Пошук

18.09.2020 11:20   Паводле: Івона Бігас / naszswiat.it / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Саркафаг св. Станіслава Косткі ў рымскім касцёле св. Андрэя на Квірынале. Фота: Wikimedia Commons

18 верасня Касцёл адзначае ўспамін святога Станіслава Косткі — апекуна моладзі, прыклад якога адыграў вялікую ролю ў станаўленні духоўнасці маладога Караля Вайтылы — будучага Папы Яна Паўла ІІ.

«Святы Станіслаў Костка хацеў „больш“ і „мацней“. Хацеў больш любіць і служыць. Хацеў зрабіць сваё жыццё дарам для Бога, для Касцёла, для іншых — і гэта яму выдатна ўдалося», — сказаў найбліжэйшы супрацоўнік святога Папы Яна Паўла ІІ кардынал Станіслаў Дзівіш два гады таму ў гаміліі, прамоўленай падчас галоўных юбілейных урачыстасцяў у гонар святога Станіслава Косткі, апекуна дзяцей і моладзі, з нагоды 450-годдзя яго смерці.

Іерарх падкрэсліў, што, хоць мінула ўжо так шмат часу з яго адыходу, а святы Станіслаў «не перастае прамаўляць, натхняць і прысутнічаць у веры і свядомасці Касцёла», якому пакінуў «таямніцу мудрага і святога жыцця».

Кардынал Дзівіш правёў паралель паміж двума святымі — Станіславам Косткай і Янам Паўлам ІІ.

«Малады Караль Вайтыла добра ведаў жыццё святога Станіслава Косткі, культ якога быў вельмі жывым у даваенны час, у парафіях і асяродках каталіцкай моладзі, асабліва ў групах Марыянскай садаліцыі — пабожнага таварыства, да якога належаў будучы Папа. [Да яго ў маладосці належаў таксама першы ў сучаснай гісторыі Беларусі кардынал Казімір Свёнтэк — заўв. перакл.]

Распачаўшы ў 1938 годзе вучобу ў Ягелонскім універсітэце, ён разам з бацькам пасяліўся на тэрыторыі парафіі святога Станіслава Косткі ў кракаўскіх Дубніках. [Малады Караль Вайтыла часта там маліўся ў капліцы Маці Божай Дапамогі хрысціянаў. Менавіта там 3 лістапада 1946 года ўжо як святар ён упершыню цэлебраваў святую Імшу з удзелам вернікаў — заўв. аўтара].

Фота: Kurier Przesnyski

Падчас двухгадовага навучання ў Рыме ў 1946–1948 гадах па дарозе ва ўніверсітэт ён штодзённа праходзіў каля касцёла святога Андрэя на Квірынале і кожны раз заходзіў у святыню, каб памаліцца перад саркафагам святога Станіслава. Ужо будучы біскупам і кардыналам, ён наведваў месца пахавання нашага маладога святога падчас частых падарожжаў у Вечны горад, а як Папа таксама цэлебраваў Імшу ля саркафага святога з Расткова [месца нараджэння святога Станіслава Косткі — заўв. перакл.].

Святы Станіслаў Костка і святы Ян Павел ІІ жылі ў розныя эпохі, і па-рознаму склаліся шляхі іх жыцця і служэння ў Касцёле. Тым не менш мы можам адшукаць паміж імі пэўныя падабенствы ў іхняй духоўнасці.

Малады Караль Вайтыла актыўна ўдзельнічаў у жыцці сваёй роднай вадавіцкай парафіі. Ён быў руплівым міністрантам. У суровыя ваенныя гады ў ім саспела пакліканне да святарства. Ён таксама ўсур’ёз задумваўся пра манаскае жыццё ў ордэне кармэлітаў.

Будучы Папа таксама меў высокія намеры. Ён шмат ад сябе патрабаваў і ставіў перад сабой высокія мэты. Ён мог смелы кіравацца дэвізам святога Станіслава: „Я створаны для вышэйшых рэчаў“, а ў ягоным выпадку гэта азначала прыняцце ўсё большай адказнасці ў Касцёле.

Кардынал Караль Вайтыла са студэнтамі. Фота: i.pinimg.com

Так было ў кракаўскі перыяд, і так было з 16 кастрычніка 1978 года, калі па распараджэнні Божага Провіду ён стаў біскупам Рыма і пастырам паўсюднага Касцёла. Шлях яго жыцця і служэння, як і святога Станіслава Косткі, завяршыўся ў Рыме, а да месца яго пахавання сёння штодзённа пілігрымуюць натоўпы вернікаў з усяго свету.

Святы з Расткова і святы з Вадавіцаў засталіся ў Вечным горадзе, а іх святасць узбагачае ўвесь Касцёл», — падкрэсліў кардынал Станіслаў Дзівіш, які заставаўся верным супрацоўнікам святога Яна Паўла ІІ на працягу ўсяго яго пантыфікату.

Яшчэ як кардынал 30 мая 1970 года ля саркафага святога Станіслава Косткі Караль Вайтыла сказаў: «У гэтым святым было штосьці вельмі наша: і гэтая вялікая ўнутраная адчувальнасць, сумленнасць славянская <…>, а таксама нейкае непераадольнае імкненне да таго, што добрае і сапраўднае».

Фота: John Paul II Foundation

13 лістапада 1988 года Ян Павел ІІ распачаў другое дзесяцігоддзе свайго пантыфікату малітваю на рымскім Квірынале, стоячы на каленях перад саркафагам святога Станіслава Косткі. З сабранымі вернікамі ён падзяліўся сваімі асабістымі думкамі і перажываннямі.

«„Мала пажыўшы, пражыў шмат часоў“. Мы ўсе ведаем гэтыя словы, якія з’яўляюцца падсумаваннем жыцця нашага святога — асобы сапраўды незвычайнай. За такі непрацяглы час ён змог дасягнуць вялікай сталасці хрысціянскага і манаскага паклікання. Гэты святы апякун моладзі даўно мне спадарожнічае, у часы маладосці і потым, пастаянна. Ён суправаджаў мяне ў Рыме, калі я быў студэнтам. Амаль штодзённа я прыходзіў шукаць у яго духоўнага святла і дапамогі <…>.

Яго кароткі жыццёвы шлях з Расткова ў Мазовіі праз Вену ў Рым быў як быццам бегам з перашкодамі да той мэты жыцця кожнага хрысціяніна, якой з’яўляецца святасць. Калі мы бачым перад сабою гэтую незвычайную асобу, нашыя думкі скіроўваюцца да моладзі ўсяго свету», — адзначыў Вялікі Папа.

Таму святы Станіслаў Костка — выдатны апякун для моладзі (і не толькі) у сённяшні няпросты час, бо яго прыклад дапамагае не забывацца пра тое, што самае галоўнае ў жыцці кожнага чалавека.

Фота: Wikimedia Commons

Абноўлена 18.09.2020 12:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа