначае, у першую чаргу, разважанне над уласным досведам і слуханне іншых, можна ўзгадаць другі элемент ігнацыянскай духоўнасці, які, на мой погляд, асабліва актуальны цяпер, у наш палярызаваны час, калі людзям сапраўды вельмі цяжка слухаць тых, хто прытрымліваецца іншага меркавання.

Калі Ігнацый рыхтаваў свае рэкамендацыі адносна таго, як духоўны кіраўнік і той, хто выконвае духоўныя практыкаванні, павінны ставіцца адзін да аднаго, ён падкрэсліваў пазітыўны падыход, напоўнены даверам і пашанай.

Гэтая перадумова прадугледжвае, што мы павінны даць суразмоўцу тое, што можна назваць «перавагай сумневу», а менавіта, у найлепшым святле інтэрпрэтаваць тое, што іншы кажа і чаму. Можна назваць гэта свайго роду «даследаваннем на аснове станоўчай ацэнкі», якое не робіць хуткіх высноў, але застаецца пазітыўным, адкрытым і цікаўным — наколькі магчыма ў межах разумнага.

У выпадку, калі мы не згаджаемся з пачутым або не лічым вартасным, Ігнацый рэкамендуе дадаткова спытаць, што наш суразмоўца мае на ўвазе і як ён разумее сваю інтэнцыю.

Калі мы ведаем дакладна, а не толькі паводле свайго меркавання або схільнасці, што іншы чалавек памыляецца, то імкнемся выправіць яго, але ў духу любові.

Далей Ігнацый кажа, што калі гэтага недастаткова, каб змяніць погляд іншага чалавека, «трэба шукаць любыя адпаведныя сродкі, з дапамогай якіх зразуметае добра выказванне можна захаваць». Гэта перадумова № 2. Які кантраст з тым, што мы назіраем у грамадстве ў цэлым і ў прасторах сацыяльных сетак!

На маю думку, тое, у якім духу мы слухаем адзін аднаго, будзе вызначаць, ці здольныя мы распазнаць, як Дух Святы прысутнічае ў гісторыях і ракурсах, адрозных ад нашых. Без гатоўнасці ўважліва слухаць адно аднаго, асаблівым чынам тых, якія адчуваюць сябе маргіналізаванымі і адкінутымі Касцёлам, мы не выканаем гэты заклік да сінадальнасці. Але калі ў духу ўразлівасці і адвагі мы ўвойдзем у працэс свабоднымі ад страху, прывязанасці і празмернай прадузятасці, мы разам распазнаем, якую будучыню Бог жадае рэалізаваць праз нас.

Абноўлена 10.11.2021 12:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця