Пошук

Ілюстрацыйная выява: Рinterest

Ва ўспамін Маці Божай з Люрда, калі адзначаецца Сусветны дзень хворых, прапануем артыкул, прысвечаны карыснай духоўнай практыцы — ігнацыянскаму «прагляду дня» падчас хваробы.

Фізічныя хваробы, як у хранічнай, так і ў вострай форме, часам знясільваюць і прыгнятаюць нас так моцна, што мы пакідаем усе свае звычайныя заняткі, у тым ліку малітву. Боль, дыскамфорт і стомленасць не толькі падрываюць фізічныя сілы арганізму, але становяцца выпрабаваннем нашых унутраных рэсурсаў: эмацыйнай раўнавагі, здольнасці разважаць і духоўнай уважлівасці.

Між тым, у складаны перыяд жыцця патрэба ў малітве толькі ўзрастае.

Трэба прызнаць, што ў стане хваробы і немачы мы лягчэй робім памылкі, з-за эмацыйнай напружанасці вяртаемся да нясталых паводзінаў, прапускаем важныя падказкі сваёй інтуіцыі і трапляем у роспач. У такія часы нам трэба моцна трымацца за малітву, а не пакідаць яе.

Асабіста мяне галаўны боль ад сінусіту робіць зусім недзеяздольнай, і я ведаю, як мізэрна мала я схільная маліцца падчас пагаршэння стану здароўя. Таму малітва павінна быць простай, кароткай і канкрэтнай. Чаму б не дастасаваць прагляд дня да часу хваробы?

Крок 1. Убачыць сябе ў Божай прысутнасці, занураным у Божы любячы позірк. Я высветліла, што мне лепш стуліцца ў ложку, а замест таго, каб шкадаваць сябе, уявіць, што Бог глядзіць на мяне зверху ўніз, як бацька і маці глядзяць на сваё хворае дзіця. Я скручваюся абаранкам, плачу ці жалюся, калі адчуваю ў гэтым патрэбу, а таксама малюся прыкладна так: «Пане, мне цяпер так дрэнна!» Выглядае суцэльным самашкадаваннем, але, скіраванае да Бога, яно становіцца сцверджаннем веры ў Бога, які клапоціцца пра кожнага з нас.

Крок 2. Прыгадаць адну светлую добрую рэч за апошнія 24 гадзіны. Адчуваючы сябе жахліва, мы схільныя заўважаць у жыцці толькі кепскае. Менавіта гэтага вораг чалавечай натуры хоча ад нас дабіцца — сыходу ў поўны негатыў. Тым не менш, магло стацца і так, што сёння сонца зазірнула ў мой пакой, альбо быў момант палёгкі і нават, магчыма, не адзін, альбо хтосьці аказаў дробную паслугу, альбо…

Памятаць пра дабро — зброя супраць роспачы.

Падумайце, што добрага адбылося за мінулыя суткі, і скажыце: «Дзякую Табе, Пане. Я ведаю, што цуд, прыгажосць і дабро робяць сваю справу».

Крок 3. Прасіць Бога паказаць, што можна палепшыць. Я кажу «палепшыць», таму што няма карысці ў самаасуджэнні падчас пакутлівага жыццёвага досведу. Езус ясна даў зразумець, што хвароба не з’яўляецца Божай помстай за нашыя грахі. Калі вы прыгадалі гнеўную заўвагу, якую зрабілі членам сям’і, то можаце вызначыць яе як грэх, што будзе правільна.

Аднак потым папрасіце Бога паказаць вам, што ў вашых сілах зрабіць, каб хоць нешта палепшыць.

Магчыма, вы спрабуеце ахапіць больш працы, чым дазваляе стан здароўя, і гэта выклікае ў вас гнеў і расчараванне? Адмовіліся ад дапамогі сям’і, сяброў і калег? Ці не больш духоўнай карысці прынесла б вам малітва псальмамі, чым чытанне пасланняў святога Паўла? Ці ўдалося б вам лепш адпачыць, калі б вы паспрабавалі выйсці з месанджараў і сацыяльных сетак за дзве гадзіны перад сном?

Акрамя таго, «паляпшэнне» можа быць такім жа простым, як паўтарэнне фразы: «Не ўсё залежыць ад мяне» на працягу ўсяго дня, калі адчуваеце спакусу прызначыць сябе адказным за сваё аздараўленне і адчуваеце віну за мізэрныя вынікі намаганняў.

Крок 4. Падумаць, што спатрэбіцца заўтра. Чарговая медыцынская працэдура альбо доўгі шлях да лекара, неабходнасць афармлення дакументаў, звязаных з лячэннем. Паглядзіце сумленна на праблемы, інакш кажучы, на выклікі заўтрашняга дня, а потым прынясіце іх Богу ў малітве, просячы дапамогі ў канкрэтных рэчах.

Крок 5. Падзякаваць Богу за Яго любоў, якая ахінае і падтрымлівае, якім бы чынам яна ні выяўлалася. Часам гэты крок будзе чыстай дысцыплінай — у тыя моманты, калі вы не адчуваеце, што Бог любіць вас, а ў галаве круцяцца пытанні, ці не ігнаруе Ён вас, ці не забыўся пра вас.

Нават у такія дні паспрабуйце сказаць: «Дзякуй. Я веру, што Ты мяне любіш; дапамажы майму нявер’ю».

Абноўлена 11.02.2021 13:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа