Пошук


Ці задумваемся мы над тым, навошта трэба маліцца за памерлых? Шукаем адказ на пытанне разам з польскім езуітам Томашам Аленячам.

З дзяцінства католікі ведаюць і памятаюць, што лістапад — гэта «месяц памерлых». Пачаўшы ад урачыстасці Усіх Святых і наступнага ўспаміну Усіх памерлых вернікаў, ажно да Андрэек перад Адвэнтам мы асаблівым чынам памятаем у малітве пра нашых памерлых, а «выпамінкі» і набажэнствы на могілках — неад’емная частка лістападаўскай атмасферы.

Але пры гэтым ці задумваемся мы над тым, навошта трэба маліцца за памерлых? Ці верым у тое, што наша малітва можа ім дапамагчы? Ці можа наш духоўны высілак штосьці змяніць у пасмяротным лёсе тых, хто адышоў у вечнасць?

Самы просты адказ — «так было заўжды», і гэта сапраўды так. Але калі б мы сцвярджалі, што малітва за памерлых — старая, як свет, гэта было б ужо пэўным перабольшваннем. З другога боку, ва ўсіх культурах ёсць рэлігійныя абрады, звязаныя з пахавальнымі цырымоніямі.

Хрысціянская традыцыя малітвы за памерлых сягае каранямі прыкладна ў ІІІ стагоддзе на Нараджэння Хрыстова. У Другой кнізе Макабэяў, якая датуецца менавіта гэтым часам, можна прачытаць пра тое, як Юда Макабэй прынёс ахвяру ўміласціўлення за памерлых, каб яны былі вызваленыя ад граху (пар. 2 Мак 12, 45).

Працягваючы гэтую традыцыю, Касцёл з самага пачатку ўшаноўваў памяць пра памерлых і ахвяроўваў ім духоўную дапамогу, у прыватнасці, Эўхарыстычную ахвяру, каб яны былі ачышчаныя ад грахоў і такім чынам маглі дасягнуць шчаслівага прабывання з Богам.

Касцёльны пісьменнік Тэртуліян (160–240 гг.) пісаў: «У дзень гадавіны [іх смерці] мы прыносім за нашых памерлых ахвяры». У іншым месцы ён узгадваў пра пэўную жанчыну, якая малілася за свайго спачылага мужа, каб выпрасіць для яго прахалоду. Таксама святы Ян Залатавусны заахвочваў да такой малітвы: «Прыйдзем жа ім [г.зн. памерлым] на дапамогу і памятайма пра іх. Калі сыны Ёва былі ачышчаныя ахвяраю іхняга бацькі, чаму мы павінны былі б сумнявацца ў тым, што нашыя ахвяры за памерлых прыносяць ім пэўнае суцяшэнне? Будзем жа без ваганняў прыходзіць на дапамогу тым, якія адышлі, і ахвяроўваць за іх нашыя малітвы».

Варта таксама ўзгадаць пра тое, што захаваліся сотні раннехрысціянскіх надмагілляў, на якіх напісаныя малітвы за памерлых.

Можна прывесці яшчэ нямала падобных прыкладаў з гісторыі, але яны не даюць вычарпальнага адказу на пытанне, чаму мы ўсё ж такі молімся за памерлых. Аднак яны з’яўляюцца сведчаннем важнай праўды: здаўна людзі адчувалі, што такая малітва патрэбная і важная. Настолькі важная, што нават стала адным з сямі ўчынкаў міласэрнасці адносна душы бліжняга, пералічаных у Катэхізісе.

З тэалагічнага пункту гледжання ёсць больш грунтоўная матывацыя малітвы за памерлых, чым проста даніна традыцыі.

Вернікі ў старазапаветныя часы лічылі, што памерлыя знаходзяцца далёка ад Бога (гл. Пс 88 (87)), прычым настолькі, што Ён не можа выслухоўваць іх просьбы. Яны з’яўляюцца самотнымі і безабароннымі.

Новы Запавет паказвае смерць як сілу, якая выклікае стан поўнай бездапаможнасці і мізэрнасці, таму што на пэўны час або нават назаўжды аддаляе ад Бога Стварыцеля. Грахі, з якімі людзі не змаглі «разабрацца» на працягу зямнога жыцця, утвараюць своеасаблівае замкнёнае кола, з якога чалавек сам не ў стане вырвацца. Гэтае кола становіцца цемраю, з якой чалавек не можа знайсці выйсця. Малітву за памерлых можна параўнаць са святлом, якое асвятляе гэты апошні чалавечы шлях. Памерлыя ўжо нічога не могуць зрабіць для сябе, і ўся іх надзея на Бога і малітвы іншых людзей, якія могуць у Яго выпрасіць для іх ласкі.

Святы апостал Якуб заахвочвае кожнага з нас: «Маліцеся адзін за аднаго, каб быць аздароўленымі; бо шмат можа шчырая малітва справядлівага» (Як 5,16). Смерць таго, за каго мы молімся, гэтага не змяняе. У Бога час як катэгорыя, якая абмяжоўвае, не існуе. У Яго не існуе нават смерць. Гэтыя рэчы існуюць толькі для нас. Таму можна сказаць, што Бог на ўсіх глядзіць як на жывых. Гэта сцвердзіў сам Езус, калі сказаў нам, што «Бог не ёсць Богам мёртвых, а жывых» (Мц 22, 32). Тое, што кожны з нас у сваім жыцці робіць для іншых, у Бога заўсёды ёсць актуальным. Таму мае сэнс малітва і за людзей, якія ўжо даўно памерлі.

Аднак усё гэта немагчыма зразумець без любові. Калі мы молімся за памерлых, то пераважна з-за таго, што іх любім і такім чынам праяўляем гэтую нашую любоў.

Не пачуццёвую, за якую часта прымаецца пажадлівасць, а сапраўдную, якая заключаецца больш ва ўчынках, чым у словах, як казаў святы Ігнацый Лаёла. Учынкам можа быць таксама малітва. Любоў жадае даваць і дзяліцца з узлюбленым усім, чым толькі магчыма (зноў словы святога Ігнацыя), а маліцца магчыма заўсёды.

Памерлыя маюць патрэбу ў нашай любові, выказанай у малітве. Яны маюць патрэбу ў гэтым праменьчыку святла, каб трапіць у дом Айца. Малітва за памерлых — гэта важны абавязак, бо нават калі яны адышлі ў стане ласкі і прыязнасці з Богам, магчыма, ім патрэбна яшчэ апошняе ачышчэнне, каб дасягнуць радасці неба (пар. Ян Павел ІІ, Разважанне перад малітвай Angelus, 2 лістапада 2003 г.).

Ёсць, нарэшце, яшчэ адна, вельмі празаічная нагода, з якой варта маліцца за памерлых. Езус сказаў: «Усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, і вы ім рабіце» (Мц 7, 12).

Смерць — гэта адзіная пэўная рэч у нашым жыцці. Кожны з нас раней ці пазней павінен будзе прайсці праз гэтую вузкую браму.

Хто ведае: можа, і нам тады спатрэбіцца заступніцтва?.. Магчыма, акруат тых, каму мы сёння можам дапамагчы нашай малітвай.

Абноўлена 05.11.2021 21:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа