16 красавіка Папу на пенсіі Бэнэдыкту XVI спаўняецца 94 гады. Прапануем вашай увазе інтэрв’ю з нямецкім пісьменнікам і журналістам Петэрам Зеевальдам, аўтарам манументальнай біяграфіі Ёзафа Ратцынгера — Папы Бэнэдыкта XVI.
«Бэнэдыкт XVI актуальны ва ўсе часы. Праграмай усяго яго жыцця была любоў.
Усё жыццё ён служыў і служыць надалей з любоўю Богу, чалавеку і Касцёлу», — кажа біёграф Папы ў інтэрв’ю Каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву КАІ з нагоды выдання на польскай мове яго кнігі «Бэнэдыкт XVI. Жыццё».
Ёзаф і Караль змагаліся за адну справу і па аднолькавых правілах
Польшча мае велізарнае значэнне для захавання каталіцкай веры. Бэнэдыкт XVI шматразова гэта падкрэсліваў. <…> Гэта не выпадковасць, што яго першае замежнае падарожжа на Сусветны дзень моладзі ў Кёльне прывяло яго ў Польшчу — айчыну яго сябра Караля [Вайтылы — Папы Яна Паўла ІІ. Заўв. перакл.]. На першы погляд, яны здаваліся зусім рознымі асобамі. Адзін добра складзены і моцны, спартыўны, эмацыянальны, «чалавек-гара». Другі — невысокі і хударлявы, вытанчаны і рацыянальны.
Аднак яны выдатна дапаўнялі адзін аднаго. Змагаліся за адну справу і па аднолькавых правілах.<…> Тагачасны кардынал сказаў мне ў адной з нашых размоў: «Жыццё складаецца не са збегу акалічнасцяў, хтосьці апярэджвае маё бачанне, думкі і кіруе маім жыццём. Я магу гэтаму супраціўляцца, але магу таксама прыняць гэта, і тады разумею, што сапраўды мяне вядзе святло Провіду».
І я таксама ў пэўным сэнсе пайшоў за гэтым святлом. Гэта было так пабуджальна і важна, што я не мог гэтаму супрацьстаяць.
Нязломны «кансерватар» у асобе сціплага кардынала
На працягу амаль трыццаці гадоў я суправаджаў яго як журналіст і заўсёды стараўся захоўваць здаровую дыстанцыю. <…> Ужо тады, калі сустрэў яго ў першы раз, кардынал Ёзаф Ратцынгер быў, як і Ян Павел ІІ, найбольш вядомым чалавекам Каталіцкага Касцёла ў свеце, а таксама найбольш супярэчлівым, якога акрэслівалі эпітэтамі: «кардынал з бранёй» ці «вялікі інквізітар».
Я быў крыху здзіўлены, калі ўбачыў, што вобраз яго асобы, які прадстаўляўся ў большасці мас-медыя, не быў праўдзівым. Насамрэч гэта быў вельмі сціплы, гатовы да дапамогі і цеплыні чалавек, пазбаўлены фанабэрыстасці, які не дэмастраваў сваёй улады.
Перш за ўсё я бачыў, што гэты чалавек даваў пераканаўчыя адказы на праблемы нашага часу, якія паходзілі з веры, традыцыі і ўласных разважанняў.
Мяне натхняў энтузіязм, з якім ён выступаў у абарону справы Хрыста, сапраўднага гуманізму і праўды. Я заўсёды бачыў у ім чалавека, які думае па-сучаснаму, абсалютна не адарваны ад рэчаіснасці, але не прыстасоўваецца да духу часу і застаецца крытычным да яго.
Semper idem — «заўсёды той самы»
Калі Ратцынгер пачаў выкладаць ва ўніверсітэце, усе звярнулі на яго ўвагу. Была ў ім нябачная свежасць, новы падыход да традыцый, злучаны з глыбокім роздумам і мовай, якую ў лекцыйных залах раней не чулі. Невыпадкова, што многія з яго прац, як напрыклад, «Уводзіны ў хрысціянства», ужо даўно сталі класікай рэлігійнай літаратуры.
У адным з нашых інтэрв’ю ён сказаў:
«Маім асноўным імпульсам было адкрыццё сапраўднага стрыжня веры пад інкрустацыямі і наданне гэтаму стрыжню моцы і дынамізму». Гэты імпульс быў нязменным матывам у яго жыцці. Падобна, як і яго калегі, напрыклад, вялікі французскі тэолаг айцец Анры дэ Любак, ён лічыўся сучасным, прагрэсіўным багасловам. Шукаючы знакі часу, ён імкнуўся ні ў якім выпадку не згубіць таго, што важна і слушна.
Яго вялікім дарам з’яўляецца таксама незвычайная здольнасць разблытваць справы, тлумачыць складаныя пытанні, знаходзіць супольнае і самае важнае. Нават яго крытыкі кажуць пра яго востры, як брытва, розум.
