Пошук


Тытул «вялікая базыліка» уведзены ў 1300 г. булай Баніфацыя VIII, у адпаведнасці з якой гэты год быў абвешчаны Святым.

У дакуменце вялікімі абвяшчаліся рымскія базылікі св. Пятра і св. Паўла. У 1350 Юбілейным годзе базыліка св. Яна на Латэране была названа папам Клімэнтам VI трэцяй вялікай базылікай, а ў 1390 г. Санта-Марыя-Маджорэ стала чацвёртай і апошняй у спісе вялікіх папскіх базылік Рыма.

Базыліка святога Пятра з’яўляецца адзінай вялікай базылікай, якая знаходзіцца на тэрыторыі Дзяржавы-горада Ватыкан, астатнія святыні размешчаны на тэрыторыі сталіцы Італіі, але маюць экстэрытарыяльны статус, устаноўлены Латэранскімі пагадненнямі 1929 г. паміж Святым Пасадам і італьянскім урадам. Сёння ўсе чатыры святыні па-ранейшаму з’яўляюцца ключавымі месцамі для пілігрымаў. Наведванне вялікіх папскіх базылік застаецца адной з умоваў атрымання адпусту ў Юбілейны год.

Першая ў іерархіі вялікіх папскіх базылік — Латэранская базыліка св. Яна (Сан-Джаванні-ін-Латэрано), што звязана са знаходжаннем у гэтым касцёле катэдры Папы як біскупа Рыма. Акрамя таго, гэтая базыліка з’яўляецца самай старажытнай з чатырох вялікіх папскіх базылік.

Катэдра Рыма, як і базылікі св. Пятра і св. Паўла, была заснавана ў эпоху рымскага імператара Канстанціна. Палац пры першапачатковай базыліцы быў папскай рэзідэнцыяй да 1305 г. У Латэранскім палацы праводзіліся пяць Сабораў, якія атрымалі аднайменную назву. Акрамя таго, да XVI стагоддзя ў старым палацы знаходзіліся Святыя сходы, па якіх, паводле падання, падымаўся на суд Езус.

У сувязі з юбілейным 1650 годам папа Інацэнт Х даверыў вядомаму архітэктару Франчэско Бараміні перабудову ўнутранай прасторы базылікі. Інтэр’ер з тых часоў стаў больш прасторным і велічным, выкананым у барочным стылі. Аднак фасад Латэранскай базылікі набыў сваё сучаснае аблічча толькі ў XVIII ст. На балюстрадзе святыні размешчаны 16 статуй: у цэнтры фігура Хрыста ў атачэнні св. Яна Хрысціцеля і св. Яна Багаслова. Цэнтральныя брамы базылікі ўзыходзяць да эпохі антычнага Рыма, крайнія справа дзверы — Святыя брамы.

Творы мастацтва ў правай наве да гэтага часу маюць асаблівы сэнс для пілігрымаў Юбілейнага года. Тут знаходзіцца фрагмент фрэскі «Папа Баніфацый VIII, які абвяшчае Святы 1300 год», якую прыпісваюць Джота. У цэнтры базылікі ўзвышаюцца надалтарны балдахін, у верхняй частцы якога знаходзяцца пагрудныя скульптуры апосталаў Пятра і Паўла з пазалочанага срэбра, унутры якіх — іх святыя рэліквіі. Унутры папскага алтара, перабудаванага ў XIX ст., знаходзіцца драўляная падстаўка, на якой, паводле падання, цэлебравалі Імшу ўсе Папы раннехрысціянскай эпохі. У гады Другой сусветнай вайны Латэранскі сабор служыў прытулкам для палітычных дзеячаў, габрэяў, сіротаў.

У красавіку 1506 г. папа Юлій ІІ прысутнічаў пры закладцы першага каменя новай базылікі святога Пятра на месцы антычнай, узведзенай у эпоху імператара Канстанціна.

У часы папы Паўла V быў абраны канчатковы варыянт планіроўкі будынка ў выглядзе крыжа.

