Штогод 11 лютага, ва ўспамін Маці Божай з Люрда, у Каталіцкім Касцёле па ініцыятыве святога Яна Паўла ІІ адзначаецца Сусветны дзень хворых.
13 мая 1992 года Ян Павел ІІ у лісце да кардынала Фьярэнцо Анджэліні, тагачаснага старшыні Папскай рады па пастырскай апецы над работнікамі сферы аховы здароўя, рэкамендаваў прысвяціць адзін дзень у годзе асаблівай ўвазе да тых, хто церпіць душой і целам.
Такім днём стаў успамін Маці Божай з Люрда. 11 лютага падчас святой Імшы пасля гаміліі ўдзяляецца сакрамэнт намашчэння хворых усім прысутным хворым і людзям пажылога ўзросту.
Аднак, з прычыны публічнага характару цэлебрацыі гэтага сакрамэнту, асабліва ў Сусветны дзень хворых, узнікаюць шматлікія непаразуменні і злоўжыванні.
Можна заўважыць, што ў чарзе да святара падчас намашчэння хворых стаіць нашмат больш людзей (вядома, здаровых не бывае!), чым пасля, каб прыняць святую Камунію. Гэты момант пацвярджае, што не ўсе ведаюць, хто мае права прымаць намашчэнне.
Каб разабрацца, звернемся да ўводзінаў у «Парадак намашчэння хворых і пастырскай апекі над імі».
«Пасланне святога Якуба абвяшчае, што намашчэнне трэба ўдзяляць хворым, каб іх падтрымаць і збавіць. Таму з усёй стараннасцю і руплівасцю трэба ўдзяляць гэтае святое намашчэнне вернікам, якім пагражае смерць з-за хваробы ці старасці.
Каб ацаніць сур’ёзнасць хваробы, неабходна разважлівая праўдападобная ацэнка такога стану без празмерных ваганняў. Пры неабходнасці можна параіцца з лекарам.
Гэты сакрамэнт можна паўтараць, калі хворы пасля прыняцця намашчэння выздаравеў і пазней захварэў зноў, а таксама калі падчас той жа працяглай хваробы адбываецца значнае пагаршэнне.
Перад аперацыяй можна ўдзяліць святое намашчэнне, калі гэта аперацыя выклікана небяспечнай хваробай.
Асобам у састарэлым узросце, сілы якіх вельмі аслаблі, таксама можна ўдзяліць святое намашчэнне, нават калі ім не пагражае небяспечная хвароба.
Дзецям таксама ўдзяляецца святое намашчэнне ўжо тады, калі яны дасягнулі такой ступені ўсведамлення, што гэты сакрамэнт можа іх умацаваць.
У выпадку няўпэўненасці, ці дасягнулі яны належнага ўсведамлення, сакрамэнт трэба ўдзяліць» (Уводзіны, 8–12).
Своеасаблівае падсумаванне дае Кодэкс Кананічнага Права: намашчэнне хворых можна ўдзяляць верніку, які, дасягнуўшы здольнасці мець здаровае мысленне, апынуўся ў небяспецы смерці з-за хваробы або старасці (пар. кан. 1004).
Як відаць з дакументаў Касцёла, не кожны хворы мае права прыступіць да гэтага сакрамэнту, а толькі той, каму пагражае смерць.
Аднак варта памятаць, што поўная ўпэўненасць у цяжкай хваробе не патрабуецца, дастаткова праўдападабенства такога стану або рэкамендацыі ўрача. «Паказаннем» для намашчэння з’яўляецца таксама хірургічнае ўмяшальніцтва, якое найчасцей звязана з небяспечнай хваробай або стратай жыцця.
Асобам састарэлага ўзросту сакрамэнт хворых можна ўдзяляць нават тады, калі яны адчуваюць сябе добра (г.зн. не маюць смяротнай хваробы), бо сама старасць нясе з сабой небяспеку смерці. Аднак калі састарэлы чалавек ужо прымаў сакрамэнт намашчэння хворых і стан яго здароўя стабільны, то няма неабходнасці зноў прымаць намашчэнне. Калі ж старэйшая асоба захварэе, то абставіны разглядаюцца, як пры цяжка хворых.
- Падрыхтоўка да сакрамэнту
Сакрамэнт намашчэння хворых прымаецца ў стане асвячальнай ласкі (чалавек не мае цяжкога граху і паяднаны з Богам праз сакрамэнт пакаяння).
Калі чалавек адчувае, што мае разарваную сувязь з Богам з-за граху, то перад прыняццем намашчэння трэба прыступіць да сакрамэнту пакаяння (да споведзі). Выключэннем можа быць толькі непрытомны стан хворага.
- Што дае сакрамэнт намашчэння хворых?
Прымаючы намашчэнне чалавек спадзяецца атрымаць ад Бога аздараўленне цела. Аднак Касцёл, удзяляючы гэты сакрамэнт, на першае месца ставіць зусім іншыя дары і ласкі. Кажа аб гэтым Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла:
У Кампендыі Катэхізісу Каталіцкага Касцёла чытаем:
«Сакрамэнт намашчэння хворых удзяляе асаблівую ласку, якая найбольш глыбока яднае хворага з мукай Хрыста дзеля дабра самога хворага і ўсяго Касцёла, адорвае хворага суцяшэннем, спакоем, мужнасцю, а таксама прабачэннем грахоў, калі хворы не мог прыступіць да споведзі.
Гэты сакрамэнт дае, калі гэтага хоча Бог, таксама фізічнае аздараўленне. У любым выпадку, гэтае намашчэнне рыхтуе хворага да пераходу ў дом Айца».
(Кампендый, 319)
Як бачым з вышэйсказанага, успамін Маці Божай з Люрда і злучаны з ім абрад сакрамэнту намашчэння хворых — гэта не магічны рытуал, які дазваляе атрымаць фізічнае здароўе чалавеку. Гэта яшчэ адна прылада збаўлення, дадзеная Хрыстом Касцёлу, каб, добраахвотна яднаючыся з цярпеннем, пакутамі і смерцю Хрыста, чалавек мог выпрошваць і атрымліваць ласкі збаўлення.