Пошук

06.08.2020 06:08   Паводле: Вrewiarz.pl / czytelnia / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Перамяненне. Мастак Джаванні Бэлліні / Wikipedia.org

6 жніўня Касцёл адзначае свята Перамянення Пана, якое з’яўляецца не проста ўспамінам пэўнай падзеі з жыцця Хрыста і Яго Апосталаў, але таксама накладае на сённяшніх хрысціянаў абавязак няспыннага духоўнага перамянення.

Сутнасць свята

Сёння Евангелле вядзе нас разам з Хрыстом, Пятром, Якубам і Янам на вяршыню высокай гары. Там Езус перамяніўся на вачах у выбраных вучняў. Яго аблічча заззяла, нібы сонца, а адзенне стала асляпляльна белым.

Апосталы былі ў захапленні ад гэтага незвычайнага відовішча, хоць ім дадзена было ўбачыць толькі слабое адлюстраванне адвечнай хвалы Айца, у якую пасля ўваскрасення ўвайшоў Езус.

Гэтая падзея засталася таямніцай для іншых вучняў. Яны даведаліся пра Перамяненне толькі пасля таго, як уваскрослы Хрыстус узышоў на неба.

Відавочна, што Евангелісты лічылі гэтую падзею надзвычай важнай, паколькі яго апісалі трое з іх: святы Мацвей (Мц 17, 1–9), святы Марк (Мк 9, 1–8) і святы Лука (Лк 9, 28–36). Таксама і святы Пётр у адным са сваіх пасланняў узгадваў пра Перамяненне Пана (2 П 1, 16–18). Яно адбылося праз шэсць дзён або праз тыдзень пасля таго, як Пётр урачыста вызнаў Боства Хрыста ў ваколіцах Цэзарэі Філіпавай (Мц 16, 13–20; Мк 8, 27–30; Лк 9, 18–21).

Дзе адбылося Перамяненне

Святы Кірыл Ерузалемскі († 387) першым выказаў думку пра тое, што гара, на якой адбылося Перамяненне Пана, — гэта Табор у Палестыне. З ім пагаджаецца святы Геранім († каля 420) і ўся ранняя традыцыя Айцоў Касцёла.

Насамрэч гара Табор, каля якой нядаўна знайшлі муры старажытнага касцёла, з даўніх часоў лічылася святою.

У апісанні гэтай незвычайнай падзеі ўзгадваецца адна дэталь: апынуўшыся на гары, Апосталы-фаварыты адразу ж паснулі. І не дзіўна: пасля цяжкага шасцідзённага падарожжа яны, відаць, былі вельмі стомленыя ўзыходжаннем на вяршыню.

У Старым Запавеце не раз гаворыцца, што Ягвэ з’яўляецца ў воблаку (гл. Зых 40, 34; 1 Сам 8, 11). Таксама падчас Перамянення з’явілася воблака, якое ахінула Хрыста, Майсея і Іллю. Голас Божы з воблака канчаткова пераканаў вучняў у тым, што яны прысутнічаюць пры асаблівым аб’яўлені Бога. Таму Евангеліст піша, што сведкі гэтай падзеі моцна спалохаліся.

Назва свята

Нашая назва свята Перамянення Пана не зусім дакладна перадае сэнс яго грэцкага адпаведніка Μεταμόρφωση (гл. Мк 9, 2), што мае нашмат глыбейшае значэнне. У перакладзе з грэцкай мовы гэтае слова азначае змену знешняй формы, абрысаў; пераход з адной формы ў іншую.

Хрыстус з’явіўся перад вучнямі ў такім выглядзе, якім Ён з’яўляецца па сваёй натуры і сутнасці — Сынам Божым.

Перамяненне дазволіла вучням зразумець, наколькі нікчэмнае і няпоўнае іх уяўленне Бога.

Хрыстус перамяніўся на вачах Апосталаў для таго, каб у хвіліну выпрабавання іх вера ў Яго не пахіснулася. Евангеліст апавядае, што Ілля і Майсей размаўлялі з Хрыстом пра Яго Муку. Гэта павінна было растлумачыць вучням Хрыста ўсе прароцтвы, якія прадказвалі прыйсце Месіі — Адкупіцеля чалавечага роду. Гэтая падзея дакладна моцна ўрэзалася ў памяць тых, хто яе назіраў, бо і праз шмат гадоў Пётр узгадвае пра Перамяненне ў сваім пасланні (гл. 2 П 1, 16–18)

Гісторыя свята

Урачыстасць Перамянення Пана на Усходзе пачала адзначацца ўжо ў VI стагоддзі. Яна была найбольш важным летнім царкоўным святам.

На Захадзе як свята, абавязковае ва ўсім Касцёле, яго ўвёў Папа Калікст ІІІ, што стала выразам падзякі Боггу за перамогу хрысціянскага войска пад Белградам 6 жніўня 1456 года.

На чале войскаў стаяў венгерскі палкаводзец Янаш Хуньядзі, а абарону і бітву падрыхтаваў святы Ян Капістран. Аднак шмат дзе католікі адзначалі гэтае свята ўжо ў VII стагоддзі.

Духоўнае значэнне

Свята Перамянення Пана нагадвае пра тое, што Езус можа ў любую хвіліну перамяніць наш лёс. Яно мае яшчэ адзін радасны эсхаталагічны аспект і сведчыць пра тое, што настане час, калі Пан Бог пераменіць нас усіх, і нават нашыя целы ўвойдуць у Яго хвалу.

Таму свята Перамянення — гэта дзень вялікай радасці і надзеі на тое, што наша існаванне не абмежавана жыццём на зямлі, якое калісьці скончыцца; што пасля яго мы ўвойдзем у вечную хвалу і нязгаснае святло Божага Валадарства.

Перамяненне Пана — не проста ўспамін важнай падзеі з мінулага. Гэта не толькі надзея на ўваскрашэнне і перамяненне нас саміх. Гэта таксама пакінуты Езусам наказ, пэўнае заданне для ўсіх Яго вызнаўцаў.

Умоваю нашага эсхаталагічнага перамянення з’яўляецца няспынная духоўная перамена, паслядоўнае прыпадабненне да Хрыста. Гэтая перамена пачынаецца на зямлі, каб у вечнасці магла дасягнуць сваёй паўнаты. На шляху да вечнасці вучань Хрыста павінен быць верны свайму Настаўніку ў думках, словах і паводзінах.

Хрыстус абяцае, што мы будзем валадарыць разам з Ім там, дзе за Пятром зможам паўтарыць: «Пане, добра нам тут быць». Каб так сапраўды сталася, ужо цяпер нам неабходна памятаць пра тое, што для нас падрыхтаваў Бог, і кожны дзень жыць Яго словам і Целам.

Ён хоча, каб мы з даверам настойліва ўзносілі да Яго малітвы, служылі Яму ў бліжніх, развівалі ў сабе цноты.

Такое імкненне стане адказам на заклік святога апостала Паўла: «Перамяняйцеся праз абнаўленне розуму, каб вы пазналі, якая воля Божая, што добрае, прыемнае і дасканалае» (Рым 12, 2).

Абноўлена 06.08.2020 14:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця