Пошук

12.03.2021 16:42   Пётр Ярдан Слівінскі OFMCap / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Рinterest.com

Практычныя парады адносна некалькіх найбольш складаных пытанняў на тэму споведзі, якія задаюць святарам вернікі, дае польскі капуцын Пётр Ярдан Слівінскі OFMCap, аўтар кнігі «Рахунак сумлення з айцом Ярданам».

Рэгулярны аўтаэратызм

«Як спавядацца ў грахах мастурбацыі і прагляду парнаграфіі? Як гэта зрабіць належным чынам, калі гэтыя грахі здараюцца рэгулярна?»
«Ці гэта, магчыма, не цяжкі грэх, калі ён стаў заганнай звычкай? Як вызначыць, што гэта ўжо заганная звычка?»
«Што зрабіць, калі святар не разумее праблемы і лічыць, што чалавек займаецца гэтым для ўласнага задавальнення, а не з-за псіхалагічнай фрустрацыі ў сферы сексуальнасці, якой не можа кантраляваць? Ці ёсць тады сэнс хадзіць да споведзі?»
«Ці можна, учыніўшы такі грэх, прымаць святую Камунію (чуў пра такую магчымасць у выпадку, калі гэта стала заганнай звычкай)?»
«Што рабіць, калі праз два-тры дні пасля споведзі чалавек зноў вяртаецца да гэтага граху? Як быць з пастанаўленнем выправіцца? Калі зноў будзе ўчынены той самы грэх, ці трэба пра гэта казаць у наступнай споведзі?»
«Ці ёсць магчымасць атрымаць разграшэнне, калі чалавек знаходзіцца ў палоне заганнай звычкі (напрыклад, сексуальнай)?»

У гэтай сітуацыі варта мець пастаяннага спаведніка, які будзе ведаць усе абставіны. Менавіта з такім святаром найлепш абмяркоўваць падобныя праблемы, паколькі гэта вельмі індывідуальныя рэчы.

Магчыма, у пэўны момант сапраўды спатрэбіцца ўжо псіхатэрапія, і для такога чалавека гэта можа стаць нават формай пакуты: неабходнасць зрабіць намаганні тэрапеўтычнай працы над сабой, каб умацаваць волю, а таксама змяніць свае звычкі.

Гэта будзе знакам навяртання чалавека. Аднак паўтару, што найлепш спакойна ў гэтым разабрацца з пастаянным спаведнікам.

Трэба памятаць, што калі з’яўляецца заганная звычка, цяжка казаць пра дабравольнасць пэўнага дзеяння, хоць і ў гэтым выпадку можа быць пэўная дабравольная грахоўнасць пры яго распачацці. Аднак як правіла, калі ёсць заганная звычка, гэта пэўнае зняволенне, заблытанасць волі. У кожнай канкрэтнай сітуацыі гэта павінен вызначыць спаведнік, паколькі з’яўляецца праблема, дзе разам з маральнай і духоўнай ацэнкай устае пытанне магчымай неабходнасці тэрапеўтычнай дапамогі.

Здараецца, што кампульсія бывае настолькі моцнай, што мастурбацыя становіцца рэакцыяй на кожны, нават найдрабнейшы стрэс. Тады цяжка казаць пра магчымасць маральнага кантролю. У такой сітуацыі бачнай праявай імкнення выправіцца будзе тое, што хтосьці з клопатам пра сябе распачне тэрапію.

Споведзь і вымушанае насілле

«Ці варта спавядацца, калі чалавек упэўнены, што ён будзе працягваць грашыць? Напрыклад, калі хтосьці ўжывае фізічнае або псіхічнае насілле ў адносінах да агрэсара у межах самаабароны або каб абараніць сваіх блізкіх?»

Неабходная абарона ніколі не будзе грахом.

Калі чалавек кагосьці параніць ці нават заб’е, абараняючы сябе, сваю сям’ю ці маёмасць, дзейнічаючы ў межах неабходнай абароны, цяжка казаць пра маральную адказнасць і пра тое, што гэта грэх.

У такіх сітуацыях усё залежыць ад матывацыі, ад намеру: ці хтосьці абараняецца, ці хоча кагосьці знішчыць.

Сістэматычны грэх і прабачэнне Бога

«Часам мне здаецца, што я дарма ходжу да споведзі, паколькі пасля яе ўсё зноў вяртаецца, і я пачынаю думаць, што Бог ніколі мне гэтага не даруе».

Такая занепакоенасць можа мець дзве прычыны. Па-першае, хтосьці можа мець цяжкасць з тым, каб прабачыць сабе нейкі грэх.

Часта здараецца, што Бог нам прабачае, але мы самі не ў стане сабе прабачыць.

Так узнікае праблема. якую трэба імкнуцца вырашыць і шукаць для гэтага дапамогі. Я раю паразмаўляць пра гэта са спаведнікам.

Па-другое, хтосьці можа мець праблему з заблытанасцю ўласнай волі, не быць упэўненым у тым, ці сапраўды пазбаўляецца ад прывязанасці да граху, ці сапраўды не хоча яго больш рабіць. Гэта таксама неабходна абмеркаваць са спаведнікам, каб вызначыцца з умовамі, пры якіх споведзь будзе сапраўднай.

Хтосьці можа меркаваць, што калі ён зграшыў цяпер, то пасля споведзі зноў можа зграшыць. Аднак не трэба сумнявацца ў тым, што Бог нам прабачае.

Жаль за грахі

«Я маю цяжкасці з акрэсленнем жалю за грахі: напрыклад, за грэх чужалоства. Я спавядаюся ў ім толькі таму, што шмат гадоў чула, што гэта грэх. Праўда, часта пасля таго, як зграшу, я шкадую аб тым, што гэта ўчыніла, але толькі ад злосці на сябе за тое, што я такая слабая. Мяне раздражняе, што жаданне майго цела мацнейшае за мой здаровы розум. Разам з тым, усведамляючы сваю слабасць, я ўпэўнена, што гэты грэх паўторыцца, і не ведаю, ці павінна я кожны раз бегчы з ім да споведзі, ці не. Што гэта за жаль і пастанаўленне выправіцца, калі ў глыбіні душы я ведаю, што ўсё роўна зноў гэта зраблю?..»

Жаль за грахі ў сакрамэнце паяднання перадусім скіраваны ў адносінах да Бога. У гэтым сэнсе не дастаткова толькі этычнага жалю за тое, што штосьці здарылася. Таму тут, хутчэй, не «шкадую за тое, што я штосьці зрабіла», але «шкадую за тое, што я гэта зрабіла, бо гэта — абраза Бога».

Па-другое, для такога жалю патрэбна добрая воля: «Я не хачу гэтага рабіць, бо Цябе, Божа, гэта абражае».

Такі жаль павінен быць шчырым для таго, каб споведзь была сапраўднай.

Аднак гэта не дае гарантыі таго, што я да смерці больш не буду грашыць.

Абноўлена 12.03.2021 16:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця