Пошук

30.11.2020 11:51   Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў ККББ / Catholic.by
Пакліканне да апостальства Пятра і Андрэя. Мастак Ларэнцо Венецыяна / gallerix.ru

30 лістапада ў Касцёле адзначаецца свята святога апостала Андрэя.

Найчасцей з асобай гэтага Апостала, якога Езус Хрыстус першым паклікаў ісці за сабою, звязваюць Андрэйкі і вясёлыя забавы перад Адвэнтам.

Сёлета, калі Адвэнт ужо распачаўся, прапануем разам са святым Янам Залатавусным паразважаць над самым неверагодным адкрыццём у жыцці апостала Андрэя.

Менавіта ён сказаў свайму брату Пятру: «Мы знайшлі Месію», і прывёў яго да Збаўцы.

«Гамілія да св. Евангелля паводле Яна» св. Яна Залатавуснага

(Hom. 19, 1: PG 59, 120–121)

«Мы знайшлі Месію»

Андрэй застаўся ў Езуса і даведаўся пра многае ад Яго, але не затоіў скарбу, а спешна пабег да свайго брата, каб зрабіць яго супольнікам Хрыста. Звярні ўвагу на тое, што ён сказаў свайму брату: «Мы знайшлі Месію (гэта значыць Хрыста)» (Ян 1, 41).

Бачыш, якім чынам ён паказвае тое, пра што даведаўся за кароткі час?

З аднаго боку Андрэй сведчыць пра моц, з якою Настаўнік пераконваў сваіх вучняў, а з другога боку выяўляе стараннае імкненне саміх вучняў, якія шукалі гэтага ўжо ад пачатку.

Словы Андрэя сказаны ад душы, якая горача жадала з’яўлення Месіі, чакала з вялікай радасцю Ягонага прыйсця з неба, а пасля таго, як Ён з’явіўся, паспяшалася расказаць пра ўсё гэта іншым. Словы Андрэя былі праяўленнем братэрскай прыхільнасці, сваяцкай любові і шчырага пачуцця, а таксама жаданнем працягнуць руку братам у духу.

Звярні ўвагу і на тое, які пакорлівы і паслухмяны ад самага пачатку дух Пятра. Ён прыбягае адразу без ніякага прамаруджвання. Евангелле кажа: «І прывёў яго да Езуса» (Ян 1, 42).

Няхай ніхто не абвінавачвае Пятра ў даверлівасці, маўляў, ён, асабліва не разважаючы, прыняў сказанае. Напэўна, брат усё дакладна і дэталёва яму распавёў, бо евангелісты шмат што скарачаюць, імкнучыся да сцісласці.

Зрэшты, не гаворыцца, што Пётр адразу паверыў, але што Андрэй прывёў яго да Езуса, каб той даведаўся пра ўсё сам.

Разам з ім быў яшчэ іншы вучань, які таксама прыйшоў для гэтага.

Калі Ян Хрысціцель гаварыў: «Вось Баранак Божы» і: «Вось той, хто хрысціць Духам Святым» (пар. Ян 1, 29. 33), то справу высвятлення гэтага ён пакідае Хрысту. Гэтак жа і Андрэй, які не толькі не палічыў сябе здольным усё растлумачыць, але і прывёў да самой крыніцы святла брата, які, узрадаваўшыся, так паспяшаўся, што не марудзіў ні хвіліны.

Пераклад на беларускую мову: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў ККББ.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.