Біяграфічная кніга — спроба абвергнуць крытычныя стэрэатыпы?
Я разважаў, чаму супраць асобы Ёзафа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI скіраваны такія моцныя напады. Адказ такі: ён заўсёды быў тым, хто робіць заўвагі, чалавекам невыгодным, які супраціўляўся намаганням зрабіць з Каталіцкага Касцёла штосьці накшталт грамадскага таварыства або прыпісаць яму ролю глабальнага вартаўніка этычных правіл, сусветнага духу. Таму як абаронца веры ён стаў мішэнню атак.
Пачалося гэта ўжо даўно. Пасля Другога Ватыканскага Сабору сутыкнуліся паміж сабою два розныя тэалагічныя і касцёльна-палітычныя лагеры, якія змагаліся за выключнае права інтэрпрэтацыі Другога Ватыканскага Сабору. Айцы Сабору ніякім чынам не далі падставаў да рыторыкі, якая азначала б секулярызацыю. <…> Ні цэлібат не быў адменены, не было ў перспектыве святарства жанчын і інш. Тым не менш, стала зразумела, што разам з Другім Ватыканскім Саборам узмацніліся сілы, якія адчулі шанц выкінуць за борт асноўныя каштоўнасці каталіцкай веры.
У гэтым кантэксце Ратцынгер рашуча працягваў мадэрнізацыю Касцёла, якую распачаў Сабор, але быў таксама адным з першых, хто асцерагаў ад скажэння саборных рашэнняў.Каб прымусіць змоўкнуць яго крытычны голас, яго раптам зняславілі як рэнегата і рэакцыянера.
Выдатны дыягност сучаснасці, крызісу хрысціянства і культуры на Захадзе
Праз свой асабісты досвед Ратцынгер аналізуе гістарычны досвед ад пачатку ХХ стагоддзя да лічбавай эпохі. Ён ведае сітуацыю Касцёла ў розныя часы: Касцёла народнага, Касцёла, які цярпеў пераслед у часы нацысцкай і камуністычнай дыктатуры, і Касцёла ў крызісе, якім мы зараз яго бачым.
Ён заўсёды быў будаўніком мастоў, заклікаў адкрыць нанава Айцоў Касцёла, дапамог сфармаваць Другі Ватыканскі Сабор, але таксама змагаўся з ерассю паслясаборнага перыяду.
Ратцынгер не толькі пісаў гісторыю Касцёла, але таксама вызначаў кірунак грамадскіх дыскусій. Невыпадкова ён у ліку самых вялікіх мысляроў нашага часу. Некаторыя ўжо кажуць пра яго як пра доктара Касцёла сучаснасці.
Ён паказаў, што рэлігія і розум не супярэчаць адно аднаму, што менавіта розум з’яўляецца гарантам захавання рэлігіі ад небяспекі трапіць у нездаровыя фантазіі і фанатызм. У сваім бачанні будучыні Папа Бэнэдыкт кажа пра Касцёл, які зноў стане малым і містычным, які як «супольнасць веры» павінен адшукаць нанава сваю мову, свой светапогляд і глыбіню таямніцы веры ў Езуса. Бо толькі тады ён зможа развіць сваю поўную сакарамэнтальную моц.
Ці насамрэч мы ўжо ўсё ведаем пра Папу Ратцынгера?
«Заўсёды лічылася, што кар’ера былога прафесара тэалогіі ішла гладка і яго шлях быў пазбаўлены падзенняў. Аднак на ім відаць мноства ўзлётаў і падзенняў, з трагедыямі, якія вялі нават да краю бездані.
Яго выстаўлялі як новую зорку на небасхіле тэалогіі і адначасова рабілі з яго небяспечнага мадэрніста.
Узгадаем, напрыклад, афёру са Святарскім брацтвам святога Пія Х. Узнятая вакол гэтага шуміха, якая кладзецца пэўным ценем на пантыфікат Бэнэдыкта XVI, стала вынікам кампаніі, пабудаванай на маніпуляцыях, што я даводжу ў маёй кнізе. Апавядаю я таксама аб праблемах са здароўем Ратцынгера.
Ратцынгер — чалавек, які думае і верыць радыкальна
Ратцынгер — чалавек, які думае радыкальна і верыць радыкальна, але ён заўсёды стараўся быць узважаным, абараняць веру ад палітызацыі і не прымаць бок ні правых, ані левых.
Той, хто знаёмы з гісторыяй Касцёла, ведае, што сапраўднымі рэфарматарамі былі заўсёды тыя, хто не падзяляў, а яднаў.
Петэр Зеевальд (Peter Seewald) (1954) — нямецкі незалежны публіцыст, жыве ў Мюнхене, з’яўляецца аўтарам шэрагу кніг-інтэрв’ю з кардыналам Ёзафам Ратцынгерам, сёння Папам Бэнэдыктам XVI на пенсіі, якія сталі бэстсэлерамі ва ўсім свеце.