Пошук

09.11.2020 09:11   Паводле: Brewiarz.pl / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: pepesangiovanni.it

9 лістапада ў Касцёле адзначаецца свята гадавіны пасвячэння рымскай базылікі святога Яна на Латэране.

Многія людзі лічаць, што галоўны папскі касцёл — гэта славутая ватыканская базыліка святога Пятра. Тым не менш, гэта не так.

Менавіта латэранская базыліка святога Яна з’яўляецца катэдрай Папы — біскупа Рыма.

Яна адыграла важную ролю ў гісторыі хрысціянства, і таму ў Касцёле існуе спецыяльнае свята ва ўспамін гадавіны яе пасвячэння. Латэранская базыліка — адна з чатырох вялікіх базылік Рыма. Латэран — гэта назва месца, дзе пабудавана базыліка, якое раней было землеўладаннем сям’і патрыцыяў Плаўтыяў Латэранаў. Пры імператар Нероне іх маёнтак быў канфіскаваны, а імператар Канстанцін Вялікі падараваў яго Папу святому Сільвестру І (314–335 гг.). Да 1308 г. былы палац Латэранаў быў папскай рэзідэнцыяй.

Фота: pepesangiovanni.it

Калі ў 313 г. Канстанцін Вялікі выдаў эдыкт, якім афіцыйна дазволіў вызнаваць хрысціянскую веру, ён загадаў пабудаваць побач з латэранскім палацам велічную святыню ў гонар Хрыста Збаўцы, святога Яна Хрысціцеля і святога Яна Евангеліста. Яна стала першай рымскай катэдрай, а палац побач з ёю — рэзідэнцыяй біскупаў Рыма, Папаў. Яе пасвячэнне здзейсніў Папа святы Сільвестр І 9 лістапада 324 г.

На працягу стагоддзяў тут жыў 161 Папа і прайшло пяць Сусветных Сабораў.

Латэранская базыліка перастала быць папскай рэзідэнцыяй з часоў Авіньёнскага палону на пачатку XIV ст. У 1377 г. Папа Грыгорый ІХ перанёс сваю сядзібу ў Ватыкан.

Фота: pepesangiovanni.it

Але Латэранская базыліка да сённяшняга дня захоўвае сваё выключнае значэнне. У адрозненне ад трох іншых патрыяршых касцёлаў Рыма толькі яна мае тытул архібазылікі. Кожны новаабраны біскуп Рыма адпраўляецца сюды ва ўрачыстай працэсіі.

Над уваходам у святыню змешчаны надпіс на лацінскай мове, які найлепш адлюстроўвае асаблівае значэнне і ролю гэтага касцёла: Mater et Caput omnium Ecclesiarum Urbis et Orbis — «Маці і Галава ўсіх касцёлаў Горада і свету».

Менавіта тут Папы цэлебравалі Імшу на распачацце Вялікага посту. Тут у Пальмовую нядзелю ўсталёўваецца трыумфальная арка ў гонар уваходу Караля мучанікаў. Тут Папа цэлебруе святую Імшу Хрызма ў Вялікі чацвер.

Фота: avvenire.it

Латэранская базыліка святога Яна толькі крыху меншая за ватыканскую базыліку святога Пятра і базыліку святога Паўла за мурамі. Унутраная прастора святыні падзелена калонамі на пяць наваў.

Вельмі велічна глядзіцца франтон базылікі, на якім усталяваныя пятнаццаць фігур па сем метраў вышынёю: Хрыста, св. Яна Хрысціцеля, св. Яна Евангеліста і доктараў Касцёла.

З балкону, размешчанага па цэнтры франтону, Папы ўдзялялі людзям апостальскае благаслаўленне.

Фота: vatican.va

Усярэдзіну вядуць пяць вялізных парталаў. У галоўнай наве змешчаны дванаццаць велічных фігур Апосталаў і прарокаў, а ў бакавых навах — надмагіллі Папаў.

За галоўным алтаром пад балдахінам, на якім святую Імшу цэлебруе толькі Папа, знаходзіцца велічны прэзбітэрый, у канцы якога каля сцяны на прыступках стаіць папскі трон з белага мармуру, аздоблены мазаікай з каштоўных камянёў.

Да базылікі прыбудаваны баптыстэрый, або хрысцільня — асобная капліца з купеллю, дзе катэхуменаў хрысцілі праз акунанне. Капліца носіць імя Канстанціна, бо ўсярэдзіне яна аздоблена абразамі, якія адлюстроўваюць жыццярыс гэтага імператара.

«Святая лесвіца». Фота: blogspot.com

Побач з базылікай размешчаны асобны будынак, узведзены па распараджэнні Папы Сікста V у 1589 г., дзе знаходзіцца т.зв. scala sancta — «святая лесвіца».

Паводле падання, гэтая лесвіца калісьці знаходзілася ў рымскай прэторыі ў Ерузалеме, і менавіта па ёй Хрыстус ішоў на суд Пілата.

Яна была дастаўлена ў Рым у 326 годзе св. Аленай, маці Канстанціна Вялікага. Сходы гэтай лесвіцы пабожныя пілігрымы так выцерлі каленямі, што на іх утварыліся глыбокія каляіны.

Вернікі на «святой лесвіцы». Фота: Рinterest.com

Для іншых рымскіх базылік у Агульным рымскім календары ёсць толькі ўспаміны гадавінаў іх пасвячэння: бызылік Пятра і Паўла — 16 лістапада, а святой Марыі Вялікай — 5 жніўня.

Аднак гадавіна пасвячэння Латэранскай базылікі адзначаецца як свята — так, як у кожнай дыяцэзіі адзначаецца гадавіна пасвячэння катэдральнага касцёла.

Такім чынам падкрэсліваецца, што базыліка святога Яна з’яўляецца як быццам катэдральным касцёлам для ўсяго каталіцкага свету.

Фота: xacobeo.fr

Абноўлена 09.11.2020 13:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.