У 1930 г. кс. Адам Сікора нёс служэнне ў якасці вікарыя ў Барыслаўлі (Польшча). Аднойчы вечарам, калі ён ужо быў у ложку і засынаў, нехта моцна пагрукаў у закрытую аканіцу. «Прашу прыйсці да хворага, які памірае ў доме па вул. Сабельскага, 50 на другім паверсе», — сказаў нехта.
Ксёндз устаў, выйшаў на ганак, каб паглядзець, хто яго турбуе, але нікога не было. Вярнуўшыся ў дом, святар ізноў лёг, але праз кароткі час пачуў паўторны стук і настойлівую просьбу ісці «да хворага». Святар выйшаў на ганак, але чалавека, які яго клікаў, не было. Падумаўшы, што гэта нейкая правакацыя, святар вырашыў нікуды не ісці.
Ён лёг у ложак, але гэтым разам апрануты, каб калі што, хуценька прасачыць, хто ж яго турбуе. Праз імгненне праз закрытыя дзверы ў дом без стуку увайшоў пажылы мужчына і, наблізіўшыся да ложка, схапіў ляжачага святара, выкінуў яго з ложка і суровым, пабуджальным голасам паведаміў: «Зараз жа ідзі па названым адрасе, бо той чалавек памірае!» Пасля гэтых слоў таямнічая постаць знікла.
Святар зразумеў, што мае справу з якойсці надзвычайнай матэрыяй, супраціўляцца якой не варта. Ён заспяшаўся ў касцёл, узяў з табернакулюма Найсвяцейшы Сакрамэнт, святыя алеі і пайшоў на вул. Сабельскага, 50. Пазваніўшы ў браму, ён растлумачыў вартаўніку, што яго паклікалі да хворага.
Здзіўлены вартаўнік адказаў, што не ведае, каб тут хтосьці хварэў і тым больш клікаў святара ў такі позні час. Тады ксёндз расказаў, што трайным стукам у дзверы яго нехта настойліва зваў у гэты дом, бо на другім паверсе тут памірае чалавек. Вартаўнік прыгадаў, што фактычна там ёсць хворы ўрач, але гэты чалавек няверуючы, які можа і не прыняць святара. На просьбу ксяндза ён правёў яго на другі паверх і паказаў на кватэру з хворым.
У дзвярах паказалася жонка ўрача і спытала: «Што прывяло святара ў такі час сюды? Ні муж, ні я не прасілі аб гэтым, бо абое мы няверуючыя; ксёндз хвалюецца дарэмна ». Той, аднак, расказаў, што да хворага яго паклікаў нейкі пажылы мужчына, назваўшы дакладны адрас і прымусіўшы прыйсці сюды.
Здзіўленая гісторыяй жанчына вырашыла завесці духоўніка да пакоя хворага. Убачыўшы святара, заінтрыгаваны хворы спытаў: «Хто прывёў вас да мяне?» Ксёндз распавёў яму пра загад пажылога мужчыны з сівой барадой, які проста выкінуў яго з ложка і загадаў спяшацца да хворага па названым адрасе. Урач засяродзіўся ў сабе і папрасіў жонку прынесці з суседняга пакоя абраз, які вісеў там на сцяне. Ксёндз пазнаў, што менавіта чалавек з абраза загадваў яму прыйсці да хворага...
Тады ўрач разгубленым і дрыжачым голасам расказаў, як яго паміраючая маці перадала яму гэты абраз св. Юзафа разам з перапісанай на картцы малітвай аб шчаслівай смерці і загадала яму, каб маліўся гэтымі словамі ўсё жыццё. І казаў далей: «Хоць я страціў веру і не верыў у Бога разам з жонкай, усё ж, каб выканаць дадзенае маці слова, я машынальна ўсё ж прагаворваў словы малітвы. Зараз бачу, што св. Юзаф не дазволіў мне памерці марна. Прашу Вас аб своведзі і Камуніі».
Пасля споведзі ўрач прыняў Цела Хрыста і, будучы на дарозе да вечнасці, таксама і сакрамэнт намашчэння хворых, шчыра дзякуючы святару, які прыбыў да яго ў такі час.
Святар выйшаў задаволены пасля ўдзеленай хвораму паслугі і накіроўваўся да выхаду. Але не паспеў ён дайсці да брамы, як яго аклікнула жонка хворага і, плачучы, закрычала: «Ксёндз, мой муж памірае!» Святар вярнуўся, каб памаліцца за канаючага. Пахаванне па каталіцкім абрадзе кс. Адам адправіў пасля па просьбе жонкі памерлага.
Гэту гісторыю пра св. Юзафа, апекуна добрай смерці, расказаў сам кс. Адам Сікора на сустрэчы святароў Пшэмыскай дыяцэзіі ў 1954 годзе.