Фасад святыні мае ў вышыню 48 метраў і распасціраецца на 119 метраў у даўжыню, у яго цэнтры — Лоджыя благаслаўленняў, адкуль Папа благаслаўляе «горад і свет». Пабудова новай базылікі і асабліва яе купала аказала моцны ўплыў на касцёльную архітэктуру. Гэтая базыліка да 1989 г. заставалася самым вялікім касцёлам хрысціянскага свету.

Адным з важных скарбаў базылікі з’яўляецца мазаіка «Навічэлла», размешчаная над цэнтральнымі знешнімі дзвярыма і выкананая на аснове праекта Джота пачатку XIV ст. «Навічэлла» ўяўляе сабой карабель, які сімвалізуе хрысціянскі Касцёл. Звяртае на сябе ўвагу бронзавы балдахін пад купалам сабора. Ён узвышаецца над папскім алтаром, які, у сваю чаргу, знаходзіцца над грабніцай св. Пятра, усталяванай на ўзроўні старажытнай базылікі. У алтарнай прасторы Джаванні Ларэнцо Берніні збудаваў кафедру св. Пятра з крэслам IV ст., якое падтрымліваюць фігуры доктараў Касцёла.

У базыліцы св. Пятра знаходзіцца больш за 100 грабніц, сярод якіх пахаванні 91 Папы, а таксама св. Ігнацыя Антыяхійскага, імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Атона ІІ, каталіцкага прэтэндэнта на англійскі трон Джэймса Фрэнсіса Эдуарда Сцюарта, яго жонкі і двух сыноў, шведскай каралевы Крыстыны, якая адмовілася ад трона з тым, каб перайсці ў каталіцтва, і іншых вядомых дзеячоў.

Базыліка св. Паўла за мурамі (Сан-Паоло-фуоры-ле-мура) — святыня, якая ўзносіцца на месцы меркаванага пахавання апостала Паўла. Першая базыліка была пабудавана на гэтым месцы ў часы рымскага імператара Канстанціна Вялікага. Ужо з V ст. святыня з’яўляецца адным з самых грандыёзных культавых збудаванняў хрысціянскага свету, але ў ліпені 1823 года моцны пажар знішчыў базыліку. Аднаўленчыя працы пачаліся ў 1832 г. Тое, што можна ўбачыць сёння, — дакладная рэканструкцыя планіроўкі і памераў папярэдняй базылікі, але не яе першапачатковага інтэр’ера. Унутры святыні знаходзіцца доўгі шэраг мазаічных медальёнаў з партрэтамі ўсіх Пантыфікаў.

Самай старажытнай і самай вялікай базылікай, прысвечанай Маці Божай, з’яўляецца вялікая базыліка Найсвяцейшай Панны Марыі (Санта-Марыя-Маджорэ). Яна была ўзведзена па загадзе Сікста ІІІ у памяць Сабору ў Эфесе 431 г. Сучасны выгляд базылікі складаўся на працягу стагоддзяў. Так, яе фасад тыповы для XVIII ст. і выклікае эфект сцэнічнай дэкарацыі, званіца пабудавана ў XIV ст. і яе вяршыня — самая высокая ў Рыме. Крайнія злева з пяці дзвярэй базылікі — Святыя дзверы, адчыняюцца яны раз на 25 гадоў, як і аналагічныя дзверы ў саборы св. Пятра, Латэранскім саборы і базыліцы св. Паўла. Перад галоўным алтаром Санта-Марыя-Маджорэ знаходзіцца крыпта, у якой захоўваюцца часткі Хрыстовых ясляў.

Такім чынам, гэтыя чатыры базылікі невыпадкова называюцца вялікімі: яны ўзыходзяць да IV–V стагоддзяў, у іх знаходзяцца бясцэнныя рэліквіі, папскія алтары і Святыя дзверы. Гэтыя святыні працягваюць заставацца асноўнай часткай маршруту пілігрымаў па Вечным горадзе.

Абноўлена 24.07.2018 22:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця