Пошук

27.02.2021 09:09   Паводле: Piotr Jordan Śliwiński OFM Cap, Rachunek sumienia z Ojcem Jordanem, Wydawnictwo WAM, Kraków 2018 / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

У перыяд Вялікага посту — час пакаяння і навяртання — асаблівае значэнне набывае падрыхтоўка да сакрамэнту паяднання, споведзі. Прапануем урывак з кнігі польскага капуцына Пятра Ярдана Слівінскага OFMCap «Рахунак сумлення з айцом Ярданам».

Як правільна вызначыць грэх?

Першае сумненне, якое можа з’явіцца, датычыцца таго, ці быў учынены грэх. Такое здараецца асабліва тады, калі чалавек спавядаецца за працяглы перыяд часу.

Часам такія сумненні людзі проста пакідаюць без увагі: калі сам факт пад пытаннем, пра яго проста не згадваюць. Але потым у чалавека можа з’явіцца неспакой, ці такая споведзь была сапраўднай. Варта прадухіліць падобную сітуацыю і сказаць пра гэта спаведніку. Прынамсі для таго, каб проста супакоіцца і пазбегнуць падазрэнняў, што на споведзі быў затоены грэх.

Мы таксама часта задаем сабе пытанне, ці з’яўляецца штосьці грахом, ці не.

Прыгадаем, што грэх — гэта свядомы і дабравольны ўчынак чалавека, які супярэчыць таму, чаго Бог ад нас чакае. Што з гэтага вынікае? Прынамсі тое, што немагчыма зграшыць у сне.

Напрыклад, хтосьці злуецца на свайго суседа, і яму сніцца, як ён прычыняе яму нейкую шкоду. Паколькі чалавек не мае на гэта ўплыву, то не нясе за гэта адказнасці.

Тое самае можа адносіцца і да эратычных фантазій. Калі чалавек не ў поўнай свядомасці, калі на гэта няма яго згоды і добрай волі, цяжка казаць пра грэх, і гэта дакладна не можа быць цяжкім грахом.

Можа ўзнікнуць і сумненне адносна таго, наколькі дакладна я ацэньваю нейкую сітуацыю.

Тады пра гэта лепш запытацца ў спаведніка. Я не раіў бы пры гэтым раіцца са знаёмымі і сябрамі, а таксама ўмешвацца ў чужыя справы, бо гэта можа прынесці больш шкоды, чым карысці. Ёсць людзі, схільныя сябе абвінавачваць звыш меры, а ёсць і такія, што апраўдваюцца, хоць могуць без сумневаў прыняць адказнасць за грэх.

Калі маці мае маленькае дзіця, якога няма з кім пакінуць, каб быць у нядзелю ў касцёле на Імшы, цяжка казаць пра грэх. Аднак калі гэта адбываецца рэгулярна, можна задаць пытанне, ці ёсць магчымасць нейкім чынам паўплываць на сітуацыю.

Рашэнні і дзеянні, матывам якіх з’яўляецца любоў, нельга разглядаць як невыкананне абавязкаў.

Падобным чынам і ў выпадку хваробы. Хтосьці вызнае, што тройчы не быў на нядзельнай Імшы. «Чаму? — Бо хварэў». Калі гэта так, то Бог не хоча, каб чалавек пайшоў у касцёл і там самлеў.

Некаторыя сітуацыі трэба добра распазнаць. Часам людзі абвінавачваюць сябе ў тым, што елі мяса ў пятніцу або не захавалі эўхарыстычны пост (прынамсі за гадзіну да Камуніі). Калі хтосьці апякуецца хворым, якому неабходна есці мяса, такі чалавек можа без граху разам з ім з’есці прыгатаваную мясную страву. Тое самае і са скарачэннем часу посту перад святой Камуніяй. Хтосьці павінен пад’есці, каб не аслабнуць. Гэта адносіцца да хворых на цукровы дыябет.

Трэба памятаць, што Евангелле заўсёды лічыць любоў асноўным законам.

Кожнае прадпісанне і кожная норма павінна служыць выразу любові. Гэта справядліва і ў адносінах да ўстрымання ад спажывання мясных страваў. Акрамя тых дзён, калі ёсць абавязак сціслага посту і няма дыспенсы, трэба памятаць, што пры адсутнасці выбару можна есці мяса. Тое самае, калі прадукты з папярэдняга дня сапсуюцца, калі іх не з’есці, і на наступны дзень іх давядзецца проста выкінуць.

Бываюць бацькі, якія спавядаюцца, што размаўлялі пра сваіх дзяцей. Цяжка казаць пра абмову, калі маці размаўляе з бацькам пра сваё дзіця. Хто ж пра яго павінен размаўляць, як не яны? Варта памятаць, што абмова — гэта не размова пра кагосьці. Важны намер, з якім мы гэта робім.

Часам чалавек не ведае, як пра штосьці сказаць, і гэта пераважна датычыцца сексуальнай сферы.

Трэба пры гэтым мець на ўвазе, што на споведзі не трэба казаць пра пікантныя дэталі. Спаведніку важна пачуць толькі тое, што дасць яму магчымасць ацаніць і зразумець цяжар граху, пра які ідзе гаворка. Калі хтосьці прыйдзе да споведзі і скажа, што зграшыў супраць шостай запаведзі, гэтага будзе крыху замала. Патрэбна ўдакладненне, пра які канкрэтны грэх ідзе гаворка: ці гэта было свядомае ўзбуджэнне эратычных думак і фантазій, ці мела месца сужэнская здрада.

Абноўлена 27.02.2021 14:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця